МУГАДЖА́РЫ,
горы ў Акцюбінскай вобл., у Казахстане, паўд. працяг Урала. Даўж. з Пн на Пд 200 км. Выш. да 657 м (г. Вял. Бактыбай). Пачынаюцца на Пн як вузкі горны краж, што падзяляецца на 2 амаль паралельныя хрыбты, паміж якімі размяшчаецца слабахвалістая Алабаская катлавіна шыр. 15—20 км. Хрыбты ў некат. месцах злучаюцца невял. кражамі. Паўд. частка Зах. хрыбта найб. высокая, моцна расчлянёная. Усх. хрыбет — ланцуг згладжаных сопак, расчлянёных прытокамі р. Іргіз. Складзены з кварцытаў, крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў. Радовішчы хрому, медзі, фасфарытаў. Дзярнова-злакавыя, злакава-палыновыя стэпы і паўпустыні.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)