Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА́Т (ад лац. alligo прывязваю),

пераплеценыя ў адзін том самастойныя выданні або рукапісы. Ствараецца звычайна з-за нязручнасці захоўвання тонкіх, непераплеценых кніг, брашур, сшыткаў паводле алфавітнага або тэматычнага (гл. Канвалют) прынцыпу.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ ФЕАДАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху феодализма»,

зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ад стараж. часоў да 1861. Падрыхтаваны Ін-там гісторыі АН БССР і Архіўным упраўленнем пры СМ БССР (т. 1—4, Мн., 1959—79). Матэрыялы для зборніка запазычаны з інш. выданняў, значная частка (асабліва за 17—19 ст.) выяўлена ў архівах; апублікаваны на рус. і стараж.-бел. мовах, некаторыя дакументы — у перакладах з польск. і лац. моў.

1-ы том (ад стараж. часоў да сярэдзіны 17 ст.) змяшчае матэрыялы пра развіццё феадалізму, феад. раздробленасць, утварэнне ВКЛ, уніі з Польшчай. Матэрыялы 2-га тома (сярэдзіна 17 — 18 ст.) прысвечаны вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, сац.-эканам. і культурнаму развіццю Беларусі, паліт. і рэлігійным рухам. 3-і том (канец 18 — 1-я пал. 19 ст.) змяшчае дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай і сац.-эканам. становішчы Беларусі, 4-ы том (1-я пал. 19 ст.) — пра вайну 1812, палітыку рас. улад на Беларусі, нац.-вызв. рух, культуру Беларусі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВАЛЮ́Т (ад лац. convolutus згорнуты, сплецены),

зборнік, складзены з некалькіх самаст. выданняў (кніг, часопісаў, брашур, адбіткаў артыкулаў) ці рукапісаў, пераплеценых у адзін том. Раней К. называлі зборнікі разнастайных матэрыялаў, пазней — толькі тэматычныя зборнікі.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ССР. КАРО́ТКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» (КБелСЭ). Выдадзена ў Мінску ў 1978—81 на бел. і ў 1979—82 на рус. мовах у 5 тамах. Першае на Беларусі шматтомнае рэгіянальнае энцыклапедычнае выданне, цалкам прысвечанае бел. тэматыцы.

Уключае 15 700 энцыклапедычных артыкулаў. У 1-м томе даюцца звесткі пра гісторыю, грамадскі і дзярж. лад Беларусі, у т. л. пра яе адм.-тэр. падзел, населеныя пункты, міжнар. сувязі і інш. У 2-м томе — артыкулы пра прыроду і эканоміку Беларусі, гісторыю нар. гаспадаркі, найноўшыя кірункі бел. прам-сці і с.-г. вытв-сці. 3-і том змяшчае матэрыялы пра навуку і навук. ўстановы, тэхніку і тэхналогіі, нар. асвету і культ.-асв. ўстановы рэспублікі, друк, тэлебачанне, радыёвяшчанне, ахову здароўя, фізкультуру і спорт. У 4-м томе інфармацыя пра насельніцтва, яго побыт, мову, літаратуру, мастацтва, архітэктуру. 5-ы томбіягр. даведнік: персаналіі бел. дзярж. і грамадскіх дзеячаў, герояў вайны і працы, вядомых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, спартсменаў і інш.

В.​К.​Шчэрбін.

«Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». Т. 1-5. 1978—81.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),

збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.​Фіялкам (1864—1936) і У.​Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.​Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.​Длугаша, М.​Стрыйкоўскага, І.​М.​Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.

Публ.:

Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.

Літ.:

Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;

Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАКУЗНЕ́ЦК,

горад у Кемераўскай вобл., на р. Том, у Расіі. Засн. ў 1617. У 1932—61 наз. Сталінск. 583 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Кузнецкі, Зах.-Сібірскі металургічныя камбінаты, з-ды ферасплаваў, алюмініевы. жалезабетонных вырабаў, хім.-фармацэўтычнае ВА. Машынабудаванне, металаапр., лёгкая, харч. прам-сць. Здабыча каменнага вугалю. На тэр. горада 12 шахтаў і 3 вугальныя разрэзы. 2 ВНУ, 2 тэатры, 4 музеі, у т. л. краязнаўчы, выяўл. мастацтва.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,

гл. ў арт. «Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».

«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,

шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж. прэмія БССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.

С.​П.​Самуэль.

«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»

Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),

зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.

«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»

Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),

зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІБЛІОТЭ́КА ВАРША́ВСКА»

(«Biblioteka Warszawska»),

польскі навук.-літ. штомесячнік. Выдаваўся ў 1841—1914 у Варшаве на польск. мове. Да заснавання час. «Атэнэум» (1876) быў адзіным у Варшаве навук. выданнем энцыклапедычнага характару. Друкаваў працы па гісторыі, філасофіі, этнаграфіі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, прам-сці, біяграфіі польск. і зарубежных дзеячаў, хроніку, крытычныя артыкулы, агляды перыяд. друку, бібліягр. звесткі. Змяшчаў таксама артыкулы па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, геаграфіі і гаспадарцы Беларусі. Выйшла 295 тамоў (кожны том складаўся з 3 сшыткаў).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)