ЛІТВІ́Н (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 11.5.1951, в. Пятрэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Багатырова). З 1979 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У творчасці адчувальныя класічныя традыцыі, апора на муз. фальклор. Сярод твораў: сімфонія (1976), кантата «Беларуская калыханка» на словы В.Віткі (1977), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра на словы М.Мятліцкага (1993), Фантазія на бел. тэмы для аркестра нар. інструментаў, Сюіта для ансамбля нар. інструментаў, Элегія для кантрабаса, струнных і ўдарных інструментаў; Канцэртная п’еса для актэта драўляных духавых; п’есы для баяна; цыкл хароў «Родныя вобразы» на вершы Я.Коласа і Я.Купалы (1983), песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЯВІ́ЦІНАЎ (Дзмітрый Уладзіміравіч) (26.9.1805, Масква — 27.3.1827),
рускі паэт. Прадстаўнік філас. плыні ў рус. рамантызме. Скончыў Маскоўскі ун-т (1824). Адзін з заснавальнікаў «Таварыства любамудрасці». Рамантычная паэзія Венявіцінава насычана філас. матывамі ў духу шэлінгіянства. Многія вершы прысвечаны высокаму прызначэнню паэта і паэзіі, культу дружбы і братэрства паміж людзьмі. Аўтар любоўных элегій («Запавет», «Элегія», «Да майго пярсцёнка», «Паэт і сябра», «Апошнія вершы» і інш.), паэмы «Еўпраксія» (выд. 1829). Перакладаў з лац., франц. і ням. моў (Вергілій, Ш.Мільвуа, І.В.Гётэ, Э.Т.А.Гофман і інш.). Пісаў філас. і літ.-крытычныя артыкулы.
Тв.:
Полн. собр. соч.М.; Л. 1934;
Стихотворения;
Проза. М., 1980.
Літ.:
Тартаковская Л.А. Дмитрий Веневитинов: (Личность. Мировоззрение. Творчество). Ташкент, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл.Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл.Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл.Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛІ́ЦКІ (Ян) (каля 1485—1520-я г.),
паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЛЕ́ВІЧ (Міхаіл Вікенцьевіч) (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Фёдар Мікалаевіч) (19.6.1786, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 23.2.1880),
рускі пісьменнік, дзекабрыст. Брат С.М.Глінкі. Удзельнік вайны 1812, якую паказаў у «Пісьмах рускага афіцэра» (ч. 1—8, 1815—16). Чл. тайных дзекабрысцкіх т-ваў «Саюз выратавання» (з 1818) і «Саюз працвітання» (1818—21, адзін з кіраўнікоў). У 1819—25 старшыня Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў звольнены са службы (1826) і сасланы ў Петразаводск (да 1830). Аўтар празаічных твораў: «Пісьмы да сябра» (1816—17) і «Нарысы Барадзінскай бітвы» (1839). У яго творчасці ёсць матывы біблейскія (паліт.элегія «Плач палонных іудзеяў», 1823; «Спробы свяшчэннай паэзіі», 1826; «Духоўныя вершы», 1839); фалькл. (паэмы «Дзева карэльскіх лясоў» і «Карэлія», 1828—30), рэлігійныя, містычныя паэмы «Іоў», 1859; «Таямнічая кропля», разам з жонкай А.П.Глінкай, 1861). Вершы «Тройка», «Вязень», «Масква» сталі папулярнымі песнямі.
Тв.:
Соч.М., 1986.
Літ.:
Карпец В.И. Федор Глинка: Ист.-лит. очерк. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Валерый Кірылавіч) (н. 4.1.1948, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. дасягненні ў жанры песні (найб. вядомыя цыкл песень-балад «Будзьце абавязку верныя»; песні «Пахне чабор», «Тапаліны звон», «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок...», «Ты ды я, ды мы з табой», «Каханая» і інш. на вершы бел. паэтаў). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Элегія аб чацвёртай бярозе» на вершы М.Танка (1976); 2 сімфоніі (1974, 1980), сімф. паэма «Прысвячэнне старому гораду» (1979); 2 канцэрты, у т. л. для трубы з арк. (1992); цыкл муз. карцін «Зямля бацькоў» (1977—81); драм. паэма «Сымон-музыка» для арк.нар. інструментаў (1983); п’есы для цымбальнага, у т. л. «Спеў дуброў» (1978), эстр. аркестраў, музыка да тэатр. і радыёпастановак, кіна- і тэлефільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАНО́САЎ (Віктар Іванавіч) (н. 30.4.1936, г. Топкі Кемераўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. Скончыў Краснадарскі пед.ін-т (1962). З 1998 гал. рэдактар час. «Родная Кубань». Друкуецца з 1963. Першая кніга апавяданняў — «Вечары» (1966). У аповесцях «Чалдонкі» (1967), «На вуліцы Шырокай» (1968), «Восень у Тамані» (1971), «Элегія» (1973), рамане «Калі ж мы сустрэнемся?» (1978) і інш. роздум пра лёс радзімы, узаемасувязь часоў і чалавечых лёсаў, пра таямнічасць жаночай душы. Кн. «Ненапісаныя ўспаміны. Наш маленькі Парыж» (1987, Дзярж. прэмія Расіі 1988) — сямейная хроніка з жыцця кубанскіх казакоў у трагічных абставінах 20 ст. Прозе Л. ўласцівы лірычна-філас. пачатак, спалучэнне розных жанраў (апавяданне-песня, аповесць-паэма). Асобныя яго апавяданні на бел. мову пер. Т.Мартыненка, В.Рабкевіч. Міжнар. прэмія імя М.Шолахава 1994.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1984;
Избранное. М., 1993;
Записи перед сном: Повести, рассказы, эссе. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),
армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ ((Bobrowski) Іаганес) (9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.Гаўрук, М.Навіцкі, Я.Семяжон, В.Сёмуха.