боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАЗАБО́РНІКу авіяцыі,
частка сілавой устаноўкі лятальнага апарата для падводу атм. паветра да рухавіка. П. падзяляюцца на рэгулявальныя і нерэгулявальныя, паводле скорасці палёту — дагукавыя і звышгукавыя. Асн. прызначэнне П. паветрана-рэактыўнага рухавіка — сцісканне паветра тармажэннем сустрэчнага патоку (таму яны маюць форму дыфузара). У звышгукавых П. сцісканне ажыццяўляецца ў сістэме скачкоў ушчыльнення (гл.Ударная хваля). Такія П. бываюць са знешнім, унутраным ці камбінаваным сцісканнем патоку.
Схема звышгукавога паветразаборніка са знешнім сцісканнем: 1 — скачкі ўшчыльнення; 2 — абечак; 3 — цэнтральны конус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ-МО́ЛАТ,
агрэгат ударнага дзеяння для забівання паляў, які працуе па прынцыпе двухтактавага дызеля. Падвешваецца на капры або самаходныя капровыя ўстаноўкі. Ударная масіўная частка Д.-м. падае ўніз па накіравальных (штангі, труба, цыліндр), б’е па нагалоўніку палі і сціскае распыленае ў цыліндры або поршні дызельнае паліва, якое самаўзгараецца. Частка энергіі згарання перадаецца палі для апускання, частка падкідвае ўдарнае прыстасаванне Д.-м. ўверх (да 3 м). Маса ўдарных частак у штангавых Д.-м. да 2500 кг, у трубчастых да 500 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМАГА́ЎК, тамагік, тамахаак,
ударная кідальная і сякучая халодная зброя ў некат. плямён паўн.-амер. індзейцаў (шліфаваная каменная сякера з драўляным дзяржаннем, паліца з шарападобным навершам). У 16—18 ст. еўрапейцамі былі завезены медныя і жалезныя Т. (у форме сякерак). Дзяржанні Т. часта ўпрыгожваліся пёрамі і малюнкамі або піктаграфічнымі знакамі. У ваен. абрадах індзейцаў Т. меў сімвалічнае значэнне: пафарбаваны ў чырв. колер, ён служыў знакам абвяшчэння вайны або прапановай для ваен. саюза. Выраз «пахаваць Т.» азначаў «заключыць мір».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,
будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл.Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я.
атамная зброя, агульная назва зброі, паражальнае дзеянне якой заснавана на выкарыстанні ўнутрыядзернай энергіі, што вылучаецца пры ядзерным выбуху; адзін з відаў зброі масавага знішчэння. Найб. магутны сродак вядзення баявых дзеянняў, разбуральны патэнцыял якога не мае прэцэдэнтаў у гісторыі чалавецтва і нясе пагрозу для яго існавання ў цэлым. Асн. паражальныя фактары Я.з.: ударная хваля, светлавое выпрамяненне, пранікальная радыяцыя, радыеактыўнае заражэнне і эл.-магн. імпульс. Я.з. ўключае розныя ядзерныя боепрыпасы (баявыя ч. ракет і тарпед, авіяц. і глыбінныя бомбы, артыл. снарады і міны, што забяспечаны ядз. ці тэрмаядз. ўстройствамі), сродкі дастаўкі іх да цэлі і сродкі кіравання імі. У залежнасці ад адз. зараду падзяляецца на тры пакаленні. У Я.з. 1-га пакалення ў боепрыпасах выкарыстоўваюць рэчывы, што дзеляцца (239Pu, 235U), напр., першая сав.ядзерная бомба, выпрабаваная ў жн. 1949. У Я.з. 2-га пакалення пры выбуху вылучаецца не толькі энергія ад дзялення 239Pu і 235U, але і ад тэрмаядз. рэакцыі сінтэзу лёгкіх элементаў (ізатопаў вадароду — дэйтэрыю і трытыю). Бомба такога прынцыпу дзеяння наз. вадароднай і ўпершыню выпрабавана ў СССР (жн. 1953). Мае значна большую, практычна неабмежаваную магутнасць. Да 3-га пакалення адносяць боепрыпасы, у якіх значная ч. энергіі выбуху ператвараецца ў інш. форму, чым ударная хваля і цеплавое выпрамяненне, і канцэнтруецца пераважна ў адным напрамку (напр., нейтронныя боепрыпасы, у якіх энергія пераўтвараецца ў нейтроннае і γ-выпрамяненне — нейтронныя бомбы і лазеры з ядз. напампоўваннем). Паводле выкарыстання Я.з. падзяляецца на; стратэгічную — прызначаную для знішчэння агульнага ваен.-эканам. патэнцыялу праціўніка, мае вял. ці міжкантынент. далёкасць; тактычную, ці зброю поля бою магутнасцю ад 1 кт да 1 Мт. Стратэг.ядз. сілы ўключаюць міжкантынент. і балістычныя ракеты наземнага базіравання, балістычныя ракеты з ядз. боезарадамі на падводных лодках і стратэг. бамбардзіроўшчыкі міжкантынент. далёкасці, аснашчаныя бомбамі, ракетамі, крылатымі ракетамі з ядз. зарадамі. Пасля атамных бамбардзіровак амер. авіяцыяй яп. гарадоў Хірасіма і Нагасакі (жн. 1945) Я.з. стала гал. чынам ваен.-паліт. сродкам націску і стрымлівання ў супрацьстаянні вял. дзяржаў (гл.«Халодная вайна»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЧО́Ў Мікалай Мацвеевіч (19.12.1910, в. Лопуш Бранскай вобл., Расія — 10.3.1992),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Гал. рэдактар час. «Советский Союз» (1950—54 і 1956—91). Аўтар паэтычных зб. «Паўночны Захад» (1935), «Па дарогах вайны» (1945), «Пасля навальніцы» (1952), «Дарагія землякі» (1954), «Роздум» (1955), «Белае — чорнае» (1965), «І вецер з чатырох бакоў...» (1968), «Споведзі на шляху» (1970), «... І песня зорак» (1979), «Секунды, дні, гады» (1982); паэм «Відліца» (1940), «Калгас «Бальшавік» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Вясна ў «Перамозе» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «У нашых знаёмых» (1955), «Амерыка, Амерыка!» (1961), «Сталь і моль» (1962); аповесці «Белы анёл у полі» (1967); раманаў «Ударная сіла» (1971), «Бітва» (1976). Пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Выбар стагоддзя», 1983), артыкулы пра л-ру (кн. «Палеміка», 1963). Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУРМАВЫ́Я АТРА́ДЫ (ням. Sturmabteilungen, скарочана SA),
паўваенныя злучэнні Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі ў 1921—45. Напачатку выкарыстоўваліся А.Гітлерам як ударная дапаможная сіла пры правядзенні прапагандысцкіх кампаній. З 1923 іх (каля 2 тыс.чал.) узначальваў Г.Герынг. Пасля «піўнога путчу» 1923 забаронены, у 1925 адноўлены і сталі масавай арг-цыяй (сац. база — моладзь, беспрацоўныя і інш.). З 1931 узмацнілася іх берлінская арг-цыя на чале з яе нач. штаба Э.Ромам (Рэм). З прыходам да ўлады ў Германіі нацыстаў (1933) Ш.а. — гал. інструмент іх тэрору (у Прусіі з 22.2 да 2.8.1933 выкарыстоўваліся як «дапаможная паліцыя»). У выніку забойства Рома (30.6.1934) і інш. кіраўнікоў, якія прэтэндавалі на лідэрства ў нацысцкай партыі, страцілі паліт. значэнне на карысць СС; іх колькасць паменшылася з 4,5 млн. ў чэрв. 1934 да 1,2 млн.чал. у 1938. Пасля разгрому герм. фашызму (1945) Ш.а. забаронены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.