БІЯПА́ЛІВА, біялагічнае паліва,
1) біямаса, здольная пры згаранні даваць энергію (драўніна, торф, водарасці і інш.).
2) Арганічныя адкіды (гной, смецце, памёт, драўнянае пілавінне і інш.), якія выдзяляюць у працэсе распаду цяпло. Біяпаліва шырока выкарыстоўваюць для абагравання цяпліц, парнікоў і ахаванага грунту. Пры распаданні біяпаліва вылучаюцца вуглякіслы газ, аміяк і вада, якія спрыяюць росту і развіццю раслін.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАДАРА́ЦЫЯ,
пазбаўленне ад непрыемнага паху цела чалавека, памяшканняў і хім. рэчываў з дапамогай спец. саставаў (дэзадарантаў). Дасягаецца вентыляцыяй памяшканняў, выкарыстаннем дэзадарантаў (у ветэрынарыі — торф, драўняны вугаль, марганцавакіслы калій, фармалін, хлорная вапна, азон і інш), своечасовай фіз. і хім. апрацоўкай адходаў і нечыстот. Да дэзадарантаў цела часта дабаўляюць касметычныя сродкі — ласьёны, крэмы, пасты і інш. Д. папярэднічае гігіенічная апрацоўка.
т. 6, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧЧА,
радовішча глін у Брэсцкім р-не, каля в. Буякі. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны ад блакітна- да буравата-шэрых, сярэднедысперсныя, сярэднепластычныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 4,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—7,6 м, ускрышы (торф, супескі, суглінкі, пяскі) 1,1—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і пячных кафляў.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ БОР,
балота ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Котра. Нізіннага (93%) і вярховага тыпаў. Пл. 6,3 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,5 тыс. га. Глыб. торфу да 5 м, сярэдняя 1,3 м. Амаль на ўсёй пл. ёсць падсцілачны торф і сапрапель. Балота часткова асушана. На неасушанай ч. пераважае разнатраўная асакова-сфагнавая расліннасць, на 2,3 тыс. га хваёвы лес.
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́НА-МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ, гумінавыя ўгнаенні,
угнаенні з арган. рэчываў і звязаных з імі хімічна ці адсарбцыйна мінер. злучэнняў. Атрымліваюць апрацоўкай гумінавых кіслот ці матэрыялаў, у якіх яны ёсць (торф, буры вугаль, сланец, глей, перагной), аміякам, аміячнай вадой, аміячнымі растворамі фасфатаў, фосфарнай к-той, калійнымі солямі. Маюць розны састаў і назву: гумафос, гумафоска, торфа-аміячныя ўгнаенні, гуматы натрыю, амонію і інш. Найб. пашыраны торфа-мінеральныя і торфа-аміячна-мінер. ўгнаенні.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
арганагенныя і мінеральныя асадкі, якія намнажаюцца ў балотах. Сярод балотных адкладаў пераважае торф. На балотах, што акрамя атм. ападкаў жывяцца грунтавымі водамі значнай мінералізацыі, утвараюцца мергелі, балотныя жал. руды, фасфатныя (вівіяніт) і інш. мінералы. Інтэнсіўна намнажаліся ў каменнавугальным, юрскім, палеагенавым і неагенавым перыядах гісторыі Зямлі, ад якіх захаваліся як паклады каменнага і бурага вугалю. Пашыраны на нізінах ва ўсіх прыродных зонах, акрамя палярных і пустынных абласцей, на Беларусі — усюды.
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЧНА,
балота на ПдЗ Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне. Мяшанага (70%), нізіннага (25%) і вярховага тыпаў. Пл. ў межах Беларусі 12,8 тыс. га, на Украіне 0,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу на Беларусі 10,2 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м. Амаль на ўсёй плошчы падсцілачны торф магутнасцю 1,2 м, месцамі пад ім трапляецца сапрапель. На асушаных землях сеюць збожжавыя і прапашныя культуры, травы.
т. 10, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРА́САЎ (Георгій Пятровіч) (н. 8.7.1940, в. Хлебнікава Маскоўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Ін-це торфу АН Беларусі. Навук. даследаванні па распрацоўцы тэхналогіі і абсталявання для здабычы і перапрацоўкі торфу і сапрапеляў, вытв-сці комплексных грануляваных угнаенняў на гэтай аснове, аднаўленні заглееных вадаёмаў.
Тв.:
Торф на удобрение. Мн., 1983 (у сааўт.);
Комплексные гранулированные удобрения на основе торфа. Мн., 1988.
т. 4, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,
міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс. г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.
т. 5, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ШЫНА,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў ва Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., каля вёсак Мажуйкі і Зерчаніцы. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял шэры, месцамі гліністы. Пяскі сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 25,2 млн. м³, перспектыўныя — 33,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—15 м, ускрышы (пяскі, торф) 0,2—3,4 м. Жвір і пясок прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 11, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)