ЛЕАНІ́ДЫ,

метэорны паток з радыянтам у сузор’і Льва. Назіраецца з сярэдзіны лістапада. Звязаны з каметай 1866 I, перыяд абарачэння якой 33 гады. Шчыльны рой метэорных цел займае невялікую частку арбіты каметы; пры яго сустрэчах з Зямлёй у 1799, 1833, 1866 і 1966 назіраліся метэорныя дажджы. У іншыя гады назіраецца невялікая колькасць метэораў.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКНО́МЕТР (ад грэч. pyknos шчыльны + ...метр),

прылада для вызначэння шчыльнасці рэчыва (часам т-ры) у газападобным, вадкім ці цвёрдым стане. Складаецца са шкляной пасудзіны (колба- або шарападобнай) з капілярнай трубкай, часам і з тэрмометрам. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзважванні яго з даследаваным рэчывам, аб’ём якога вызначаецца па шкале або па метках.

Капілярны U-падобны пікнометр.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЕ́Н (ад дэрмата... + ...ген),

вонкавы шчыльны (без міжклетнікаў) слой клетак першаснай утваральнай тканкі (мерыстэмы) у кончыках каранёў пакрытанасенных раслін. Утварае эпіблему з каранёвымі валаскамі. У двухдольных удзельнічае ў фарміраванні каранёвага чахольчыка. На верхавінках паветраных каранёў архідных, ароідных і некат. інш. раслін Д. утварае мнагаслойную тканку (т. зв. веламен), якая збірае ваду. У голанасенных раслін функцыю Д. выконвае пратадэрма.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГХЕД (ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНСІМЕ́ТРЫЯ [ад лац. densus (densi) шчыльны, густы + ...метрыя],

сукупнасць метадаў вымярэння шчыльнасці цвёрдых і вадкіх цел. Для цвёрдых цел у лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць гідрастатычнае ўзважванне; шчыльнасць вадкасцей вызначаюць арэометрамі, пікнометрамі і інш. прыладамі; у прам-сці шчыльнасць вымяраюць з дапамогай розных аўтам. шчыльнамераў, прынцып дзеяння якіх заснаваны на бесперапынным узважванні пэўных аб’ёмаў вадкасці, вымярэнні ціску слупа вадкасці пэўнай вышыні, скорасці распаўсюджвання ультрагуку, рассеянні γ-прамянёў і інш.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРПЯШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ У Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Курпяшы. Паклад у выглядзе 3 адорвеняў залягае ў тоўшчы адкладаў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, шчыльны, з уключэннямі крэменю і пясчана-гліністага матэрыялу. Разведаныя запасы 22,6 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,7—35,4 м, ускрышы (пяскі, суглінкі, гліны) 0,3—22 м. Мел прыдатны на выраб вапны і вапнавання кіслых глеб.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДО́Л (ад лац. solidus шчыльны + oleum масла),

пластычны антыфрыкцыйны змазачны матэрыял; найб. пашыраны від пластычных змазак. Густая маса цёмна-рудога (амаль чорнага) колеру, tпл 75—90 °C. Не раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць загушчэннем індустрыяльнага масла сярэдняй вязкасці кальцыевым мылам на аснове сінт. тлустых кіслот (сінт. С.) ці тлушчаў (тлушчавы С.). Выкарыстоўваюць у падшыпнікавых вузлах, што працуюць пры т-рах ад -30 да 70 °C.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,

у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Каменка. Пластавы паклад звязаны з адкладамі кампанскага яруса верхняга мелу. Мел белы і шараваты, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з рэдкімі ўключэннямі крэменю, каля ўскрышаў запясочаны. Перспектыўныя запасы 56,5 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—4 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 4—14,2 м. Мел прыдатны на выраб вапны, на вапнаванне глеб, як карбанатны кампанент цэментнай шыхты.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРА́НЫ,

радовішча мелу ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Пагараны. Лінзападобны паклад у выглядзе адорвеня туронканьякскага ўзросту залягае ў ледавіковых адкладах дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Мел белы, шаравата-белы, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, масіўны; аксіду кальцыю СаО у ім 52,5—55,5%. Разведаныя запасы 30,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—61 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,3—16 м. Мел прыдатны на выраб цэменту, вапны.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАКО́ЎСКА-МА́ЛЕЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,

у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля вёсак Кабакі і Малеч. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы і шаравата-белы, шчыльны, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 6,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—21,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,8 м. Мы прыдатны для вытв-сці вапны і падкорму с.-г. жывёл і птушак. Радовішча распрацоўваецца Бярозаўскім камбінатам сілікатных вырабаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)