часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.Купала).
У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЛА-ВАЛО́ (Алексантэры) (Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),
мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.Коласа «Новая зямля», А.Александровіча «Угрум», П.Труса «Ветры буйныя», А.Вольнага «Табе», М.Нікановіча «Вясновы прамень», К.Чорнага «Хвоі гавораць» і інш. Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.
Л.Дз.Налівайка.
А.Ахола-Вало. Вокладка кнігі П.Труса «Ветры буйныя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),
венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед.ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),
польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.
Тв.:
Wybór poezji. Warszawa, 1960;
Бел.пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́НА ((Nono) Луіджы) (29.1.1924, г. Венецыя, Італія — 8.5.1990),
італьянскі кампазітар; адзін з прадстаўнікоў муз.авангарду. Скончыў Падуанскі ун-т (1946). Вучыўся ў кансерваторыі ў Венецыі ў Ф.Маліп’ёра і інш. Шырока выкарыстоўваў серыйную тэхніку. сродкі алеаторыкі, сенорыкі, электроннай музыкі і інш. Многія яго творы антыімперыяліст., антыфаш. накіраванасці: «Эпітафія Ф.Гарсіі Лорку» (1953), «Польскі дзённік 1958» для арк. (1959), кантаты «Перарваная песня» (1956), «На мосце Хірасімы. Песні жыцця і кахання» (1962); «Помні, што табе зрабілі ў Асвенціме» для сапрана, дзіцячага хору і магнітафона (1987). З інш. твораў: оперы «Нецярпімасць 1960» на тэксты Б.Брэхта, П.Элюара, У.Маякоўскага, Ж.П.Сартра (паст. 1961), «Пад шалёным сонцам кахання» (паст. 1975), «Праметэй» (паст. 1984), балет «Чырвоны плашч» (паст. 1954); творы для салістаў, хору і арк.; «Хары Дыдоны» для 32 спевакоў і ўдарных інструментаў; творы для арк.; інстр. ансамблі, у т. л. «Паліфоніка-Манодыя-Рытміка» (1951), электронная музыка і інш. Аўтар кніг і артыкулаў па музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ (сапр.Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч
(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЙ ((May) Уолтэр) (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),
англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, В.Лукша, С.Панізнік, Я.Семяжон, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;
У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.
Літ.:
Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАНО́ВІЧ (Давід Рыгоравіч) (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Избранное. Мн., 1995;
Солнечный хмель. Мн., 1982;
Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;
Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;
Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.