ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ АДЗІ́НКА (European Currency Unit; ЭКЮ). валютная адзінка, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай валютнай сістэме. Уведзена ў 1979. Суадносіны (парытэт) ЭКЮ з валютамі інш. краін вызначаюцца зыходзячы з таго, што ЭКЮ з’яўляецца прадстаўніком усяго «кошыка валют» краін, якія ўваходзяць у еўрап. валютную сістэму.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў 1892—1914 у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (усяго 10 з-даў і мануфактур). Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і інш. Працавалі па 12—59 і больш рабочых (да 194 у 1913).
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРСПАДАРО́ЖНІК»,
міжнародная арганізацыя спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1971 сацыяліст. краінамі, да якіх потым далучыліся інш. краіны (усяго 22 краіны; Беларусь з 1997). Месцазнаходжанне — Масква. «І.» належыць аднайменная сістэма касм. сувязі (рэтрансляцыя тэлевізійных перадач, тэлефонная, факсімільная сувязь і інш.) на аснове ШСЗ «Гарызонт» і «Галс».
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКІ́ (Bovinae),
1) падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх. 4 роды: буйвалы; афр. буйвалы; зубры — бізон, зубр; быкі сапраўдныя — тур, як, бантэнг (Bos javanikus), гаур (B. gaurus), купрэй (B. sauveli); жывуць у розных частках Азіі. Усяго 12 відаў. Многія быкі прыручаны, дзікія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
2) Самцы буйн. раг. жывёлы; бугаі.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯ па ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою,
часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.—жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.К.Імерэцінскі, сенатары М.Е.Кавалеўскі, І.І.Шамшын і П.А.Маркаў, ген.-маёр світы М.І.Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.
Літ.:
Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг. М., 1964. С. 148—229.
т. 4, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́Д (Самуіл Нахманавіч) (н. 17.8.1907, г. Віцебск),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскі марскі тэхнікум (1935). Вызначыўся зімой 1944—45 у баях за Прыбалтыку: падводная лодка на чале з ім за 2 паходы затапіла 7 варожых караблёў. Усяго экіпаж затапіў 10 суднаў праціўніка і транспарт. Да 1961 у ВМФ, капітан 1-га рангу.
т. 2, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ДА́ХАВЫХ І БУДАЎНІ́ЧА-АДДЗЕ́ЛАЧНЫХ МАШЫ́Н.
Створаны ў 1977—82 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. Выпускае машыны і абсталяванне для тынкавальных, дахавых і малярных работ (усяго каля 20 найменняў). Асн. прадукцыя (1995): машыны для падагрэву, нанясення, транспарціроўкі на дах бітумных масцік, агрэгаты помпавыя, шпаклёвачныя, малярныя і фарбавальныя, станцыі і ўстаноўкі малярныя, бетоназмяшальнікі, фарбапульты, кампрэсары, катлы і інш.
т. 4, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯГА́РСКІ ВАДАСПА́Д (англ. Niagara Falls, верагодна, ад іракезскага вялікі шум),
вадаспад у Паўн. Амерыцы, на р. Ніягара. Падзяляецца Казіным в-вам на левую частку (належыць Канадзе; шыр. 792 м, выш. 51 м), праз якую праходзіць каля 85% усяго расходу вады, і правую (належыць ЗША; шыр. 305 м, выш. 54 м). У абход Н.в. з канадскага боку пабудаваны суднаходны канал Уэленд. Турызм.
т. 11, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета
(каля 588 — каля 525 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНА́ТЫ,
у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).
т. 12, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)