АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы),

назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВАВА ПЯЧО́РА,

карставая вапняковая пячора на зах. схіле Паўн. Урала, у даліне р. Колва (бас. Камы), у Пермскай вобл. Расіі. Агульная даўж. галерэй 9,7 км. Вядома 59 гротаў (Бетлан, Дзева, Гваздзецкага і інш.). Есць ручай і 9 невял. азёр. Шматлікія нацечныя ўтварэнні. Вядома з 18 ст. Спелеатурызм.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс. га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс. га.

Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ СІБІ́Р,

заходняя частка Сібіры на У ад Урала да р. Енісей, у Расіі. Пл. каля 3 млн. км². Большая ч. занята Заходне-Сібірскай раўнінай. На ПдУ узнімаюцца горы Алтая, Салаіра і Кузнецкага Алатау. У межах З.С. размешчаны Алтайскі край, Курганская, Цюменская, Омская, Новасібірская, Томская, Кемераўская вобл. і крайнія зах. раёны Краснаярскага краю.

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПдУ Усх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс. км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНІ ТАГІ́Л,

горад у Свярдлоўскай вобл., у Расіі. Размешчаны на ўсх. схіле Сярэдняга Урала, на р. Тагіл. Засн. ў 1725. 407,3 тыс. чал. (1996). Чыг. вузел. Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне (з-ды вагонабудаўнічы, кацельна-радыятарны, медыка-інстр. і інш.), хім. і коксахім., лёгкая. Здабыча меднай руды. Пед. ін-т, філіял Уральскага тэхн. ун-та. 2 тэатры. Музеі: гіст.-рэв., выяўл. мастацтваў.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,

паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАУРА́ЛЬСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна, якая ўключае ўсх. перадгор’і Сярэдняга і Паўд. Урала, у Расіі. Шыр. да 100 км на Пн і больш за 200 км на Пд. Выш. 200—300 м, асобныя астанцовыя горы да 500—600 м. Слаба нахіленая на У. Складзена з вывергнутых, асадкавых і метамарфічных горных парод палеазойскага ўзросту, шмат гранітаў. Рэкі Пышма, Ісець, Міяс і інш. (бас. р. Табол). Шмат азёр. На Пн — тайга, балоты, на Пд — разнатраўныя і дзярнова-злакавыя стэпы.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫУРА́ЛЛЕ,

тэрыторыя прылеглых да Урала ускраін Усх.-Еўрап. (Перадуралле) і Зах.-Сібірскай (гл. Зауральская раўніна) раўнін у Расіі. Гал. ч. размешчана ў бас. рэк Кама і Пячора, на Пн — Пячорская нізіна, далей на Пд — Верхнякамскае, Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышшы (да 300—400 м) і інш. Большая ч. П. ўкрыта хваёвымі лясамі, на Пд да іх прымешваюцца, месцамі пераважаюць шыракалістыя лясы, на крайняй Пн — тундра, на крайнім Пд — стэпы. У П. буйныя радовішчы нафты, газу, кам. вугалю.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)