БО́РХГРЭВІНК ((Borchgrevink) Карстэнс) (1.12.1864, Осла — 23.4.1934),
нарвежскі падарожнік. У 1894—95 плаваў матросам у антарктычных водах на нарв. кітабойным судне «Антарктык». 24.1.1895 першы ў гісторыі антарктычных даследаванняў высадзіўся на ўзбярэжжы Антарктыды (каля мыса Адэр). У 1898—99 арганізаваў першую зімоўку на мацерыку. Дасягнуў 78°50′ паўд. шыраты. Зрабіў падрабязнае апісанне Ледзянога бар’ера Роса.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,
раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСЬ СВЕ́ТУ,
уяўная прамая лінія, якая праходзіць праз цэнтр нябеснай сферы паралельна восі вярчэння Зямлі (гл. Зямная вось). Вакол восі свету адбываецца бачнае вярчэнне нябеснай сферы. Пункты перасячэння нябеснай сферы з воссю свету наз. Паўн. і Паўд. полюсамі свету. Вугал паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта раўняецца значэнню геагр. шыраты месца назірання.
т. 4, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́А (Samoa),
Астравы Мараплаўцаў, група з 14 вулканічных астравоў у Ціхім ак., у Палінезіі, паміж 13—15° паўд. шыраты. Пл. 3 тыс. км². Найбольшыя а-вы: Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²), Тутуіла (137 км²). У паліт. адносінах падзяляецца на Зах. Самоа (з 1962 — незалежная дзяржава) і Усх. Самоа (уладанне ЗША).
т. 14, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСАЛЯ́ЦЫЯ (лац. insolatio ад insolo выстаўляю на сонца),
апрамяненне зямной паверхні сонечнай радыяцыяй (прамой ці сумарнай). Выражаецца ў калорыях на адзінку плошчы за адзінку часу. Вызначае цеплавы стан на зямной паверхні, атмасферы і натуральную асветленасць Зямлі. Залежыць ад геагр. шыраты, вышыні Сонца над гарызонтам, вышыні месца над узроўнем мора і інш. Ад І. залежыць агульная цыркуляцыя атмасферы і кругаварот вады на Зямлі.
т. 7, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,
паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с2.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́РНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. solaris сонечны),
1) радыяцыйны клімат, умоўны клімат, які разлічваецца тэарэтычна па размеркаванні сонечнай радыяцыі на зямной паверхні ў залежнасці толькі ад шыраты мясцовасці і пары года (без уліку кліматаўтваральных фактараў і працэсаў, што адбываюцца ў атмасферы, асаблівасцей подсцільнай паверхні і інш.). Адхіленне т-ры паветра і інш. характарыстык С.к. ад рэальных адлюстроўвае ролю мясц. геагр. фактараў і асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы ў фарміраванні клімату пэўнага рэгіёна.
2) Рэжым сонечнай радыяцыі і эфектыўнага выпрамянення ў дадзеным месцы.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМРОК,
аптычная з’ява ў атмасферы перад узыходам і пасля заходу Сонца; паступовы пераход ад дзённага святла да начной цемры і наадварот. Суправаджаецца зарою. Працягласць З. залежыць ад геагр. шыраты месца: чым бліжэй да экватара, тым ён карацейшы; ад схілення Сонца: у аддаленых ад экватара зонах, дзе летам Сонца апускаецца пад гарызонт на невялікі вугал, вячэрні З. сутыкаецца з ранішнім і цемень зусім не настае (белыя ночы). Адрозніваюць З. грамадзянскі (сонца апускаецца пад гарызонт да 6°), навігацыйны (ад 6° да 12°) і астранамічны (ад 12° да 18°).
т. 7, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЯ́НСКАЯ НІЗІ́НА,
прыбярэжная нізіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, у Гаяне, Сурынаме і Франц. Гвіяне. Размешчана ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак., паміж дэльтай р. Арынока і 4° паўн. шыраты. Шыр. да 200 км. Складзена з марскіх і алювіяльных адкладаў; месцамі ўзнімаюцца стараж. крышт. пароды, якія ў рэльефе ўтвараюць астраўныя ўзвышшы. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэдняя т-ра ад 26 да 28 °C, ападкаў да 3300 мм за год. На Пн і Пд пераважаюць вечназялёныя лясы, у цэнтр. ч. — саванны, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, балоты. Плантацыі рысу, цукр. трыснягу; вырошчваюць каву, какаву, трапічную садавіну.
т. 5, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ ЦЕ́ЛА,
сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.
З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.
т. 3, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)