МІКРАСО́МЫ (ад мікра... + сома),

дробныя гранулы (да 100 нм) субклетачнай фракцыі жывёльных і раслінных клетак. Фракцыя М. уяўляе сабой рыбасомы, абломкі мембран эндаплазматычнага рэтыкулума. У М. прысутнічаюць ферменты вугляводнага абмену, біясінтэзу ліпідаў і стэроідаў. Атрымліваюць пры дыферэнцыяльным цэнтрыфугаванні клетачных гомагенатаў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́Н (Хафізула) (1926, г. Пагман, прав. Кабул, Афганістан — 27.12.1979),

афганскі дзярж. і паліт. дзеяч. Чл. Народна-дэмакр. партыі Афганістана (фракцыя «Хальк»). Пасля перавароту (рэвалюцыі) 27.4.1978 1-ы нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў, прэм’ер-міністр. 14.9.1979 адхіліў ад улады Н.М.Таракі, з 16 вер. ген. сакратар ЦК партыі, старшыня Рэв. савета краіны. Імкнуўся да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму. Загінуў у час уводу сав. войскаў у Афганістан.

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН (Мікалай Дзмітрыевіч) (12.4.1850, с. Парэчча Маскоўскай вобл. — 2.7.1925),

расійскі паліт. дзеяч, апошні старшыня Савета Міністраў Рас. імперыі (9.1—12.3.1917). У 1885—1903 займаў пасады архангельскага, калужскага і цвярскога губернатараў. З 1903 сенатар, з 1915 чл. Дзярж. савета (фракцыя правых) і старшыня камісіі па аказанні дапамогі рас. ваеннапалонным. Быў блізкі да імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1920—24 двойчы арыштоўваўся ВЧКАДПУ, расстраляны.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАСАРТАВА́ЛЬНЫ ПУНКТ,

комплекс машын і абсталявання для аддзялення выкапанай бульбы ад раслінных рэшткаў і глебы з адначасовым калібраваннем клубняў і падачай іх у тару. Бывае перасоўны (выкарыстоўваецца каля буртоў і бульбасховішчаў) і стацыянарны.

Перасоўны бульбасартавальны пункт КСП-15В мае прыёмны бункер (да 8 т), модулі сепарацыі і калібравальны (на яго вынасных транспарцёрах можна перабіраць бульбу ўручную), загрузачныя канвееры. На калібравальным модулі фуражная бульба (меней за 50 г) і сярэдняя яе фракцыя (50—80 г) правальваюцца ў ячэйкі паміж ролікамі, а буйнейшыя клубні ідуць на транспарцёр ручной пераборкі. Прадукцыйнасць такога пункта 8—18,8 т/гадз. У Беларусі выкарыстоўваюцца таксама стацыянарныя бульбасартавальныя пункты айч. вытв-сці прадукцыйнасцю 25—30 т/гадз.

Л.Я.Сцяпук, А.Л.Рапінчук.

т. 3, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗА,

сумесь вуглевадародаў; фракцыя нафты, якая кіпіць у інтэрвале тэмператур 110—320 °C.

Празрыстая, бясколерная ці светла-бурая вадкасць з блакітным адценнем, шчыльн. 780—850 кг/м³ (20 °C), т-ра ўспышкі 28—72 °C, цеплата згарання 42,9—43,1 МДж/кг. Састаў і ўласцівасці залежаць ад хім. саставу нафты і спосабаў яе перапрацоўкі. Газа мае 20—60% насычаных аліфатычных, 20—50% нафтэнавых, 5—25% біцыклічных араматычных і да 2% ненасычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць перагонкай нафты ці крэкінгам нафтапрадуктаў. Прамысл. вытв-сць пачалі браты Дубініны ў Расіі (1823).

Выкарыстоўваюць як рэактыўнае паліва (авіяц. газа), растваральнік, сыравіну ў нафтаперапр. прам-сці (тэхн. газа), гаручае для быт. награвальных і асвятляльных прылад і ў апаратах для рэзкі металаў (асвятляльная газа).

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,

легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.

І.П.Хаўратовіч.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (англ. Conservative Party),

адна з дзвюх вядучых паліт. партый краіны. Пачала фарміравацца ў 1830-я г. на базе партыі торы, арганізацыйна аформілася ў 1867—70 пад кіраўніцтвам Б.Дызраэлі. Прадстаўляе пераважна інтарэсы буйных уласнікаў. Ідэалогія — кансерватызм. З 1885 неаднаразова кіруючая партыя (яе лідэр у выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах фарміруе ўрад), у т. л. пасля 2-й сусв. вайны ў 1951—64, 1970—74, 1979—97. У 1912 аб’ядналася з больш ліберальнай паліт. групоўкай «юніяністаў» (лідэр з 1886 Дж.Чэмберлен). Налічвае каля 300 тыс. чл. (1990-я г.). Кіруючыя органы — Цэнтр. савет і Цэнтр. офіс, адносна самаст. ролю адыгрывае парламенцкая фракцыя партыі. Лідэры: Дызраэлі (1868—81), Р.Солсберы (1881—1902), А.Бальфур (1902—11), Б.Лоу (1911—23), С.Болдуін (1923—37), Н.Чэмберлен (1937—40, гл. ў арт. Чэмберлены), У.Чэрчыль (1940—55), А.Ідэн (1955—57), І.Макмілан, (1957—63), А.Дуглас-Х’юм (1963—65), Э.Хіт (1965—75), М.Тэтчэр (1975—90), Дж.Мэйджар (з 1990).

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,

праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.І.Гучкоў, П.Л.Корф, М.У.Радзянка, Дз.М.Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс. чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.

На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),

нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел. с.-д. партыю (А.Аўсянік, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.В.Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.А.Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.С.Кахановіч, В.Ц.Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.І.Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш. нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел. сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».

А.М.Сідарэвіч.

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.Аўсянік, Ф.Ярэміч, П.Валошын; у 2-м радзе — В.Багдановіч, М.Кахановіч, Б.Тарашкевіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў; стаяць: В.Рагуля, С.Якавюк, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мятла. Варшава. 1923.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАЭСЭ́РАЎСКІ МЯЦЕ́Ж 1918,

узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.І.Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т. л. старшыню ВЧК Ф.Э.Дзяржынскага, старшыню Массавета П.Г.Смідовіча, апіраючыся на свае ўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх. рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т. л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.

Э.А.Ліпецкі.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)