ФІ́ШЭР (Fischer) Эрнст Ота (н. 10.11.1918, Сольн каля Мюнхена, Германія),
нямецкі хімік-арганік. Чл. Баварскай АН (1964). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1977) і інш. Скончыў Мюнхенскі тэхн.ун-т (1949), дзе і працуе. У 1964—84 праф. і дырэктар Ін-та неарган. хіміі (г. Мюнхен). Навук. працы ў галіне хіміі металаарган. злучэнняў. Вызначыў структуру ферацэну (1952), сінтэзаваў інш. «сэндвічавыя» цыклапентадыенільныя вытворныя пераходных металаў. Распрацаваў універсальны метад сінтэзу арэнавых комплексаў пераходных металаў (метад Ф.), упершыню атрымаў арэнакарбанільныя, арэнцыклапентадыенільныя і інш. змешаныя π-комплексы, карбінавыя комплексы гэтых металаў. Нобелеўская прэмія 1973 (з Дж.Уілкінсанам).