ЧАРНІ́ЦКІ Яўген Аляксандравіч (26.7.1932, г. Рамны, Украіна — 1.4.1999),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1974), праф. (1989). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у БСГА, з 1957 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1966 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1974 заг. лабараторыі). Навук. працы па выкарыстанні люмінесцэнтных бялкоў у практыцы, аб механізмах фотаразбурэння клетак. Распрацаваў люмінесцэнтныя экспрэс-метады дыягностыкі саматычных захворванняў, метад фотарадыяцыйнай тэрапіі пухлін. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Люминесценция и структурная лабильность белков в растворе и клетке. Мн., 1972;

Структура и функции эритроцитарных мембран. Мн., 1981 (разам з А.​В.​Вараб’ём);

Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989 (разам з К.​І.​Слабажанінай).

С.​С.​Мельнікаў.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́Н (Aron) Рэймон (14.3.1905, Парыж — 17.10.1983),

французскі філосаф, сацыёлаг. Праф. Кёльнскага (з 1930), у 1956—68 праф. у Сарбоне, з 1970 — у Калеж дэ Франс, потым Берлінскага ун-таў. Паліт. аглядальнік газет «Le Figaro» («Фігаро», з 1947), «L’Express» («Экспрэс», з 1977). Адзін з аўтараў тэорый «адзінага індустрыяльнага грамадства» і «дэідэалагізацыі». Распрацоўваў т.зв. крытычную філасофію гісторыі. Лічыў, што прагрэс навукі і тэхнікі ў 20 ст. параджае пэўныя ідэалы і адначасова робіць немагчымым іх здзяйсненне, што вядзе да масавага песімізму. Драма цывілізацыі, паводле Арона, складаецца з супярэчнасці спосабаў існавання і ідэалаў дэмакр. і індустр. грамадства; дысгармонія гэтых 2 тэндэнцый сучаснай цывілізацыі робіць яе нестабільнай. Асн. працы: «Уводзіны ў філасофію гісторыі» (1938), «Этапы сацыялагічнай думкі» (1967), «Расчараванне ў прагрэсе» (1969), «Прамова ў абарону Еўропы, што дэградзіруе» і інш. Аўтар «Мемуараў» (1983).

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ Мікалай Андрэевіч (н. 1.6.1937, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1994; чл.-кар. 1992), д-р вет. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1964 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага (з 1988 дырэктар). З 1992 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1997 намеснік. Навук. працы па эпізааталогіі прыродна-ачаговых хвароб свойскай і дзікай жывёлы на Беларусі, распрацоўцы экспрэс-метадаў дыягностыкі, спосабаў прафілактыкі і лячэння інфекц. паталогіі жывёл.

Тв.:

Новые методы диагностики зоонозных инфекций. Мн., 1982 (у сааўт.);

Бешенство животных. Мн., 1990 (разам з М.​Р.​Таршысам, П.​П.​Кузняцовым);

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.).

М.А.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫН (Greene) Генры Грэм (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЕЦ-ФІЛІМО́НАВА Алена Рыгораўна (н. 13.10.1932, Мінск),

бел. пісьменніца. Дачка Р.Я.Кобеца. Скончыла Бел. кансерваторыю (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971). Выкладала музыку ў навуч. установах Расіі, Беларусі. У 1971—83 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1959. У творах для дзяцей і юнацтва тэмы дабрыні, любові да роднай зямлі, праблемы экалогіі і маральна-этычныя. Аўтар паэт. зб-каў «Казка пра месяц» (1963), «Залаты ручнік» (1972), аповесцей «Жаваранкі над Хатынню» (1973), «Блакітны экспрэс» (1976; аднайм. п’еса, паст. 1978), рамана «Агні за перавалам» (1985), кнігі нарысаў пра Грэцыю «У каралеўстве... але не казачным» (1968), сцэнарыя мультфільма «Вася Буслік і яго сябры» (паст. 1974). На бел. мову пераклала зб. вершаў грэч. паэта Я.​Рыцаса «Макронісас» (1973).

Тв.:

Читайка и Гуляйка: Сказки. Мн., 1963;

Семь художников: Сказки. Мн., 1965;

Сказки старого Янниса. Мн., 1969;

Лесной барабан: Стихи. М., 1970;

Стой, машинист!: Повесть. М., 1976;

Вянок дзівосаў: Казкі. Мн., 1986.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖЫ́НСКАЯ Браніслава Фамінічна (8.1.1891, Мінск —22.2.1972),

расійская танцоўшчыца, балетмайстар, педагог; адзін з рэфарматараў харэаграфіі 20 ст. Сястра В.Ф.Ніжынскага. Скончыла Пецярбургскую тэатр. школу (1908). У 1908—11 у Марыінскім т-ры. У 1909—13 выступала ў спектаклях Рускіх сезонаў за мяжой; партыі Матылёк («Карнавал» на муз. Р.​Шумана), Вулічная танцоўшчыца («Пятрушка» І.​Стравінскага) і інш. З 1915 выступала і выкладала ў Кіеве. У 1921—24 танцоўшчыца, балетмайстар і рэж. трупы Рускі балет Дзягілева. Ў 1938 засн. балетную школу ў Лос-Анджэлесе, з 1952 кіравала школай «Бале тыэтр» (Нью-Йорк). Да 1966 працавала ў т-рах і трупах свету. Сярод пастановак: «Байка пра Лісу...» (1922), «Вяселейка» (1923), «Пацалунак феі» (1928) Стравінскага, «Лані» Ф.​Пуленка і «Блакітны экспрэс» Д.​Міё (1924), «Эцюды» на муз. І.​С.​Баха і «Варыяцыі» на муз. Л.​Бетховена (1932), «Гамлет» на муз. Ф.​Ліста (1934, і гал. роля). Сярод вучняў А.​Кент, С.Ліфар. Аўтар кн. «Школа руху: тэорыя харэаграфіі» (1920), «Танцавальная спадчына» (выд. 1986) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́ЎСКІ Аляксандр Фёдаравіч (н. 14.9.1938, г. Разань, Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986). Д-р тэхн. н. (1973), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1979). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1960). З 1962 у БДУ, з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1979 дырэктар), адначасова з 1973 заг. кафедры БДУ. У 1997—2002 чл. Прэзідыума Нац. АН Беларусі. Навук. працы па распрацоўцы фізіка-тэхн. метадаў і вымяральна-выліч. сродкаў аўтаматызаванай апрацоўкі інфармацыі. Распрацаваў метады паралельна-канвеернай апрацоўкі інфармацыі, прынцыпы структурнай пабудовы вымяральных пераўтваральнікаў і лічбавых прылад мадулярнай экспрэс-апрацоўкі даных, адпаведную мікраэлектронную элементную базу. Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Дзярж. прэмія СССР 1991.

Тв.:

Статистические методы измерений в экспериментальной ядерной физике. М., 1980 (разам з А.​В.​Патапавым);

Статистический анализ случайных потоков в физическом эксперименте. Мн., 1988 (разам з У.​У.​Апанасовічам, А.​А.​Калядой);

Высокоскоростные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996 (у сааўт.).

А.Ф.Чарняўскі.

т. 17, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙФУ́ЛІН Сакен (Садвакас; 12.6.1894, качавы аул у Джэзказганскай вобл., Казахстан — 25.2.1939),

казахскі пісьменнік, грамадскі дзеяч; пачынальнік новай каз. л-ры. Скончыў Омскую настаўніцкую семінарыю (1916). Настаўнічаў, у 1925—37 працаваў у перыяд. друку. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1910. Асн. ў яго творчасці — тэма рэвалюцыі і буд-ва новага жыцця (паэт. зб-кі «Неўтаймаваны конь», 1922; «Домбра», 1924; «Экспрэс», 1926; «На хвалях жыцця», 1928; п’есы «Шлях да шчасця», нап. 1917; «Чырвоныя сокалы», нап. 1920). Лепшыя традыцыі нар. паэзіі развіваў у паэмах «Разлучаныя лебедзі» (1925), «Саветстан» (1926), «Какчэтаў» (1929), «Альбатрос» (1933). Аўтар гісторыка-мемуарнага рамана «Цяжкі шлях, нялёгкі пераход» (1927), аповесцей «Айша» (1922, перапрацавана ў 1935), «Землякопы» (1928), «Здабыткі» (1935) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў П.​Місько.

Тв.:

Рус. пер. — Тернистый путь. Алма-Ата, 1964;

Хамит в погоне за бандитом: Рассказы. Алма-Ата, 1971;

Стихотворения и поэмы. Л., 1973 (разам з І.​Джансугуравым).

Літ.:

Какишев Т. Сакен Сейфуллин. М., 1972;

Кирабаев С. Сакен Сейфуллин: Критико-биогр. очерк. М., 1973.

Ж.​Сахіеў.

т. 14, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́СЦІ (Christie) Агата (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),

англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.​Марціновіч, В.​Чудаў, К.​Дзмітрыенка, М.​Котаў.

Тв.:

Бел. пер. — Нябожчыкава люстэрка // Замежны дэтэктыў. Мн., 1988;

Апавяданні // Замежны дэтэктыў. Мн., 1991;

Рус. пер. — Пьесы. М., 1991;

Собр. соч. Т. 1—37. Мн., 1997—98.

Літ.:

Кестхейи Т. Анатомия детектива: Пер. с венг. Дебрецен, 1989;

Бавин С.П. Зарубежный детектив XX в. М., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁ (Milhaud) Дарыюс (4.9.1892, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.6.1974),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык. Чл. франц. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1956). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ш.​М.​Відора (кампазіцыя), П.​Дзюка (дырыжыраванне), у «Схола кантарум» у В. д’Эндзі. У 1916—18 працаваў у Бразіліі. Адзін з чл. «Шасцёркі». Удзельнічаў у рабоце Нар. муз. федэрацыі. У 1939—45 у ЗША. У 1945—62 праф. Парыжскай кансерваторыі. У творчасці напачатку захапляўся фармальным наватарствам, праціўнік рамантызму. Пазней прыйшоў да больш ураўнаважанага стылю. У яго музыцы, нярэдка політанальнай, рытмічна імпульсіўнай, дакладна прасочваецца фалькл. аснова. Сярод твораў: оперы «Эўменіды» (3-я частка трылогіі «Арэстэя» паводле Эсхіла, нап. 1922, трылогія поўнасцю з муз. М. паст. ў 1963), «Няшчасці Арфея» (паст. 1926), «Бедны матрос» (паст. 1927), 3 оперы-мінуткі — «Выкраданне Еўропы» (паст. 1927), «Пакінутая Арыядна» і «Вызваленне Тэсея» (паст. 1928), «Хрыстафор Калумб» (паст. 1930), «Максімілян» (паст. 1932), «Балівар» (паст. 1950), «Давід» (паст. 1955), «Злачынная маці» (паст. 1966); балеты «Бык на даху» (паст. 1920), «Стварэнне свету» (паст. 1923), «Блакітны экспрэс» (паст. 1924), «Званы» (паст. 1946), «Галіна птушак» (1959, паст. 1965); кантаты; хар. сімфонія «Мір на зямлі» (1963); 12 сімфоній (1939—61); канцэрты для інструментаў з арк., камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп.; для аргана; для голасу і фп.; музыка для т-ра і кіно. Аўтар кніг, у т. л. мемуараў (1949).

Літ.:

Филенко Г. Мийо // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Кокорева Л. Д.​Мийо: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)