БЕЛАРУ́СКІХ ТАТА́РАЎ МО́ВА,

першасная цюркская мова татараў, што пасяліліся на тэр. ВКЛ у 14—16 ст. Зыходзячы з таго, што большасць бел. татараў мела крымскае паходжанне і толькі нязначная частка — залатаардынскае (волжскае) ці турэцкае, можна лічыць іх мовай кыпчацкія і агузскія дыялекты крымска-татарскай мовы (на той час яшчэ не уніфікаваныя і не зафіксаваныя ў пісьменстве). Гетэрагеннасць (неаднароднасць па складзе) беларускіх татараў мовы, рассяленне татараў па ўсім ВКЛ, няцюркскае сямейнае асяроддзе (шлюбы татараў-мужчын з беларускамі) абумовілі выцясненне з канца 16 ст. беларускіх татараў мовы бел. і польск. мовамі.

Беларускіх татараў мова мела 8 галосных (а, ы, о, у, и, ё, ю; знакі падаюцца паводле дзеючай крымска-татарскай графікі). У сістэме зычных: глыбоказаднеязычны «гъ», «къ» побач з больш пярэднімі «г», «к»; звонкая афрыката «дж», заднеязычнае «нъ». Сінгарманізм складу і слова. Назоўнікі мелі катэгорыі ліку, склону, прыналежнасці і прэдыкатыўнасці. Прыметнікі паказвалі на ступень інтэнсіўнасці. Дзеяслоў меў катэгорыі часу і асобы, ладу, стану; аддзеяслоўны назоўнік на «-макъ» выступаў у функцыі інфінітыва. У лексіцы шмат араб. і іранскіх запазычанняў.

А.Я.Супрун.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,

сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.

Літ.:

Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.

В.В.Левы.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),

найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.

У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.Ц.Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.

Літ.:

Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;

Грузенберг С.О. Гений и творчество. Л., 1924;

Жоли Г. Психология великих людей. СПб., 1894;

Оствальд В. Великие люди;

Пер. с нем. СПб., 1910.

Э.Дубянецкі.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,

сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг. склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс. г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн. чал., да канца неаліту (2 тыс. г. да н.э.) — 50 млн. чал., на пач. нашай эры — 230 млн. чал., у 1650—550 млн. чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн. чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.

Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн. чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс. народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.

Літ.:

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;

Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;

Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́Я ЎБО́РЫ,

састаўная частка адзення. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напачатку мелі пераважна практычнае значэнне. Паступова набывалі разнастайныя формы і аздабленне; станавіліся ўпрыгажэннямі і нават прадметамі раскошы. Часам выконвалі сімвалічную функцыю. На Беларусі адметныя галаўныя ўборы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Асн. формамі былі: у мужчын шапка, у дзяўчат вянок, у жанчын чапец, паверх убрус. Адлюстроўвалі маёмасную няроўнасць і сац. становішча чалавека (жаночыя — і сямейнае), паступова замацоўваліся і этнічныя асаблівасці адзення.

Галаўныя ўборы пануючых класаў выраблялі з дарагіх мануфактурных тканін і футра, багата аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам, вышыўкай і інш. Мужчынскімі галаўным ўборам магнатаў і гар. знаці ў 16—19 ст. былі кучма, ялмонка, канфедэратка, брыль, магерка з якасных матэрыялаў, у шляхты — шапкі-каўпакі, у духавенства — найперш скуф’я. Жаночыя галаўныя ўборы вызначаліся разнастайнасцю тыпаў і залежнасцю формаў ад змены стыляў у зах.-еўрап. касцюме. Былі пашыраны намітка (убрус, хустка), хустка (рабак, шырынка), рантух, каптуровыя ўборы, а таксама вянок, чылка і інш. Бел. нар. галаўныя ўборы выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шапавалы. Мужчыны насілі розныя віды шапак: суконную або лямцавую белую ці шэрую магерку, аўчынную або футравую цыліндрычную ці конусападобную кучомку, зімой — аўчынную ці футравую аблавуху. Летам найчасцей насілі валеныя ці плеценыя брылі. З канца 10 ст. набыў пашырэнне картуз, заменены ў 20 ст. кепкай. Жаночыя галаўныя ўборы 19 — пач. 20 ст. вылучаліся багаццем формаў, спосабам нашэння, вытанчанасцю мастацкага выканання. Дзявочыя ўборы ахоплівалі галаву ў выглядзе абручыка ці перавязкі-ручніка, падзяляліся на віды: вянок, скіндачка, чылка, кубак, хустка; часам яны ўваходзілі ва ўбор замужніх жанчын, якім не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы былі больш складаныя паводле будовы, больш сціплыя па дэкоры. Галаўныя ўборы жанчын падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец, наколка), падвічкавыя (падвічка). На белае поле палатна наносіўся чырвоны ці чырвона-чорны арнамент. З прыёмаў маст. афармлення пераважалі вышыўка, узорыстае ткацтва, аплікацыя парчовай тасьмой і інш. Жаночыя галаўныя ўборы не мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку.

З канца 19 ст. ў вёску ўсё шырэй пранікаюць фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі традыц. нар. галаўны ўбор.

Літ.:

Гл. пры арт. Адзенне.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),

працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел. нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.

Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж. навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш. нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.

Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш. навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.

А.П.Сманцар, С.В.Снапкоўская.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЫ,

вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.Скарына, С.Будны, А.Волан, А.Доўгірд, М.Пачобут-Адляніцкі, К.Семяновіч, А.Скарульскі, К.Нарбут, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Шадурскі і інш.

Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя і г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец. навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадскіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв. культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.

Літ.:

Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;

Полани М. Личностное знание: Пер. с англ. М., 1985;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ПАЭТЫ́ЧНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ,

вусная народная творчасць, фальклор, адзін з відаў маст. творчасці народа, што адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах, створаных паэт. словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Адлюстроўвае гісторыю і працоўны вопыт народа. Сцвярджае дабро і справядлівасць, стварыла высокія паэт. ўзоры.

Каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзіянайб. стараж. віды бел. фальклору. Аграрна-магічны характар у старажытнасці мелі ўсе песні, прымеркаваныя да святаў нар. земляробчага календара. Паводле міфапаэтычнага светаразумення яны магічным чынам садзейнічалі спору і плёну ў гаспадарцы, спрыялі дабрабыту і шчасцю сял. сям’і. Як і ў інш. слав. народаў, багаты раздзел бел. фальклору складае паэзія земляробчага каляндарнага круга. Абрады, звычаі і вераванні, песенныя цыклы, якімі абрасталі гадавыя святы, суправаджалі працу хлебароба, усю яго жыццядзейнасць дома, у полі, у лесе, у дачыненнях з жывой і нежывой прыродай, таму шырока адлюстравалі яго светапогляд, побыт, духоўнае жыццё. На іх аснове ўтварыўся своеасаблівы с.-г. каляндар, у якім адбіўся жыццёвы вопыт народа-сейбіта і ратая, яго стыхійна-матэрыяліст. светапогляд. Выяўлены ў абрадах, песнях, прыказках і прымаўках, звычаях і вераваннях, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне і стагоддзямі быў няпісаным маральна-этычным кодэксам народа.

Каляндарна-абрадавая паэзія падзяляецца на цыклы зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Гэта быў час попрадак. Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі аднастайнасць руціннай работы. Свята Каляд было ў гонар Новага года. Яно звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, гал. ч. у апошні вечар старога года (багатая куцця, ці шчадруха). Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі (некалі нават плацілі калядны падатак) — звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі «казу», якая лічылася апекуном ураджаю («дзе каза рогам, там жыта стогам»), Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыст. характар. Бел. калядкі і шчадроўкі дастасаваны найперш да земляробчай дзейнасці чалавека, тут чэрпаюць свае сюжэты, вобразы, паэтыку. Тыпалагічна яны блізкія да ўкр. калядных песень. У калядныя вечары моладзь ладзіла гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш., якіх не маюць рускія і ўкраінцы. Ачышчэнне ў абрадах увасобілася ў шырокай весялосці — гульнях, карагодах, пераапрананні. Менавіта ў каляндарных абрадавых сцэнках і ігрышчах пачатак народнага тэатра. На мяжы зімовых і веснавых песенных цыклаў узніклі масленічныя песні. Абрады адбівалі магічнае завяршэнне зімы, таму зместам іх было культавае ўшанаванне сонца і цяпла, абрадавай сытасці (рытуальнай ежай былі бліны як сімвал сонца). Асн. матывы песень — замужжа, шлюб, сямейнае жыццё. Сярод іх шмат гумарыстычных. Ад Каляд да «запустаў» (пачатку Вялікага посту) быў перыяд вяселляў. Бел. веснавы каляндарна-фальклорны цыкл мае больш за 10 песенных разнавіднасцей. Вяснянкі (веснавыя песні), юраўскія і валачобныя песні склалі бел. фальклорную класіку. Песні гукання вясны маюць тыпова магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз — «залатыя ключы», якімі «адмыкаюць» лета, «замыкаюць» зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны. Сродкамі паэтыкі створана шырокая панарама абуджэння зямлі, яе абнаўлення. Самае віднае месца сярод веснавых займалі валачобныя песні. Валачобнікі, як і калядоўшчыкі, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя на велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яркае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго язычніцка-наіўным унутр. светам і пачуццямі. А.Я.Багдановіч падкрэсліваў, што нідзе ў бел. песнях не адводзіцца такое пачэснае месца земляробчай працы, як у валачобных. З увядзеннем хрысціянства на некат. валачобных песнях адбіўся ўплыў новай афіц. рэлігіі, што, аднак, не змяніла іх паэт. сутнасці, глыбінна-зямнога сэнсу. Р.Р.Шырма адзначаў, што дзейнымі асобамі валачобных песень часта былі святыя, але яны былі найперш заняты працаю. Гэта рэальныя тыпы, створаныя фантазіяй народа. Песні такія сталі своеасаблівым падрабязным паэт. календаром правядзення работ у полі. Валачобныя песні — адна з самых яркіх з’яў у бел. вуснай нар. творчасці. Гэты жанр так шырока ўласцівы толькі бел. фальклору (крыху падобныя песні ёсць у сербаў). З першым выганам жывёлы ў поле звязаны юраўскія песні ў беларусаў і балгар. Іх ключавы матыў — «адмыканне» зямлі, «выпусканне» расы. Многія вяснянкі, юраўскія і песні «зялёных святкаў» прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў, бо сезон вяселляў пачынаўся з Вялікадня, захопліваў Сёмуху і цягнуўся да Пятровага посту. Талочныя песні выкліканы да жыцця стараж. звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх радасць, весялосць, гарэзлівасць. Талокі пашыраны толькі ў беларусаў і ў балтыйскім рэгіёне. «Зялёныя святкі» праводзіліся ўжо на пераходзе вясны ў лета. У канцы вясны святкаваўся русальны, або граны, зялёны тыдзень, абрады і песні (гл. Русальныя песні) якога звязаны з культам продкаў і культам расліннасці. Да найб. даўніх абрадаў адносіліся Дзяды (памінанне продкаў), абрады «ваджэння русалкі» і «ваджэння куста» (гл. Куставыя песні) на Піншчыне і на Украіне. Самае значнае і самае стараж. свята летняй пары — Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найб. сілы. Селянін клапаціўся пра ўраджай, каб ніякія злыя сілы не нашкодзілі яму. У беларусаў свята праводзілася з большай пышнасцю, чым у іншых. У купальскую ноч раскладалі агні, скакалі праз іх, купаліся ў рэчках і азёрах, качаліся па расе, шукалі кветку папараці. Аграрна-магічнае прызначэнне абрадаў з купальскімі песнямі мела заклінальны характар. Пра сувязь купальскіх абрадаў і песень з язычніцкім культам раслін і стараж. анімістычным светапоглядам сведчаць і павер’і пра размову дрэў. травы, каменняў, якую той ноччу можна падслухаць і зразумець, і вобраз міфічнага бажаства Купалы, многія вобразы паэтыкі песень, узятыя з расліннага свету (Папараць-кветка). Такіх песень дайшло мала. Найбольш з матывамі шлюбнымі і любоўнымі. Працяг купальскіх — Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліп.). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю. Жніво ведала некалі шэраг аграрна-магічных абрадаў — ушанаванне першага і апошняга снапоў, якія прыносілі дамоў і ставілі на покуці, «завіванне барады» на дажынках, кулянне па пожні са словамі «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку!», завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля і інш. Сляды стараж. анімістычнага светапогляду прысутнічаюць і ў жніўных песнях, дзе аб’екты прыроды надзелены антрапамарфічнымі рысамі. Найперш у гэтых песнях услаўляецца гаспадар нівы і яго жонка-жняя. Сярод бел. традыц. песень найбольш захавалася не заклінальных і велічальных, а элегічна-журботных, тужлівых або гнеўных, іранічна-насмешлівых, а таксама тых, што адлюстроўваюць гаротнае становішча селяніна ва ўмовах прыгоннага ладу, вясковай жанчыны-працаўніцы і гаротніцы. Гэта творы пазнейшага паходжання і рэаліст. характару.

У выніку параўнальнага вывучэння земляробчых абрадаў і фальклору, даследчыкі прыйшлі да вываду пра пэўную супольнасць (пры выразнай нац. спецыфіцы) вераванняў і поглядаў розных слав. народаў, блізкасць іх звычаяў, маральных установак, этычных і эстэт. нормаў, густаў, ідэалаў. Укр. вучоны Ю.З.Круць даказаў, што ўкр., бел. і польскія жніўныя песні найб. збераглі элементы абраднасці з лірычнымі і сац.-бытавымі матывамі. У рускіх пераважаюць матывы сямейныя. Польскія бурлескна-камічна велічаюць пана і высмейваюць яго прыслужнікаў. Славацкія, чэшскія і мараўскія бяднейшыя на сац.-бунтоўныя настроі (пераважаюць кароценькія інтымныя і пейзажныя прыпеўкі). У балгарскіх і сербскахарвацкіх песнях разгорнуты сумна-элегічныя баладныя сюжэты, тэма барацьбы супраць турэцкага паняволення Гэта адметнасць паміж жніўнымі песнямі славян тлумачыцца пераважна гісторыка-эканам.. паліт. і культ. ўмовамі іх жыцця.

Замыкалі гадавое кола каляндарна-абрадавай паэзіі восеньскія песні. Спявалі іх найчасцей жанчыны і дзяўчаты на супрадках, доўгімі асеннімі вечарамі, на вольным паветры, беручы лён, жнучы ярыну, збіраючы грыбы. У іх назіраецца глыбокая псіхалагізацыя вобраза чалавека, шырокае выкарыстанне вобразных рэалій прыроды.

Сямейна-абрадавая паэзія канцэнтравалася вакол нараджэння, вяселля і смерці чалавека. Радзінныя песні ў беларусаў захаваліся больш поўна, чым у рускіх і ўкраінцаў. Яны суправаджалі нараджэнне дзіцяці і мелі магічны характар. Іх асн. змест — радасць сямейнага свята. Гэтыя песні позняга паходжання, не абрадавыя, а бытавыя, звычаёвыя. Яны спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою; бабцы і кумам — дабрадушна-жартоўныя і гумарыстычныя. Нямала сярод радзінных на хрэсьбінах спявалася і фрывольных, эратычных (незамужняя моладзь, паводле звычаю, на хрэсьбіны не дапускалася). Самы багаты раздзел у традыц. нар. лірыцы беларусаў — вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу, які Е.Раманаў назваў «своеасаблівай операй». Некат. даюць мажлівасць улавіць абрадава-магічны сэнс, большасць жа — бытавая лірыка. Яны адлюстроўваюць розныя этапы шлюбу: «умыканне», купля-продаж нявесты і г.д. Усе песні заклінальнага характару прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям’і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці і г.д. Магічны характар добра відзён у каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям’і. Больш захавалася песень велічальнага характару маладому і маладой, іх быту. Вылучаюцца рэаліст. элегічныя песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асн. матывы — развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам і г.д. Вясельная паэзія беларусаў — самая багатая сярод вясельнага фальклору інш. народаў. Тысячы нар. песень услаўляюць каханне (гл. Песні пра каханне). Шчырасць, душэўная чысціня і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны, вышыня маральных ідэалаў працоўнага чалавека, трываласць яго духоўных асноў выказана ў нар. лірыцы кахання з незвычайнаю сілаю маст. абагульнення. Вельмі пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям’і мужа; жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкай долі сіраты. Пратэст супраць прыгнёту гучыць у батрацкіх песнях, бурлацкіх песнях, чумацкіх песнях. У творчасці беларусаў, як і ў фальклоры інш. народаў, багата песень гумарыст. і сатырычных, у якіх селянін жартаваў, смяяўся, кпіў з сябе і іншых, выказваючы так сваю здаровую мараль, вялікую сілу жыццялюбства. Жартоўныя песні вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дасціпным гумарам. Ліра-эпічным складам і драм. напружанасцю вызначаецца бел. балада. Яна амаль заўсёды паэт. драма, у якой разгортваюцца сурова-драматычныя і трагічныя падзеі. Герой многіх балад у звышнапружаных, крытычных сітуацыях паказвае стойкасць, глыбокае ўсведамленне абавязку, патрыятызм і любоў да радзімы. Яго смерць успрымаецца слухачом ці чытачом як маральная перамога над злом і несправядлівасцю. Бел. балада налічвае каля 140 сюжэтаў. Найб. вядомы — пра дачку-птушку (спяваецца па ўсёй Беларусі, запісана каля 150 варыянтаў). Асобныя матывы бел. балад (на магілах закаханых вырастаюць дрэвы, што пераплятаюцца голлем), сустракаюцца ў баладах амаль усіх народаў Еўропы. А міфалагічны пласт бел. балад (матывы метамарфозы чалавека ў кветку, дрэва, птушку, праклён, прарочыя сны) багацейшы і больш разнастайны, чым у суседзяў. Рэкруцкія і салдацкія песні паказвалі наборы ў войска, цяжар салдатчыны. Заўсёды адгукалася на падзеі грамадскага жыцця прыпеўка. Адным са стараж. жанраў бел. фальклору, якім людзі імкнуліся ўплываць на навакольны свет, былі замовы.

Гонарам беларусаў былі і застаюцца казкі — вынік вялікай фантазіі, паэт. выдумкі, жыццёвага аптымізму народа. Гэта паэзія глыбокай думкі і мудрасці, дасведчанасці, філас. асэнсавання свету, трапнае назіранне над жывой і нежывой прыродай, чалавечым грамадствам, сродак выхавання маст. густу, умення выказацца ў дасціпным, яркім, мудрым слове. Укр. фалькларыст С.У.Саўчанка адзначаў, што па жывасці і прыгажосці апавядання бел. казкі не маюць сабе роўных. Бел. казкі пра жывёл ён называў перламі бел. казачнага эпасу. Чэшскі даследчык І.Поліўка лічыў бел. казачны эпас адным з найбагацейшых у вусна-паэт. спадчыне славян, а яго найб. важнай рысай — вял. колькасць казак пра жывёл. Казак пра жывёл у беларусаў больш за 150 тэкстаў. Беларусам, рускім і палякам вядома каля 70 сюжэтаў казак пра жывёл. Большасць з іх адлюстравана ў міжнар. паказальніку Аарнэ—Томпсана (АТ). Больш за 40 сюжэтаў агульныя для рус. і бел. фальклору; больш за 30 сюжэтаў вядомы польск. і бел. фальклору. У бел. і польск. вуснай нар. творчасці ёсць сюжэты «Сабака-шавец» (АТ 102), «Леў, конь і воўк» (АТ 118), «Антаганізм сабакі і ката» (АТ 200), якіх няма ў рус. казачным эпасе. У АТ не адлюстраваны сюжэты пра вяселле вераб’я (зап. Раманава), пташэчча піва (зап. У.Вярыгі), «Шэршань у сватах» (зап. М.Федароўскага). Паводле падлікаў Л.Барага, у бел. фальклоры 230 сюжэтаў чарадзейных казак, ва ўкр. — 187, у рус. 144. Легендарных казак у бел. фальклоры 500 сюжэтаў, ва ўкр. —196, рус. — 56. Спецыфічную для бел. фальклору групу ці цыкл складаюць казкі пра асілкаў і на былінныя сюжэты. Героі іх падобныя да міфалагічных. Побач з ратнымі подзвігамі яны будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы, вырываюць з каранямі векавечныя дрэвы, перакідваюць аграмадныя камяні і сякеры. Даследчыкі, звязваючы такія казкі з бел. паданнямі і легендамі пра асілкаў, дзівосных волатаў, гераічных веліканаў, прыходзяць да высновы аб сваяцтве такіх казак з гераічным эпасам. У навук. л-ры адзначалася роднасць бел. паданняў пра гераічных асілкаў з фальклорам рускіх, украінцаў, прыбалтаў. Бел. паданні пра асілкаў А.Весялоўскі звязваў з волатамі-велятнямі бел. і рус. паданняў, а волатаў і вільцінаў — з карэла-фін. і зыранскімі паданнямі. Я.Колас, які сам збіраў і апрацоўваў бел. нар. казкі, быў знаёмы з карэла-фін. «Калевалай», якую Э.Лёнрат стварыў з карэла-фін. рунаў, эст. «Калевіпоэгам», напісаным Ф.Крэйцвальдам паводле эст. ліра-эпічных песень, казак і паданняў, лат. «Лачплесісам», створаным А.Пумпурам з лат. казак і легенд, выказваў ідэю стварэння нац. паэт. эпасу і ў бел. л-ры. Сацыяльна-бытавыя казкі больш познія. Многія з іх адлюстравалі барацьбу сялян супраць сац. і рэліг. ўціску. Пазнавальную і эстэт. каштоўнасць уяўляюць легенды. У іх народ спрабаваў растлумачыць паходжанне сусвету, раслін і жывёл, асэнсаваць з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Легендарныя сюжэты пра хаджэнне бога і святых па зямлі набліжаюцца да сатыр. антырэліг. казак і анекдотаў (амаль ва ўсёй Еўропе пашыраны сюжэт «Мадэй», або «Вялікі грэшнік»), Да легенд набліжаюцца паданні, у якіх на першы план вылучаецца пазнавальная функцыя. Найб. вядомыя на Беларусі тапанімічныя паданні пра паходжанне нас. пунктаў, урочышчаў, курганоў, азёр, рэк і г.д. Малыя фальклорныя жанры — прыказкі, прымаўкі, загадкі — гэта жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, светапогляд, этыка і інш. Падобныя рысы адбіліся ў анекдотах, былічках, вусных нар. апавяданнях, выслоўях, жартах і гумарэсках. Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае творы розных жанраў і відаў: калыханкі, забаўлянкі, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, дзіцячыя гульні, прыгаворы. Яны вылучаюцца даступнасцю, прастатой, маст. дасканаласцю і з’яўляюцца важным сродкам нар. педагогікі. Лепшыя ўзоры бел. фальклору апублікаваны ў шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць».

Публ.: Даль В.И. Пословицы русского народа. М., 1862; Номис М. Українскі приказки, прислів’я і таке інше... СПб., 1864; Бессонов П.П. Белорусские песни... М., 1871; Носович И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874; Романов Е.Р. Белорусский сборник Вып. 1—9. Киев и др., 1886—1912; Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1—3. СПб., 1887—1902; Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1—4. СПб., 1891—1903; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Т. 5—6. Warszawa, 1958—60; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1—2. Мн., 1927—28; Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76; Історичні пісні. Київ, 1961; Родинно-побутова лірика. Київ, 1964; Колядки та щедрівки. Київ, 1965; Жартіаливі пісні. Київ, 1966; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобл. Мн., 1973; Песні сямі вёсак. Мн., 1973; Рекрутські та солдатські пісні. Київ, 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975; Лірычныя песні. Мн., 1976; Казки про тварин. Київ, 1976; Лірыка беларускага вяселля. Мн., 1979; Весільні пісні. Кн. 1—2. Київ, 1982; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Гомельская вобл. Мн., 1989; Легенди та перекази. Київ, 1985; Героїко-фантастичні казки. Київ, 1984; Пісні кохання. Київ, 1986; Балади: Кохання та дошлюбні взаемини. Київ, 1987; Балади: Родинно-побутови стосунки. Київ, 1988; Афанасьев А.Н. Народные русские сказки. Т. 1—3. М., 1985—86; Яго ж. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобл. Мн., 1995; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу Т. 1—3. М., 1865—69;

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этногр. очерк. Гродно, 1895;

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. СПб., 1897;

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч 1—2. СПб., 1903—05;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып 1. М., 1916;

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр «батлейка». Мн., 1962;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Яго ж. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976;

Яго ж. Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян. Мн., 1978;

Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні. Мн., 1981;

Яго ж. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце. Мн., 1998;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак;

Сістэм. паказ. Мн., 1978;

Яго ж. «Асілкі» белорусских сказок и преданий: (к вопросу о формировании восточнослав. эпоса) // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Яго ж. Трапным народным словам. Мн., 1971;

Яго ж. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;

Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;

Яго ж. Русская сказка. Л., 1984;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Я го ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Цішчанка І.К. Беларуская частушка. Мн., 1971;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Яго ж. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. № 1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. № 2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Яе ж. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Яе ж. Магічнае слова. Мн., 1990;

Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;

Салавей Л.М. Беларуская народпая балада. Мн., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Василевич В.А. Восточнославянская юмористическая песня. М., 1979;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнослав. сказка. Л., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Дунаевська Л.Ф. Українська народна казка. Київ, 1987;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання. Мн., 1989;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993;

Восточнославянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Bolte J., Polivka G. Anmerkungen zu den Kinder und Hausmarchen der Brüder Grimm. T. 1—5. Leipzig, 1913—32;

Polívka J. Slovanské pohádky. T. 1. Praha, 1932;

Krzyżanowski J. Polska bajka ludowa w układzie systematycznym. T. 1—2. 2 wyd. Wrocław etc., 1962—63;

Horálek K. Slovanské pohadký. Praha, 1964;

Thompson St. The Folktale. New York, 1946;

Lüthi M. Das europäische Volksmärchen. München, 1974.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)