АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.

На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.

Антракноз: 1 — фасолі; 2 — агуркоў; 3 — чорных парэчак.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),

у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.

2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА,

сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВАЯ ГНІЛЬ, манілёз,

хвароба пладовых дрэў, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду манілія. Найб. пашырана на вішні, чарэшні, сліве, грушы і яблыні. Пашкоджвае плады, кветкі, лісце, парасткі і інш. Пашырана ўсюды, моцна праяўляецца ў вільготныя і цёплыя гады.

Інфекцыя разносіцца ветрам, дажджом, насякомымі (пладажэрка, казарка), пранікае ў органы раслін праз мех. пашкоджанні. На пладах паяўляюцца невял. бурыя плямы, якія хутка разрастаюцца, тканкі плода размякчаюцца. На паверхні заражаных пладоў утвараюцца белавата-шэрыя, жаўтаватыя канцэнтрычныя падушачкі. Некат. пашкоджаныя плады не ападаюць, муміфікуюцца, робяцца чорнымі, зімуюць, праз іх адбываецца першаснае заражэнне дрэў наступным летам. Страты ўраджаю пладоў ад П.г. дасягаюць 50—70%. Меры барацьбы: знішчэнне ападу, перакопванне глебы вакол ствалоў, апырскванне бардоскай вадкасцю.

Пладовая гніль: 1 — вішні; 2 — грушы.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІХ ВЯТРО́Ў ЦЯЧЭ́ННЕ,

паверхневае цячэнне ў Паўд. паўшар’і. Напрамак цячэння з З на У паміж 40° і 55° паўд. ш., абкружае зямны шар, перасякаючы Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны, у якіх адпаведна адгаліноўваюцца халодныя цячэнні Бенгельскае, Заходне-Аўстралійскае і Перуанскае. Працягласць да 30 тыс. км, шыр. каля 1000 км. Утвараецца ў паверхневым слоі пад уздзеяннем пераважных у гэтых шыротах зах. вятроў. Стрыжань цячэння супадае з паўд. палярным фронтам, які аддзяляе адносна цёплыя воды паўд. ч. Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. ад халодных антарктычных вод. Скорасць 0,4—0,9 км/гадз. Т-ра вады паверхневага слоя 12—15 °C у паўн. ч. цячэння і 1—2 °C у паўднёвай. Салёнасць адпаведна ад 35‰ да 34‰ Зону З.В.ц. з-за частых і моцных штормаў наз. «равучымі саракавымі» шыротамі.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.

Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).

С.​Л.​Максімава.

Мяккацелкі: 1 — цёмная; 2 — парасонавая.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРША́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусі найб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш. с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.

Літ.:

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;

Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.

С.​І.​Бельская.

Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЦКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс. км², найб. глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.​М.​Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн. ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.

Літ.:

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.

І.​А.​Паўлоўская.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцейцёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)