АНА́ПЕСТ (грэч. anapaistos літар. адлюстраваны назад; адваротны дактылю),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 2 кароткіх і 1 доўгага (◡◡-).

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на трэцім складзе (- - ): «Пацяклі́, паплылі́ за гадамі́ гады́... // На гусля́равым на́спе жвіро́вым...» (Я.​Купала. «Курган»). У рус. паэзіі анапест упершыню ўжыў А.​Сумарокаў у «Одзе супраць зладзеяў». У бел. паэзіі ўзнік у канцы 19 ст. разам з развіццём новых формаў верша.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́ХІЙ (грэч. pyrrhichios ад pyrrhichē ваяўнічы танец),

1) у антычным вершаскладанні стапа з двух кароткіх складоў (◡◡), самастойна не ўжывалася.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні — умоўная назва пропуску націску на рытмічна моцным складзе ў ямбе ці харэі:

І вось надарыцца часамі
Мароз над усімі маразамі
Ідзе сярдзіта, пагражае,
Па даху гонтамі страляе.
(Я.​Колас. «Новая зямля»)

Сустракаецца ў пачатку і ў сярэдзіне вершаванага радка (акрамя апошняй стапы), часцей у шматскладовых словах.

А.​А.​Майсейчык.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́Р ВЕРШАВА́НЫ,

спосаб арганізацыі гукавога складу асобнага вершаванага твора ці яго ўрыўка (у выпадку паліметрыі). У метрычным вершаскладанні вызначаецца раўнамерным чаргаваннем доўгіх і кароткіх складоў, у сілабічным вершаскладанні — колькасцю складоў (8-складовік, 10-складовік), у танічным вершаскладанні — колькасцю націскаў (верш 3-націскны, 4-націскны), у сілаба-танічным вершаскладанні — колькасцю і якасцю асобных складоў у стапе (2-складовыя — харэй і ямб, 3-складовыя — дактыль, амфібрахій, анапест). Функцыянальна П.в. непасрэдна звязаны з агульным выяўл. патэнцыялам верша, арыгінальнасцю і навізной яго паэт. формы.

Літ.:

Гл. пры арт. Вершаскладанне.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНАЯ РЫ́ФМА, сумежная рыфма,

рыфма, якая звязвае два суседнія вершаваныя радкі ці рытмарады па схеме аабб. Пашырана ў нар. вершаскладанні і сілабічных вершах:

Вясна красна па зарэччу йшла,
А малым дзеткам па яечку нясла,
А старым дзядкам па кіёчку,
Маладым жанкам па сыночку.
(«Вясна красна па зарэччу йшла»)

У бел. паэзіі П.р. выкарыстоўваецца і ў сілаба-танічным вершы (часцей у двухрадкоўях і ў астрафічным вершы):

Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак.
Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!
Над полем шырокім, над борам высокім світае.
Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!
(Я.​Пушча. «Дзень добры!»)

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ВЕРШ,

нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.​Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.​Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.​Танк («Люцыян Таполя») і інш.

І.​Ф.​Штэйнер.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),

антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.​Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.​Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):

З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.

(2-і і 4-ы радкі — П.).

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасці ўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус. быліны, укр. думы, бел. замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел. нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл. Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.​Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:

Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.

Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.

Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл. Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.

Літ.:

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),

вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).

Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.

Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.​Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.​Дрэйзіным, Б.​Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),

1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал. ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.

2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)