ГА́ЗА,
сумесь вуглевадародаў; фракцыя нафты, якая кіпіць у інтэрвале тэмператур 110—320 °C.
Празрыстая, бясколерная ці светла-бурая вадкасць з блакітным адценнем, шчыльн. 780—850 кг/м³ (20 °C), т-ра ўспышкі 28—72 °C, цеплата згарання 42,9—43,1 МДж/кг. Састаў і ўласцівасці залежаць ад хім. саставу нафты і спосабаў яе перапрацоўкі. Газа мае 20—60% насычаных аліфатычных, 20—50% нафтэнавых, 5—25% біцыклічных араматычных і да 2% ненасычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць перагонкай нафты ці крэкінгам нафтапрадуктаў. Прамысл. вытв-сць пачалі браты Дубініны ў Расіі (1823).
Выкарыстоўваюць як рэактыўнае паліва (авіяц. газа), растваральнік, сыравіну ў нафтаперапр. прам-сці (тэхн. газа), гаручае для быт. награвальных і асвятляльных прылад і ў апаратах для рэзкі металаў (асвятляльная газа).
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)