Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСУПЯРЭ́ЧЛІВАСЦЬ, сумяшчальнасць,
лагічны крытэрый карэктнасці (правільнасці) некаторага сцвярджэння, разважання або іх сукупнасці (тэорыі). Н. злічэння азначае лагічную магчымасць яго інтэрпрэтацыі і з’яўляецца неабходнай умовай яго практычнай рэалізацыі. Трактоўка паняцця «Н.» і шляхі вырашэння звязаных з ім цяжкасцей адрозніваюцца ў розных школах логікі і матэматыкі.
т. 11, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗНАЧЭ́ЙСКАЯ ПАЗЫ́КА,
форма дзярж. крэдыту для аказання фін. дапамогі суб’ектам гаспадарання за кошт сродкаў бюджэту на ўмовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці. Выдаецца ў выпадку фін. цяжкасцей прадпрыемства (фірмы і інш.), выкліканых становішчам на рынку ці пагаршэннем эканам. сітуацыі ў краіне. К.п. — сродак падтрымкі важных для нар. гаспадаркі структур (вытв-сцей), у стабільнасці якіх зацікаўлены дзярж. органы ўлады і кіравання, і не мае камерцыйнай мэты.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́БЕС ((Delibes) Мігель) (н. 17.10.1920, г. Вальядалід, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. Акад. (з 1975). Іспанскай рэчаіснасці 1940-х г. прысвечаны раманы «Кіпарыс кідае доўгі цень» (1947), «Пакуль яшчэ дзень» (1949). У сац.-псіхал. творах адлюстраваў трагічны лёс асобы ў свеце сучаснай цывілізацыі. Гораду Д. проціпастаўляе прыроду і поўнае цяжкасцей сялянскае жыццё, якое, на думку пісьменніка, з’яўляецца апорай чалавечнасці: аповесць «Дарога» (1950), раманы «Пацукі» (1962), «Пяць гадзін з Марыо» (1966), «Войны нашых бацькоў» (1975) і інш. Аўтар зб-каў апавяданняў «Сіеста пры паўднёвым ветры» (1957), дарожных нарысаў «Раманіст адкрывае Амерыку» (1956) і інш.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШО́НКАВА (Ганна Уладзіміраўна) (н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.П.Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.
т. 1, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЗБОР СІГНА́ЛАЎ,
зборнік сігналаў для сувязі паміж марскімі суднамі, а таксама паміж суднамі і берагавымі сігнальнымі станцыямі розных краін. Сігналы выкарыстоўваюцца ў выпадках, звязаных з бяспекай плавання, выратаваннем і аховай жыцця чалавека на моры пры наяўнасці цяжкасцей моўных зносін. М.з.с. універсальны і дазваляе весці перагаворы з дапамогай сцяжкоў, семафора, пражэктара, тэлегр. і тэлеф. радыёсувязі і інш.
Першы М.з.с., складзены ў 1885 у Вялікабрытаніі, меў каля 70 тыс. сігналаў (выкарыстоўвалася 18 сцяжкоў). У далейшым неаднаразова пераглядаўся, удакладняўся і ўхваляўся на спец. міжнар. канферэнцыях (1889, 1927, 1932, 1942, 1959, 1961). М.з.с., прыняты ў 1965, набыў сілу ў 1969, уключае каля 2 тыс. сігналаў, кожны з якіх мае пэўнае сэнсавае значэнне, што дазволіла значна спрасціць і скараціць аб’ём збору.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.Гартнага, К.Буйло, М.Гарэцкага, Я.Дылы, А.Паўловіча, Х.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.
С.В.Говін.
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ КРЭДЫ́Т,
крэдыт на аплату разліковых дакументаў пры наяўнасці ў плацельшчыкаў (пакупнікоў) часовых фін. цяжкасцей, што ўзнікаюць у сувязі з несупадзеннем тэрмінаў паступлення сродкаў і плацяжоў або па інш. прычынах. Выдаецца з пазыковых рахункаў, на якіх банк улічвае прадастаўленне і вяртанне крэдыту на аплату прадукцыі, аказанне паслуг і выкананне работ, на пагашэнне дэбетавага сальда па заліку ўзаемных патрабаванняў (яно ўзнікае, калі сума плацяжоў большая за суму паступленняў сродкаў, і паказваецца ў актыве бухгалтарскага балансу), дакументаў па пераразмеркаванні абаротных і інш. сродкаў, на выплату заработнай платы. Разліковымі дакументамі з’яўляюцца аформленыя ў пісьмовым выглядзе запатрабаванні або даручэнні прадпрыемстваў, аб’яднанняў, арг-цый і ўстаноў на пералічэнне грашовых сродкаў у безнаяўным парадку за адпушчаныя (адгружаныя) таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі. Асн. з іх: плацежныя запатрабаванні, плацежныя даручэнні і разліковыя чэкі (гл. Плацежны сродак).
У.Р.Залатагораў.
т. 12, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЯ,
1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).
2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЫЛО́Е»,
часопіс па гісторыі рэв. руху ў Расіі. Выдаваўся У.Л.Бурцавым у 1900—04 (№ 1—6) у Лондане, у 1908—12 (№ 7—14) у Парыжы, а таксама штомесяц у студз. 1906 — кастр. 1907 (32 нумары) і ў 1917—26 (35 нумароў, 32 кн.; рэдактары: В.Я.Багучарскі, П.Е.Шчогалеў і Бурцаў, В.В.Вадавозаў і Я.В.Тарле) у Пецярбургу на рус. мове. Яго замежнае выданне друкавала дакументы і матэрыялы пра дзейнасць «Народнай волі», «Матэрыялы для слоўніка палітычных ссыльных у Расіі», агляды вольнага рас. друку, мемуары В.М.Фігнер, Б.В.Савінкава, С.П.Каваліка і інш. У Пецярбургу друкаваліся артыкулы і даследаванні, біягр. нарысы і мемуары дзеячаў рэв. руху, пісьмы, дзённікі і інш. (у т. л. пра дзейнасць Бунда на Беларусі) па гісторыі грамадскага і рэв. руху канца 18 ст. — 1907 (першы легальны часопіс у Расіі з рэв. тэматыкай); выданне часопіса спынена з-за процідзеяння сав. улад і фін. цяжкасцей.
Літ.:
Лурье Ф.М. Хранители прошлого: Журнал «Былое»: история, редакторы, издатели. Л., 1990.
т. 3, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)