ЛЕМЦЮГО́ВА (Валянціна Пятроўна) (н. 19.12.1935, в. Новая Алакюль Ленінградскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1988), праф. (1993). Скончыла БДУ (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (з 1987 заг. аддзела). Асноўныя навук. даследаванні ў галіне анамастыкі (у прыватнасці тапанімікі), лексікалогіі і лексікаграфіі. Пытанні станаўлення і функцыянавання ўсх.слав. айканіміі ў працах «Беларуская айканімія» (1970), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» і «Фарміраванне ўсходнеславянскай айканіміі ў сувязі з развіццём тыпаў паселішчаў» (абедзве 1983). Складальнік «Украінска-беларускага слоўніка» (1980); «Слоўніка цяжкасцей беларускай мовы» (1987), слоўніка-даведніка «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» (1991), «Кароткага слоўніка беларускай мовы» (1994, усе з Г.​У.​Арашонкавай) і інш. Адзін з аўтараў «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993), «Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі», манаграфій «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» і «Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы» (усе 1994). Чл. анамастычнай камісіі пры Міжнар. к-це славістаў, старшыня Рэсп. тапанімічнай камісіі пры Нац. АН Беларусі.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ ШЛЯХ»,

грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.​Туронак, Л.​Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.​Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.​Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.​Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.​Маркотнага (Ф.​Пяткевіча), М.М. (М.​Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.​Арсенневай, З.​Верас, І.​Дварчаніна, Г.​Леўчыка, апавяданні Л.​Леўскага, А.​Пакуцкага і інш.

А.​В.​Вабішчэвіч, А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),

рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст. тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш. Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.​Я.​Байкова і М.​І.​Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.​М.​Касцюковіча, У.​В.​Люшціка, В.​К.​Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.​М.​Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.​К.​Кобызевай, Г.​П.​Хаткевіч і М.​Я.​Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНІ́ЦКІ (Ігнат Цярэнцьевіч) (22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),

бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел. нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел. нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.​Купала, Ядвігін Ш, Цётка, Ц.​Гартны, З.​Бядуля, Ч. і Л.​Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.​Міско, арх. М.​Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.

Літ.:

Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.

І.Ц.Буйніцкі.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУК ПАДПО́ЛЬНЫ ў Вялікую Айчынную вайну,

выданні, якія выпускалі ЦК КП(б)Б, падп. абласныя, міжраённыя, раённыя, парт. і камсамольскія к-ты, партыз. фарміраванні на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнар. падзеі. Першымі падп. выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. З канца 1941 у Мінску падп. група А.​А.​Маркевіча друкавала лістоўкі, у студз.жн. 1942 — малафарматную газ. «Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Значнай з’явай у Д.п. быў выхад у маі—вер. 1942 4 нумароў газ. «Звязда» тыражом больш за 10 тыс. экз. (адноўлены ў студз. 1943). На тэр. Віцебскай вобл. ў прыфрантавой паласе друкавалася газ. «Віцебскі рабочы». У 1942 друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падп. райкомаў КП(б)Б. Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15.12.1942 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снеж. 1942 — студз. 1943 10 абл. і 50 раённых падп. друкарняў. У 1943—44 пачалі выходзіць абл. камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л. партыз. брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты. У 1942—43 выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет. З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падп. газет вагаўся ад некалькіх соцень да тысячы і больш экз., розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырв. Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партыз. фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў сав. тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», час. «Беларусь». У падп. газетах часта друкаваліся надзённыя творы бел. пісьменнікаў.

Літ.:

Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;

Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.

Т.​Л.​Напрэеў.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,

від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.​Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.​Бялінскі).

У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.​Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.

П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш. рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.​Жукоўскі, М.​Гнедзіч, А.​Пушкін, А.​Блок, В.​Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.​Гінэбург, М.​Лазінскі, В.​Левік, М.​Любімаў, С.​Маршак, Я.​Хелемскі і інш.

На Беларусі П.м. пачаў Ф.​Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.​Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.​Вярыга-Дарэўскі, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, М.​Косіч, А.​Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.​Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, М.​Някрасава, У.​Сыракомлі, М.​Канапніцкай), М.​Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.​Колас (пераклаў «Палтаву» А.​Пушкіна, «Дэмана» М.​Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, А.​Куляшоў, П.​Макаль, Я.​Семяжон. М.​Танк, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, а ў наш час Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, М.​Лужанін, Н.​Мацяш, В.​Сёмуха, Я.​Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.​Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.​Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер. выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.​Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.​Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа.

Літ.:

Гл. да арт. Перакладазнаўства.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),

Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс. км². Нас. 10,7 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).

Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.

Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн. га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.

Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс. ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд. ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах. ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.​Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт. паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд. ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр. паліт. арг-цыяАфр. нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.

У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр. гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр. вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр. нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.​Д.​Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыя афр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар. паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр. нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.​Т.​Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.​Сітоле, Дж.​Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.​Г.​Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.​Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.

Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст. буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.​На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс. т), графіт (каля 20 тыс. т), руды нікелю (12—15 тыс. т металу), хрому (каля 0,5 млн. т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс. т), літыю (каля 20 тыс. т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст. прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш. буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр. з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн. прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн. га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс. га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс. т штогод), бавоўну (каля 250 тыс. т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн. т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн. м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс. км, аўтадарог 85 тыс. км, у т. л. каля 20 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс. чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.

Літ.:

Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;

Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Герб і сцяг Зімбабве.
Да арт. Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.
Да арт. Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.
Да арт. Зімбабве. Сучасная разьба па косці.
Да арт. Зімбабве. Сучасная вёска.

т. 7, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)