САРАЧА́НСКІЯ АЗЁРЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1998 з мэтай захавання прыроднага ландшафту Бел. Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 13 тыс. га, у т. л. р. Вілія — 188 га і 14 азёр — 430 га. Размешчаны на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны, што абумоўлівае разнастайнасць рэльефу. Азёры ў глыбока ўрэзаных катлавінах, ахаваныя ад ветру, мелка- і сярэднеглыбокія. Слабае перамешванне вады вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вял. колькасці жалеза. Лясістасць заказніка 75%. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя, трапляюцца ельнікі і бярэзнікі чарнічна-кіслічныя, алешнікі папарацевыя; зрэдку — дуб і асіна. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча карысных раслін. Кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны і ятрышнік дрэмлік занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 203 віды жывёл, з якіх 26 занесены ў Чырв. кнігу: буры мядзведзь, рысь, барсук, соні арэшнікавая і садовая, гагара чорнаваллёвая, бугаі малы і вялікі, бусел чорны, журавель шэры, скапа, каршачок, сава балотная, начніца сажалкавая, рапуха чаротная, мядзянка, стронга ручаёвая, харыус і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́Л,

возера ў Расійскай Федэрацыі, на Пд Усх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м. Пл. 31,5 тыс. км², даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс. км³) у свеце, змяшчае каля ​1/5 сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс. км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж. — пач. студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у т. л. ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш. Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх. ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн. — Байкала-Амурская магістралі.

Воз. Байкал.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎСТВА,

здабыўная галіна рыбнай прамысловасці. Сыравінная база — прыродныя рэсурсы акіянаў, мораў, азёр, рэк, вадасховішчаў і сажалак (рыба, малюскі, марскія млекакормячыя, ракападобныя і інш.). Падзяляецца на прамысл. і аматарскае, а па месцы здабычы рыбы і морапрадуктаў — на марское, далёкае ад берагоў, марское прыбярэжнае і азёрна-рачное. Прамысл. Р. грунтуецца на вывучэнні рыбных запасаў, біял. асаблівасцях аб’ектаў промыслу, раёнаў лоўлі, міграцыі рыб і марскіх жывёл. Адзін з найстарэйшых відаў чалавечай дзейнасці. Да эпохі палеаліту і неаліту адносяцца вынаходствы рыбалоўных прылад (кручкі, гарпуны, восці і інш.). З развіццём сельскай гаспадаркі Р. ператварылася ў дапаможную галіну. Формы, спосабы і прылады стараж. Р. амаль усе вядомы і ў наш час. Развіццё прадукцыйных сіл паступова ператварыла здабычу рыбы і морапрадуктаў у промысел, а потым і ў прамысловае Р. Асн. частку ўлову дае акіянскае і марское Р. ў межах кантынент. шэльфа. Да сярэдзіны 20 ст. прыкладна 75% улову прыпадала на паўн. ч. Сусв. акіяна, але ўжо ў 1970-я г. цэнтр Р. перамясціўся ў трапічныя раёны і Паўд. паўшар’е. Матэрыяльна-тэхн. базу складае рыбапрамысл. флот, рыбалоўныя парты, прадпрыемствы па вытв-сці прылад, сродкаў вытв-сці і іх рамонце. Гал. месца належыць тралаваму лову. Выкарыстоўваюцца таксама кашальковы, дрыфтэрны і ярусны лоў. Для павышэння эфектыўнасці распрацаваны метады ўздзеяння на рыбу святлом, электрычнасцю, хім. прэпаратамі і інш. Спалучэнне рыбных помпаў з тралам і нератам прывяло да распрацоўкі гідрамеханізаванай лоўлі бесперапыннага дзеяння. Касм. назіранні дазволілі пашырыць лоўлю ва ўсіх морах і акіянах. У марскім Р. існуюць аўтаномныя і экспедыцыйная формы арганізацыі лоўлі. Неабмежаваная лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў адмоўна адбіваецца на стане сыравінных рэсурсаў, таму парадак лоўлі і здабычы ў адкрытым моры вызначаецца міжнар. пагадненнямі, а ў тэр. водах — нац. заканадаўствам. Значныя страты наносяць браканьерская лоўля рыбы і здабыча марской жывёлы.

У 1998 у свеце вылаўлена 117,2 млн. т рыбы, ракападобных і малюскаў, у т. л. 30,9 млн. т у сажалках і пры выкарыстанні інш. метадаў штучнага развядзення. 10 краін, дзе найб. развіта Р., вылавілі 78,1 млн. т, у т. л. Кітай 38 млн. т, Японія 6 млн. т, Індыя і ЗША па 5,2 млн. т, Расія 4,5 млн. т, Інданезія і Перу па 4,4 млн. т, Чылі 3,6 млн. т, Тайланд 3,5 млн. т, Нарвегія 3,3 млн. т. Ад 1 да 2 млн. т штогод вылоўліваюць Паўд. Карэя, Ісландыя, Філіпіны, Данія, Мексіка, Малайзія, Іспанія, Аргенціна, Бангладэш, Вялікабрытанія, В’етнам, Канада, Тайвань. Значная здабыча (ад 0,5 да 1 млн. т) у Бразіліі, Эквадоры, Францыі, Італіі, Марока, Нідэрландах, Новай Зеландыі. Пакістане, Сенегале, ПАР, Венесуэле і Турцыі. Унутрыкантынент. дзяржавы арганізуюць Р. (акрамя ўнутр. вадаёмаў) у моры на зафрахтаваных або сваіх суднах. У спарт. і рэкрэацыйных мэтах з дапамогай ручных прылад (вуды, спінінгі, перамёты, дарожкі і інш.) развіваецца аматарскае Р.

На Беларусі Р. ажыццяўляюць рыбакамбінаты, сажалкавыя рыбгасы, азёрна-таварныя гаспадаркі, рыбзаводы і інш. Ва ўнутраных вадаёмах Беларусі ўлоў рыбы склаў 13,6 тыс. т (1998). Абмежавана лоўля рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (сцерлядзь, ручаёвая стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)