ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЬКО́ВІЧ ((Wańkowicz) Мельхіёр) (10.1.1892, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1974),

польскі празаік і публіцыст. З роду Ваньковічаў. Скончыў Варшаўскі ун-т (1922). Аўтар брашуры «Чаму польскі салдат уваходзіць у Літву і Беларусь» (1919). На ўспамінах аб дзіцячых гадах заснавана аповесць «Шчанюковы гады» (1934). Пасля наведання СССР выдаў кнігу рэпартажаў «Анер’еная рэвалюцыя» (1934). З 1949 жыў у ЗША, у 1958 вярнуўся ў Варшаву. Аўтар гіст. аповесці з часоў грамадз. вайны «Шпіталь у Ціхінічах» (2-е выд., 1935), рамана «Зелле на кратэры» (1957), аповесці «Вестэрплятэ» (1959), нарысаў і рэпартажаў «Монтэ Касіна» (1957), «Ад Стоўбцаў да Каіра» (1969), успамінаў «Туды і сюды» (1961) і інш.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНСКАЯ ДЭМІЛІТАРЫЗАВА́НАЯ ЗО́НА Існавала ў 1919—36. Устаноўлена пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919

(гл. таксама карту да гэтага арт.),

ахоплівала тэр. Германіі на левым беразе р. Рэйн і паласу шырынёй 50 км на яе правым беразе. У зоне забаранялася размяшчаць герм. войскі, будаваць ваен. ўмацаванні і г.д. Яе мірны статус пацверджаны Лакарнскімі дагаворамі 1925. У сак. 1936 нацысцкі ўрад А.​Гітлера абвясціў пра аднаўленне поўнага суверэнітэту Германіі над Р.д.з. і ўвёў туды войскі, што прывяло да ліквідацыі зоны ў парушэнне ўмоў Версальскага і Лакарнскіх дагавораў. Пасля поспеху гэтай акцыі нацысты распачалі падрыхтоўку да аншлюсу Аўстрыі.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-КІТА́ЙСКА-МАНГО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915, Кяхцінскае пагадненне 1915. Падпісана ў г. Кяхта (Расія) 7 чэрв. прадстаўнікамі ўрадаў Расіі, Кітая і Манголіі Знешняй, якая ў 1911 абвясціла пра сваю незалежнасць ад Кітая. У асноўным пацвердзіла палажэнні рус.-манг. пагаднення 1912 і рус.-кіт. дэкларацыі 1913 пра аўт. статус Знешняй Манголіі у складзе Кіт. Рэспублікі. Паводле пагаднення, урад Знешняй Манголіі прызнаў вярх. суверэнітэт Кітая; у сваю чаргу кіт. ўрад пагадзіўся з аўтаноміяй Знешняй Манголіі на чале з богда-гэгэнам (галавой манг. ламаісцкай царквы), абавязаўся не ўводзіць туды свае войскі, не засяляць кіт. каланістамі. Восенню 1919, у час грамадз. вайны ў Расіі, кіт. войскі акупіравалі Знешнюю Манголію. 22.11.1919 кіт. ўрад абвясціў пра скасаванне пагаднення.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.​Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.​Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНО́ЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан 208-га партыз. атрада (камандзір У.​І.​Нічыпаровіч) з ням.-фаш. захопнікамі, якія праводзілі карную экспедыцыю ў Кліноцкім лесе Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. сак. 2 пях. палкі гітлераўцаў, падтрыманыя авіяцыяй і артылерыяй, акружылі партыз. лагер у лесе за 6 км на Пн ад в. Клінок і пачалі наступленне, але партызаны, дзякуючы здабытым у час бою дакументам і картам праціўніка, у ноч на 6 сак. перадыслацыраваліся за 5 км на Пн, вывезлі туды параненых, боепрыпасы, гаручае, занялі там абарону. Раніцай 7 сак. яны контратакавалі гітлераўцаў на месцы былога лагера, рассеялі засадную групу праціўніка, знішчылі мінамётную батарэю, кулямёты, перасеклі шашу Чэрвень—Пухавічы і выйшлі з акружэння. Не дасягнуўшы поспеху, фашысты спалілі пас. Кукіга і в. Лужыца (не аднавілася) Пухавіцкага р-на.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕДЭ́ЦІ ((Benedetti) Марыо) (н. 14.9.1920, г. Паса-дэ-лос-Торас, Уругвай),

уругвайскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст. Ліраэпічнай накіраванасцю адметныя зб-кі вершаў «Непазбыўны пярэдадзень» (1945), «Вершы за канторкай» (1958), «Будзённыя паэмы», «Пазнанне айчыны» (абодва 1963), «Блізкая блізкасць» (1965), «Штодзённае» (1979). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Хто з нас» (1953), «Перадышка» (1960), «Дзякуй за аганёк» (1965, рус. пер. 1969), «Дзень нараджэння Хуана Анхеля» (1971), зб-ках апавяданняў «Гэтай раніцай» (1949), «Апошняе падарожжа і іншыя апавяданні» (1951), «Жыхары Мантэвідэо» (1959), «Смерць і іншыя сюрпрызы» (1968), п’есах «Вы, напрыклад» (1957), «Рэпартаж» (1958), «Туды і назад» (1963), «Пэдра і капітан» (1979). Аўтар кн. літ.знаўчых і крытычных прац «Марсель Пруст і іншыя нарысы» (1951), «Уругвайская літаратура — стагоддзе дваццатае» (1963), «Геній і постаць Хасэ Энрыке Радо» (1966) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Поэты Уругвая. М., 1974;

Рассказы. М., 1977.

І.​Л.​Лапін.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛТ,

старажытнае жаночае ўпрыгожанне. Вядома ў слав. і некаторых інш. народаў у 11—13 ст. Меў выгляд акруглай ці зоркападобнай формы метал. падвескі, якая мацавалася да галаўнога ўбору з 2 бакоў на ланцужках або стужках. У сярэдзіне К. быў звычайна пустацелы; мяркуецца, што туды змяшчалі тканіну, прамочаную духмяным алеем. У 11—12 ст. выраблялі з золата, серабра, з канца 12 ст. з’яўляюцца больш танныя К. з бронзы і свінцу. К. упрыгожвалі перагародчатымі эмалямі, аздаблялі філігранню, сканню, зярненнем, цісненнем, чарненнем. У арнаментыцы трапляюцца выявы птушак, птушак з жаночымі галовамі, «дрэва жыцця» і інш. У Беларусі выяўлены ў час археал. раскопак у г. Брэст, Мінск, Полацк, каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш.

І.​М.​Каранеўская, Г.​В.​Штыхаў.

Сярэбраныя колты канца 12 — пач. 13 ст. з гарадзішча Вішчын Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА ((Gama) Васка да) (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),

партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.

В. да Гама.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)