РО́ДЫ ў чалавека,

фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл. Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл. Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.

В.​І.​Дуда.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),

раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.

Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.​М.​Пусепам у 1912.

На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.​І.​Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).

Літ.:

Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;

Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;

Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.

А.​Ф.​Смеяновіч.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,

паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)