МІЛЬЦІ́НІС ((Miltinis) Юозас) (16.9.1907, в. Дабікіне, Шаўляйскага пав., Літва — 1994),

літоўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў тэатр. вучылішча ў Каўнасе (1931), тэатр. студыю ў Парыжы у Ш.Дзюлена (1937). У 1937—38 вучыўся ў Лондане. У 1931—37 акцёр Шаўляйскага драм. т-ра, з 1938 кіраўнік тэатр. студыі ў Каўнасе, у 1940—80 (з перапынкам) маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Панявежскага драм. т-ра. У 1954—59 рэжысёр Літ. кінастудыі. Творчасці ўласцівы імкненне да філас. інтэлектуальнай трактоўкі п’есы. Сярод пастановак: «Вальпоне» Б.Джонсана (1941, іграў роль Вальпоне), «Рэвізор» М.Гогаля (1946, 1978), «Прытворна хворы» Мальера (1950, роль Аргана), «Смерць коміваяжора» А.Мілера (1958), «Іванаў» А.Чэхава (1960), «Макбет» У.Шэкспіра (1961), «Франк У» Ф.Дзюрэнмата (1969), «Плюс не быў разумны» Ю.Грушаса (1974), «Цар Эдып» Сафокла (1977).

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСТАЛЬ ((Hofmannsthal) Гуга фон) (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),

аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫД ((Gide) Андрэ) (22.10.1869, Парыж — 19.2.1951),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў паэт. «Сшыткамі Андрэ Вальтэра» (1891) і «Вершамі Андрэ Вальтэра» (1892), напісанымі пад уплывам сімвалізму. Апошні стаў вызначальным у аповесцях «Падарожжа Урыяна» і «Вопыт кахання» (абедзве 1893) і асабліва ў тэарэт. «Трактаце пра Нарцыса» (1891). Сталыя проза. і драматургія Ж. адметныя вострай крытыкай маральных асноў і інстытутаў бурж. грамадства, асабліва сям’і і царквы, распрацоўкай новых сюжэтных прыёмаў, уплывам паэтыкі саці — сярэдневяковага фарса; кніга лірычнай прозы «Ежа зямная» (1897), сатыр. аповесць «Кепска прыкаваны Праметэй» (1899) і аповесць «Імараліст» (1902). Вядомасць яму прынеслі раман «Цесная брама» (1909) і аповесць «Ізабель» (1911), у якіх распрацоўваецца тэма барацьбы асобы за права на самавыражэнне. Аўтар рамана «Падзямеллі Ватыкана» (1914) і аповесці «Пастаральная сімфонія» (1919), аб’яднаных рэзкай антыклерыкальнай накіраванасцю, рамана «Фальшываманетчыкі» (1926). Стылістычнай дасканаласцю вылучаецца яго драматургія («Цар Кандаўл», 1901, «Саул», 1903, «Эдып», 1931), «Дзённікі» (т. 1—3, 1939—50), эсеістыка. Нобелеўская прэмія 1947.

Тв.: Рус. пер. — Фальшивомонетчики; Тесные врата. М., 1991; Избр. произв. М., 1993; Избранное. М., 1997.

К.М.Міхееў.

А.Жыд.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),

італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланыні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).

С.У.Пешын.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОРФ ((Orff) Карл) (10.7.1895, г. Мюнхен, Германія — 29.3.1982),

нямецкі кампазітар, педагог. Чл. Баварскай АМ (1950), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1957). Скончыў Акадэмію муз. мастацтва ў Мюнхене (1914). З 1915 капельмайстар драм. т-раў. У 1924 заснаваў у Мюнхене (разам з Д.Гюнтэр) Школу гімнастыкі, танцаў і музыкі, на вопыце якой стварыў сусветна прызнаную сістэму муз. выхавання дзяцей, распрацаваў новы тып муз. інструментарыя. У 1950—60 праф. Вышэйшай муз. школы ў Мюнхене. У 1930-я г. разам з муз. этнографам К.Губерам збіраў і апрацоўваў баварскія нар. песні і танцы, што адбілася на стылістыцы яго музыкі. Асн. галіна творчасці — муз.-сцэн. творы (каля 15, большасць на ўласныя тэксты), для якіх характэрны прастата муз. мовы, сувязь з сучаснай тэатр. драматургіяй і дэмакр. традыцыямі зах.-еўрап. тэатр. мастацтва. Распрацоўваў новы тып муз. спектакля, якому ўласцівы цесная сувязь музыкі, тэксту і сцэн. руху. Сярод твораў: «Карміна Бурана» (сцэн. кантата, паст. 1937; у 1983 паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі), «Месяц» (паст. 1939) і «Разумніца» (паст. 1943; абедзве «муз. п’есы»), «Катулі карміна» (сцэн. кантата, паст. 1943), «Бернаўэрын» (муз.-драм. п’еса, паст. 1947), «Антыгона» (паст. 1949), «Цар Эдып» (паст. 1959; абедзве трагедыі Сафокла), «Трыумф Афрадыты» (сцэн. канцэрт, паст. 1953), «Камедыя пра ўваскрэсенне Хрыста» (паст. 1957), «Гульня пра нараджэнне дзіцяці» (паст. 1960, абедзве містэрыі), «Сон у летнюю ноч» (п’еса У.Шэкспіра, паст. 1964), «Праметэй» (трагедыя Эсхіла, паст. 1968), «Камедыя пра канец часу» (містэрыя, паст. 1973); сцэн. трыпціх «Плачы» (паводле твораў К.Мантэвердзі, 1940, паст. 1958), кантаты (каля 10), гімны для хору з суправаджэннем, інстр. п’есы і інш. Аўтар працы «Музыка для дзяцей» (т. 1—5, 1950—54). У 1961 адкрыты Ін-т Орфа (Ін-т муз. выхавання пры Вышэйшай школе музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум»; Зальцбург, Аўстрыя). Нац. прэмія ГДР 1949.

Літ.:

Леонтьева О. К.Орф. М., 1984;

Яе ж. Орф // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

К.Орф.
Інструментарый К.Орфа.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),

рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст. муз. драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.

Літ.:

тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;

Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;

Письма. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;

Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;

Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;

Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;

Добровенский Р.Г. Рыцарь бедный. Рига, 1986.

М.П.Мусаргскі. Мастак І.Рэпін. 1881.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,

у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс. км². Нас. 385 тыс. чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г. Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.

Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах. ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч. тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-ра студз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.

Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз. дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз. феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр. прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.

Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз. тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз. НДІ харч. прам-сці, Дзярж. НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.

Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв. ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.

У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз. драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес. т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз. Дзярж. т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.

В.К.Міхеева (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)