«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,

гл. ў арт. «Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».

«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,

шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж. прэмія БССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.

С.​П.​Самуэль.

«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»

Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),

зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.

«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»

Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),

зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРАВА,

горад у Расіі, цэнтр Кемераўскай вобл., на р. Том, пры ўпадзенні р. Іскіцім. Засн. ў 1918 з с. Шчаглова (вядома з 1720) і с. Кемерава (з 1863), у 1925—32 наз. Шчаглоўск. 500 тыс. ж. (1997). Прыстань. Чыг. станцыя. Прам-сць: хім., машынабудаванне (хім. машынабудаванне, эл.-тэхн., эл. рухавікі, эл. маторы, стромаўталініі і інш.), лёгкая, харч., мед. і буд. матэрыялаў. У раёне вядзецца здабыча каменнага вугалю. 5 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Музеі краязнаўства і выяўл. мастацтваў.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІХО́Н СЁКІ»,

«Ніхонгі» («Аналы Японіі»), хроніка кіравання яп. імператараў, якая пачынаецца з міфічнага Дзіму (7 ст. да н.э.) і даведзена да 697 н.э. (31 том, апошні з іх страчаны). Складзена ў 720. Уключае легенды і міфы пра заснаванне яп. дзяржавы, дакладныя хронікі кіравання яп. імператараў 5—7 ст., вытрымкі з афіц. дакументаў і запісаў. Працягам «Н.с.» з’яўляюцца «Сёку Ніхонгі» («Працяг аналаў Японіі»), якія ахопліваюць перыяд 697—791 (40 тамоў).

Публ.: Нихон сёки = Анналы Японии: Пер. со старояп. Т. 1—2. СПб., 1997.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Мацвей Мацвеевіч) (26.11.1826, г. Вятка, Расія — 22.4.1866),

рускі астраном, адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Скончыў Казанскі ун-т (1847). З 1850 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1852 пам. дырэктара Віленскай астр. абсерваторыі. Адзін з першых наладзіў сістэм. фатаграфаванне паверхняў Сонца і Месяца з мэтай даследавання астрафіз. з’яў. Выдаваў першы ў Расіі часопіс па дакладным прыродазнаўстве «Вестник математических наук», пераклаў на рус. мову 3-і («астранамічны») том «Космасу» А.​Гумбальта.

Літ.:

Перель Ю.Г. М.​М.​Гусев // Астроном. журн. 1952. Т. 29, вып. 4;

Беспамятных Н.Д., Пирогова Э.К. М.​М.​Гусев // Историко-астрономические исследования. М., 1983. Вып. 16.

А.​І.​Болсун.

М.М.Гусеў.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗЦО́Ў (Сяргей Уладзіміравіч) (5.7.1901, Масква — 8.5.1992),

рускі тэатр. дзеяч, акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1954). Герой Сац. Працы (1971). З 1931 кіраўнік Цэнтр. т-ра лялек у Маскве. Распрацаваў тэорыю і методыку т-ра, стварыў рэпертуар, выхаваў плеяду акцёраў і рэжысёраў. З 1973 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў (з 1976, з 1984 ганаровы прэзідэнт) і Сав. цэнтра гэтай арг-цыі (з 1958). Працаваў таксама ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946, Дзярж. прэмія Расіі 1967, Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

О том, что я увидел, узнал и понял во время двух поездок в Лондон. М., 1957;

Моя профессия. М., 1981.

Літ.:

Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971.

С.У.Абразцоў.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЕ́ЦКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная катлавіна на Пд Зах. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі, паміж Кузнецкім Алатау на ПнУ, Салаірскім кражам на ПдЗ і Горнай Шорыяй на Пд. Пл. 70 тыс. км², даўж. 400 км, шыр. 120 км. Хвалістая алювіяльная раўніна, выш. 200—500 м расчлянёна густой сеткай далін рэк Том, Іня і інш. прытокаў р. Об; у цэнтры — горныя кражы (выш. да 740 м), складзеныя з базальтаў. У межах катлавіны — Кузнецкі вугальны басейн. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля -18 °C, ліп. 18—20 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—500 м. На ПнЗ разнатраўе — кавыльныя стэпы на вышчалачаных чарназёмах, бярозава-асінавыя колкі, на У — піхтава-асінавая тайга. Пашырана земляробства (пшаніца, авёс, жыта, бульба).

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук»,

збор дакументаў па паліт. і ваеннай гісторыі Расіі. Выдадзены Рас. АН пад рэд. Н.​А.​Папова і Дз.​Я.​Самаквасава (т. 1—3. Спб., 1890—1901). Том 1-ы ахоплівае 1571—1634, 2-і — 1635—59, 3-і — 1660—64. Змешчаны дакументы са справаводства Маскоўскага стала Разраднага прыказа: пра станічную і вартавую службу на Пд Расіі ў 1570—90-я г., засечную пабудову 1638, барацьбу з набегамі крымскіх татараў у 17 ст. Шэраг дакументаў прысвечаны ваен. дзеянням 1614—18, войнам з Рэччу Паспалітай (1632—34, 1654—67) і Швецыяй (1656—58), эканам., паліт., ваен. гісторыі Рэчы Паспалітай і Крыма; ёсць звесткі пра становішча служылых людзей, Маскоўскае паўстанне 1662.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»

[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],

серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.

З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛО́РМ (Delorme, de 1Orme) Філібер (паміж 1510—15, г. Ліён, Францыя — 8.1.1570), французскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры эпохі Адраджэння. У 1533—36 у Рыме вывучаў ант. архітэктуру. З 1541 архітэктар караля. Работам уласціва спалучэнне ордэрных і гатычных элементаў: замак у Анэ 1543—55 (захаваўся часткова), грабніца Францыска I у царкве Сен-Дэні (Парыж, 1547), працы ў замках Фантэнбло (1548—54), Венсан (1558), Ле Мюэт (1550), шматлікія пабудовы ў Парыжы. Аўтар праекта замка Цюільры ў Парыжы (разбураны ў 1871). Увёў франц. калону (з дэкарыраванымі паясамі), «аркі Дэлорма» (драўляныя формы для перакрыцця вял. праёмаў). Аўтар тэарэт. прац «Новыя вынаходніцтвы для добрага ўмацавання гарадоў пры малых затратах» (1561), «Першы том архітэктуры Філібера Дэлорма» (1567), якія паспрыялі ўзнікненню класіцыстычнай плыні ў франц. архітэктуры.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,

сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.​Ларусам сумесна з О.​Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) і «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).

Публ.:

Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр. М., 1998.

Літ.:

Гудовщикова И.В. Общие зарубежные энциклопедии. Л., 1963.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)