вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманнерадыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
колькасць матэрыяльных і культ. даброт, якія можа атрымаць насельніцтва (асобныя сац. групы, асобныя сем’і) за кошт сваіх грашовых даходаў, бясплатных выплат і льгот; асн. паказчык яго дабрабыту. Характарызуе частку нацыянальнага даходу, якая выкарыстоўваецца на асабістае спажыванне. Залежаць ад памераў грашовых Д.н., узроўню цэн на спажывецкія тавары і паслугі, памераў плацяжоў насельніцтва ў фін. сістэму. Адрозніваюць сукупныя, асабістыя, намінальныя, рэальныя, распараджальныя Д.н. Сукупныя Д.н. — агульная сума (у грашовай і натуральнай форме) даходаў, атрыманых насельніцтвам у якасці аплаты за працу па найме, ад уласнасці, прадпрымальніцтва, пенсій, стыпендый, дапамог, датацый на аплату жыллёва-камунальных паслуг, пуцёўкі ў санаторыі ці дамы адпачынку, утрыманне дзяцей у дашкольных установах, чысты прыбытак ад асабістай дапаможнай гаспадаркі, індывідуальнай прац. дзейнасці. У агульны аб’ём даходаў уключаецца кошт ільготнага і бясплатнага спажывання матэрыяльных даброт і паслуг (кошт адукацыі, мед. дапамогі і інш.). Рэальныя Д.н. — паказчык узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго патрэб. Грашовыя Д.н. — частка сукупных Д.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭРЦЫТЫ́МЕТР (ад лац. coërcitio утрыманне + ...метр),
прылада для вымярэння каэрцытыўнай сілы ферамагн. матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры магнітаструктурным аналізе вырабаў з ферамагн. матэрыялаў, магн. кантролі электра- і радыёапаратуры і інш.
Найб. пашыраны К., у якіх каэрцытыўная сіла вызначаецца па намагнічанасці ўзору. Даследуемы ўзор намагнічваецца да насычэння, напр. у намагнічвальнай шпулі прылады, потым праз шпулю прапускаюць пастаянны ток, магн. поле якога размагнічвае ўзор. Момант змяншэння намагнічанасці да нуля вызначаецца з дапамогай індыкатара (нулявой прылады). Пры вымярэннях па магн. індукцыі даследаваны ўзор робяць часткай замкнёнага магн. ланцуга пермеаметра, электрамагніта ці інш. Значэнне каэрцытыўнай сілы адпавядае напружанасці размагнічвальнага поля, пры якой магн. індукцыя ва ўзоры роўная нулю.
Блок-схемы каэрцытыметраў: а — з вымяральным генератарам (1 — намагнічвальная шпуля; 2 — узор; 3 — шпуля вымяральнага генератара; 4 — гальванометр, далучаны да калектара 5; 6 — вал электрарухавіка 7; 8 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору); б — феразондавага (1, 2 — адчувальныя элементы; 9 — нулявая прылада; 4 — узор; 5 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору, 6 — намагнічвальная шпуля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААТЭ́ХНІЯ (ад заа... + грэч. technē майстэрства, уменне),
навука пра развядзенне, кармленне, утрыманне, догляд і гасп. выкарыстанне с.-г. жывёл; тэарэт. асновы жывёлагадоўлі. Тэрмін «З.» прапанаваў франц. вучоны Ж.Бадэман (1848). Падзяляюць на агульную (вывучае агульныя прынцыпы З.) і прыватную (распрацоўвае сістэму вядзення галін малочнай і мясцовай жывёлагадоўлі, свіна-, авечка-, коне-, птушкагадоўлі, пчалярства, зверагадоўлі і інш., пытанні тэхналогіі вытв-сці асобных відаў прадукцыі: малака, ялавічыны, свініны, прадуктаў птушка- і авечкагадоўлі).
Рэкамендацыі па доглядзе жывёл сустракаюцца ў антычных вучоных. Навукова абгрунтаваныя формы кармлення с.-г. жывёл пачалі распрацоўваць з 17 ст., з канца 18 ст. ствараюцца розныя пароды с.-г. жывёл.
У Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1919 (І.І.Калугін, М.М.Кулагін, М.В.Найдзёнаў і інш.). Яе развіццю спрыялі працы В.С.Антанюка, К.Ф.Барысаўца, А.А.Гайко, З.Д.Гільмана, В.Ц.Горына, М.П.Грыня, В.А.Івановай, У.П.Лемеша, І.М.Нікітчанкі, С.І.Пляшчанкі, К.М.Сонцава, У.І.Шляхтунова, М.А.Янко і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Бел.НДІ жывёлагадоўлі, БСГА, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, шэрагу ВНУ. Вырашаюцца праблемы павышэння ўстойлівасці жывёлы да хвароб і стрэсаў, прафілактыкі распаўсюджвання спадчынных анамалій, працягласці гасп. выкарыстання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОСТАГЛАНДЗІ́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн.фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасць ц. н. с. і інш.
Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Літ.:
Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТАЛО́ГІЯ,
навука аб палітыцы, паліт. жыцці грамадства, паліт. працэсах, сістэмах і з’явах, дзейнасці людзей, накіраванай на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдзіны 20 ст. Аб’ект П. — паліт. жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне паліт.улады. Прадмет П. — заканамернасці паліт. жыцця вял.сац. супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, паліт. поглядаў і інтарэсаў, паліт. дзейнасці, развіцця паліт. працэсаў у цэлым. Асновай П. як тэорыі і практыкі з’яўляюцца адносіны паміж паліт. суб’ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Асн. катэгорыі П. — палітыка, улада, дзяржава, культура палітычная, палітычная сістэма грамадства, палітычныя працэсы, ідэалогія, свядомасць, інтарэсы, ін-ты і інш. Для вывучэння паліт. структур, працэсаў і з’яў П. выкарыстоўвае 3 асн. групы метадаў: агульнанавуковыя, сац.-гуманітарныя і спец.-навуковыя (вызначэнне рэйтынгу партый палітычных і паліт. лідэраў з улікам пэўных паліт. дзеянняў у канкрэтнай паліт. сітуацыі, імітацыйнае паліт. мадэліраванне, праектаванне і прагназаванне з выкарыстаннем элементаў тэорыі гульняў, сацыялаг. маніторынг паліт. сітуацыі або мнагамерны статыст. аналіз дзяржаў, партый. Функцыі П.: пазнавальная — пазнанне паліт. рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; інструментальная — вызначэнне эфектыўных спосабаў пераўтварэння паліт. і інш. сфер грамадства; палітычная сацыялізацыя — фарміраванне паліт. культуры людзей, пошук месца ў паліт. рэчаіснасці; дыягнастычная — вызначэнне адпаведнасці паліт. праграм, дзеянняў, паліт. суб’ектаў інтарэсам і патрэбам вялікіх сац. груп; рэгулятыўная — забеспячэнне ўздзеяння суб’ектаў палітыкі на паліт. працэсы пры дапамозе ін-таў улады, што дазваляе рэалізаваць правы людзей на ўдзел у паліт. жыцці; прагнастычная — распрацоўка магчымых сцэнарыяў і прадбачанне развіцця паліт. працэсаў і з’яў; аналітычная — аналіз вынікаў паліт. дзейнасці розных паліт. суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка паліт. працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш.Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш.ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл.Партызанская зона).
П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл.Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял.Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр.СССР — Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.
У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл.Тэрарызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),
арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял.сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).
У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел.рэсп.навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж.гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.