Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НСЕ (Orense),
горад на ПнЗ Іспаніі, у аўтаномнай вобласці Галісія, на рацэ Міньё. Адм. ц. правінцыі Арэнсе. 99,1 тысячы жыхароў (1986). Транспартны вузел. Гандлёвы цэнтр раёна вінаградарства і садаводства. Перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Лесапільныя, металаапрацоўчыя прадпрыемствы; аўтамабілебудаванне. Цёплыя серныя крыніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́МА-ДЭ-АРАГО́Н (Alama de Aragon; ад араб. аль-хама цёплыя воды),
бальнеалагічны курорт у Іспаніі. У даліне р. Халон, непадалёку ад г. Сарагоса. Тэрмальныя (да 35 °C) радонавыя воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў руху і апоры, дыхання, нырак, жоўцевых шляхоў і інш.Мінер. крыніцы былі вядомыя рымлянам і арабам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛЮ́ЗІЯ (ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),
1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.
2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).
3) Аклюзія цыклону — стадыя развіцця цыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
цёплыя, паверхневыя, накіраваныя на З цячэнні Сусветнага акіяна. Выклікаюцца ўстойлівымі паўд.-ўсх.пасатамі. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны паміж 25°паўд. ш. і 5°паўн. ш., у Індыйскім ак. — паміж 25 і 5°паўд. ш. Вылучаюцца значнай шырынёй (да 2500 км) і адносна малымі скарасцямі (0,36—1,8 км/гадз). Т-ра вады 22—28 °C. П.п.ц. складаюць паўн. сектар субтрапічных кругаваротаў Паўд. паўшар’я і з’яўляюцца працягам у Атлантычным ак.Бенгельскага цячэння, у Ціхім — Перуанскага цячэння, у Індыйскім — Заходне-Аўстралійскага цячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,
вялікія аб’ёмы паветра ў трапасферы, сувымерныя па плошчы з часткамі мацерыкоў і акіянаў. Валодаюць пэўнымі аднароднымі ўласцівасцямі і перамяшчаюцца як цэлае ў адной з плыняў агульнай цыркуляцыі атмасферы, адасоблены ад суседніх пагранічнымі зонамі — франтамі атмасфернымі. Характэрныя ўласцівасці П.м. набываюць у месцах фарміравання з аднароднай подсцільнай паверхняй (трапічны акіян, марскія прасторы умеранага пояса, арктычныя моры, вял. раёны тайгі або пустынь і інш.) і аднародных умовах атрымання сонечнага цяпла. Пры перамяшчэнні некаторы час захоўваюць уласцівасці, атрыманыя ў месцах фарміравання, потым страчваюць іх і трансфармуюцца ў новыя П.м.
Характар трансфармацыі залежыць ад розніцы т-ры подсцільнай паверхні і т-ры ў П.м. Паводле агульнай класіфікацыі П.м. падзяляюць на цёплыя, халодныя і мясцовыя. Цёплыя рухаюцца ў больш халоднае асяроддзе, халодныя — у больш цёплае, мясц. знаходзяцца ў ачагу фарміравання. Паводле паходжання вылучаюць занальныя тыпы П.м.: арктычнае паветра, антарктычнае паветра, умераных шырот паветра (палярнае), трапічнае паветра і экватарыяльнае паветра. Кожны тып па ўласцівасцях падзяляецца на марское і кантынентальнае паветра ў залежнасці ад вобласці фарміравання або трансфармацыі. На Беларусі пераважае вільготнае марское паветра ўмераных шырот, якое фарміруецца над Атлантычным акіянам. Паступленне яго абумоўлена дзейнасцю цыклонаў на палярным фронце і арктычным фронце. Найб. халоднае арктычнае паветра прыходзіць з ПнЗ і мае ўласцівасці вільготнага марскога, радзей з ПнУ паступае кантынентальнае паветра. Трапічнае паветра абумоўлена ўплывам азорскага антыцыклону, часцей бывае на Пд рэспублікі, вельмі рэдка ў цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),
прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.
Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎНЕЎ (Рурык) (сапр.Кавалёў Міхаіл Аляксандравіч; 23.2.1891, Тбілісі — 20.2.1981),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). Друкаваўся з 1909 Першы зб. «Самаспаленне» (кн. 1, 1913). Разам з С.Ясеніным, А.Марынгофам і інш. ўваходзіў у групу імажыністаў (зб. паэзіі «Сонца ў труне», 1921). Аўтар зб-каў вершаў «Золата смерці» (1916), «Мая краіна» (1943), «Памяць і час» (1969), «Цёплыя лісты» (1978), вершаў і ўспамінаў «Часы і галасы» (1978). Раманы «Няшчасны анёл» (1917), дылогія «Каханне без кахання» (1925) і «Адкрыты дом» (1927), «Герой рамана» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,
хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш.с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.