БІ́РДМАРА ЛЕДАВІ́К (Beardmore Glacier),

далінны ледавік у Антарктыдзе. Адкрыты ў 1908 англ. экспедыцыяй Э.​Шэклтана. Адзін з найбольшых далінных ледавікоў на Зямлі. Даўж. каля 200 км, шыр. каля 40 км. Апускаецца з Палярнага плато, уліваецца ў шэльфавы ледавік Роса ў паўн.-зах. ч. Берага Шэклтана. Штогадовы расход лёду ў вусці каля 6 км³.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС ((Ross) Джэймс Кларк) (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКІ́,

рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн. км² (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн. км³ (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн. км², маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл. Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс. км²). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.

Да арт. Ледавікі. Далінны ледавік на Паміры.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)