ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.

Да арт. Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.

Літ.:

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.​В.​Блоцкая.

Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,

парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.

І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, бактэрыёзы,

хваробы раслін, якія выклікаюцца неспараноснымі бактэрыямі з сямействаў мікабактэрый, псеўдаманадаў, бактэроідаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Многія вельмі шкодныя, асабліва ў паўд. раёнах зямнога шара. Прычыняюць страты с.-г. культурам: бульбе, памідорам, агуркам, капусце, буракам, бабовым, бавоўніку, тытуню, пладовым, вінаграду і інш. Пашкоджанні бываюць: агульныя (выклікаюць гібель усёй расліны або асобных яе частак — гамоз бавоўніку, сасудзісты бактэрыёз капусных), выяўляюцца на каранях (каранёвыя гнілі) або ў сасудзістай сістэме (гл. Сасудзістыя хваробы раслін); мясцовыя (захворванні асобных частак або органаў расліны — бактэрыяльная мокрая гніль агародніны, бактэрыёз агуркоў і дыні), выяўляюцца на парэнхімных тканках у форме апёкаў раслін, плямістасцяў раслін і мокрых гніляў: мяшанага характару (сасудзіста-парэнхіматозныя хваробы, напрыклад, бактэрыёз сланечніку). Асобнае месца займаюць бактэрыяльныя хваробы раслін, звязаныя з утварэннем пухлін (бактэрыяльны каранёвы рак пладовых). Бактэрыі пранікаюць у расліну праз вусцейкі лісця, вадзяныя поры, розныя раны. Перадача ўзбуджальнікаў магчыма з насеннем і пасадачным матэрыялам, расліннымі рэшткамі, кроплямі дажджу, паліўнымі водамі, насякомымі, нематодамі і інш. Меры барацьбы гл. ў арт. Хваробы сельскагаспадарчых раслін.

Літ.:

Бактериальные болезни растений. М., 1981;

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979.

Да арт. Бактэрыяльныя хваробы раслін: 1 — бактэрыёз пшаніцы; 2 — бактэрыёз гароху; 3 — бактэрыяльная рабуха тытуню; 4 — бактэрыяльны рак памідораў.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.​Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.​Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.​Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТО́ЗЫ [ад гельмінты + ...оз(ы)],

глісныя хваробы, глісныя інвазіі, хваробы чалавека, жывёл і раслін, выкліканыя паразітычнымі чарвямі (гельмінтамі): трэматодамі, монагінеямі, цэстодамі, нематодамі і скрэбнямі. У чалавека вядома больш за 150 гельмінтозаў, якія падзяляюцца на 3 групы: геагельмінтозы, біягельмінтозы і кантактныя.

Геагельмінтозы выклікаюць паразіты, што развіваюцца ў глебе, заражэнне адбываецца пры невыкананні правіл асабістай гігіены; біягельмінтозы выклікаюць гельмінты, якія развіваюцца ў целе прамежкавага гаспадара, заражаюцца імі пры ўжыванні ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса, рыбы); кантактныя гельмінтозы (яйцы паразітаў хутка выспяваюць) перадаюцца праз кантакт з хворым. Гельмінты паразітуюць у страўнікава-кішачным тракце, крыві, печані, лёгкіх, у нырках, галаўным мозгу, мышцах, скуры, касцях. Выдзяляюць шкодныя рэчывы, сенсабілізуюць арганізм, паглынаюць харч. рэчывы, вітаміны і мікраэлементы. На Беларусі ў чалавека найб. пашыраны гельмінтозы: анкіластамідозы, аскарыдоз, энтэрабіёз, трыхінелёз, трыхацэфалёз, апістархоз, фасцыялёз, дыфелабатрыёз; у раслін — бульбяная нематода; у жывёл — дыкрацэліёз, парамфістаматыдозы, фасцыялёз, маніезіёз, гіменалепідыдозы, аскарыдозы, дыктыякаулёзы, странгілаідозы, трыхацэфалёз, макракантарынхоз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, філаметроз, лігулёз, дактылагіроз, дыпластаматоз, гіралактылёз. Прыкметы гільментозаў: затрымка росту і развіцця, у чалавека — схудненне, зніжэнне інтэлекту, у жывёл — зніжэнне прадукцыйнасці, дрэнны апетыт, парушэнне каардынацыі рухаў. Лячэнне хім. прэпаратамі і хірургічнае.

Літ.:

Гинецинская Т.А., Добровольский А.А. Частная паразитология. М., 1978;

Найт Р. Паразитарные болезни: Пер. с англ. М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТЫЛЯ́ЦЫЯ,

замена забруджанага паветра чыстым у памяшканнях, збудаваннях, апаратах і інш. Стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку людзей, правядзення тэхнал. працэсаў, захоўвання абсталявання, канструкцый, матэрыялаў, прадуктаў, кніг, карцін і інш. Вентыляцыя бывае: натуральная і мех. (робіцца вентылятарамі); выцяжная, прытокавая, прытокава-выцяжная; агульнаабменная і мясцовая.

Арганізаваная натуральная вентыляцыя (аэрацыя) ажыццяўляецца праветрываннем праз фрамугі ў вокнах, сценах, вентыляцыйныя ліхтары, неарганізаваная — праз поры і няшчыльнасці агараджальных канструкцый будынка. У жылых памяшканнях выкарыстоўваецца выцяжная вентыляцыя, у цэхах і вытв. будынках — выцяжная і прытокава-выцяжная. Пры мясц. выцяжной вентыляцыі шкодныя рэчывы выдаляюцца з месца іх утварэння з дапамогай мясц. адсмоктвальнікаў (выцяжных шафаў, парасонаў і інш.). Мясц. прытокавая вентыляцыя робіцца паветр. душамі, заслонамі, аазісамі ў гарачых цэхах, каб стварыць спрыяльны мікраклімат у абмежаванай прасторы (на рабочым месцы). Прытокавая вентыляцыя забяспечвае награванне, ахаладжэнне і ўвільгатненне паветра, ачыстку яго ад пылу і газаў. Агульнаабменная вентыляцыя заснавана на разбаўленні шкодных рэчываў, што ёсць у памяшканні, а таксама цеплыні і пары чыстым паветрам да патрэбнай нормы. Яна стварае ў вытв. і грамадскіх будынках аднолькавыя паветр. ўмовы ва ўсіх памяшканнях. Для ачысткі прыточнага паветра ад пылу ўстанаўліваюць паветр. фільтры, а для ачысткі паветра, якое выдаляецца мясц. адсмоктвальнікамі, — пылаўлоўнікі, абсорберы і адсорберы. У прамысл. будынках вентыляцыя ажыццяўляецца праз вентыляцыйныя каналы і паветраводы.

Схема механічнай прытокава-выцяжной вентыляцыі: 1 — паветразаборная шахта; 2 — прытокавыя каналы; 3 — выцяжныя каналы; 4 — выцяжны вентылятар; 5 — вентылятар; 6 — каларыферы; 7 — фільтр.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАХІ́МІЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.

Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.

На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац. АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.

Літ.:

Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;

Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.

А.​Ф.​Бубліеўскі.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)