універсальны метад неразбуральнага кантролю, заснаваны на выкарыстанні акустычных хваляў. У працэсе кантролю аналізуюцца амплітудныя, фазавыя, частотныя і інш. характарыстыкі акустычных хваляў, узбуджаных вонкавай крыніцай (актыўны метад) або матэрыялам, які кантралюецца (пасіўны метад). Парушэнне суцэльнасці (расколіны, ракавіны і інш.) або аднароднасці (вял. зярністасць і інш.) матэрыялу прыводзіць да скачкападобнай або плаўнай змены яго акустычных характарыстык (скорасці і каэфіцыента затухання гуку, хвалевага супраціўлення) і ўплывае на ўмовы распаўсюджвання пругкіх хваляў. Выкарыстоўваецца для кантролю матэрыялаў і вырабаў у машына- і прыладабудаванні, зварачнай вытв-сці, буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖНЕР Мікалай Мацвеевіч (9.12.1867, Масква —28.11.1935),
расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай прам-сці. Ганаровы член АНСССР (1934, чл.-кар. 1929).
Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), дзе і працаваў. З 1901 праф. Томскага тэхнал. ін-та, з 1914 — Нар. ун-та імя А.Л.Шаняўскага, з 1918 навук. кіраўнік НДІ «Анілтрэста» (Масква). Навук. працы па арган. сінтэзе і даследаванні сінтэзаваных злучэнняў. Адкрыў аліфатычныя дыазазлучэнні (1900), рэакцыю каталітычнага раскладання гідразонаў (рэакцыя К.—Вольфа, 1911), універсальны спосаб сінтэзу вуглевадародаў цыклапрапанавага шэрагу (рэакцыя К., 1912).
Тв.:
Исследования в области органической химии. М.; Л., 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ШЭР (Fischer) Эрнст Ота (н. 10.11.1918, Сольн каля Мюнхена, Германія),
нямецкі хімік-арганік. Чл. Баварскай АН (1964). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1977) і інш. Скончыў Мюнхенскі тэхн.ун-т (1949), дзе і працуе. У 1964—84 праф. і дырэктар Ін-та неарган. хіміі (г. Мюнхен). Навук. працы ў галіне хіміі металаарган. злучэнняў. Вызначыў структуру ферацэну (1952), сінтэзаваў інш. «сэндвічавыя» цыклапентадыенільныя вытворныя пераходных металаў. Распрацаваў універсальны метад сінтэзу арэнавых комплексаў пераходных металаў (метад Ф.), упершыню атрымаў арэнакарбанільныя, арэнцыклапентадыенільныя і інш. змешаныя π-комплексы, карбінавыя комплексы гэтых металаў. Нобелеўская прэмія 1973 (з Дж.Уілкінсанам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАСЭ́РНАСЦЬ,
схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальныбіял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаў — кан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЗЕРНЫ СТАНО́К,
1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі фрэзераваннем розных паверхняў (плоскасцей, фасонных канавак і інш.). Адрозніваюць Ф.с.: універсальныя — вертыкальна-Ф.с. (кансольныя і бескансольныя), гарызантальна-Ф.с., падоўжна-Ф.с.; спецыялізаваныя — карусельныя, капіравальна-Ф.с., разьба-, зубафрэзерныя (выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы аднатыпных дэталей); спец. (робяць адну ці некалькі пэўных фрэзерных аперацый). На Беларусі Ф.с. вырабляюцца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебскім заводзе заточных станкоў, Гомельскім станкабуд. з-дзе імя Кірава.
2) У дрэваапрацоўцы — станок для фрэзеравання дэталей крывалінейнай формы, зарэзкі пальцаў, контурнай апрацоўкі шчытоў ці вузлоў вырабаў і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМО́ЧВАННЕ,
паверхневая з’ява, якая назіраецца пры кантакце вадкасці з цвёрдым целам. Адбываецца ў прысутнасці трэцяй фазы — газ (пара) ці інш. вадкасць, што не змешваецца з першай вадкасцю (выбіральнае З.). Праяўляецца ў расцяканні вадкасці па цвёрдай паверхні, скрыўленні свабоднай паверхні вадкасці каля сценак капіляра (утварэнне ўвагнутага меніска), прамочванні сітаватых цел і парашкоў.
Абумоўлена міжмалекулярным узаемадзеяннем, а ў некаторых выпадках і інш. працэсамі (напр., утварэннем хім. злучэнняў, дыфузіяй, хемасорбцыяй) у паверхневым слоі змочваемага цела (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Найб.універсальны метад рэгулявання З. — выкарыстанне паверхнева-актыўных рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., металургічных, флатацыйных), тэкст. вытв-сці, пры вырабе і апрацоўцы кінафотаматэрыялаў, нанясенні плёнак і пакрыццяў, пайцы металаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙН Раман Іванавіч (31.3.1858—3.5.1924),
рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1877—82; акадэмік з 1907), у Парыжы ў Ш.Гарнье (да 1884). Выкладаў у Рыжскім політэхн. ін-це (1916—18) і ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы (1918—23) у Маскве. Пабудовы пераважна ў духу неакласікі і гіст. стыляў з выкарыстаннем новых матэрыялаў і канструкцый: у Маскве — будынак Музея выяўл. мастацтваў імя А.Пушкіна (1898—1912), Сярэднія гандл. рады на Краснай пл. (1892), універсальны магазін «Мюр і Мерыліз» (цяпер ЦУМ; 1908), Барадзінскі мост (1912). У 1918—24 удзельнічаў у арх. конкурсах на праекты рабочых пасёлкаў для Данбаса, Грознага, Туапсэ.
Р.Клейн. Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве. 1898—1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАРАЎ Яўграф Сцяпанавіч (22.12.1853, г. Арэнбург, Расія — 21.5.1919),
расійскі геолаг, мінералог, петрограф; адзін з заснавальнікаў структурнай крышталяграфіі. Акад.Рас.АН (1919). Скончыў Ваен.-інж. вучылішча (1872), Пецярбургскі горны ін-т (1883). З 1885 у Геал. к-це, з 1895 праф. Маскоўскага с.-г. ін-та. У 1905—10 дырэктар Пецярбургскага горнага ін-та. Навук. працы па тэорыі сіметрыі і будове крышталёў (вывеў 230 законаў будовы крышт. рашоткі; 1890); распрацаваў метады крышталеграфічнага даследавання, спраектаваў двухкружны тэадалітны ганіёметр (1889), вынайшаў універсальны аптычны столік, т.зв. фёдараўскі столік. Заснаваў крышталехім. аналіз (вызначэнне рэчыва па форме крышталёў).
Тв.:
Симметрия и структура кристаллов: Основные работы. М., 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,
сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.Ларусам сумесна з О.Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) і «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).
Публ.:
Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр.М., 1998.