БЭ́ТЛЕР, Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.​Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст. Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Літ.:

Самарин М.Р. Бэньян;

Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;

Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛРЫДЖ ((Coleridge) Сэмюэл Тэйлар) (21.10.1772, Отэры-Сент-Мэры, каля г. Эксетэр, Вялікабрытанія — 25.7.1834),

англійскі паэт-рамантык, крытык, філосаф. Прадстаўнік т.зв. азёрнай школы. Першы зб. — «Вершы на розныя тэмы» (1796). Ад дэмакр. настрояў (ода «Узяцце Бастыліі», 1789, апубл. 1834) перайшоў на антыякабінскія (драма «Падзенне Рабесп’ера», разам з Р.​Саўці, 1794; трагедыя «Асорыо», 1798). Разам з У.Вордсвартам выдаў першы зб. англ. паэзіі рамантызму «Лірычныя балады» (1798), у які ўвайшла лепшая паэма К. «Сказанне пра старога марака». Паэме «Крыстабель», паэт. фрагменту «Кубла Хан» (абодва 1816) уласцівы фантастычнасць, алегарычнасць і сімвалічнасць вобразаў. Прыхільнік ням. ідэаліст. філасофіі; імкнуўся даць філас.-эстэт. абгрунтаванне паэт. прынцыпаў рамантызму (кн. «Літаратурная біяграфія», 1817; лекцыі пра У.​Шэкспіра, 1849).

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1974;

Избр. труды. М., 1987.

Літ.:

Елистратова А.А. Кольридж // Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН ((Kuhn) Томас Сэмюэл) (н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),

амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.

Тв.:

Рус. пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Сэмюэл) (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),

англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ) і на псіхал, лінію рамана 19 ст.

Літ.:

Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;

Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ. М., 1966.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕТ ((Beckett) Сэмюэл Барклі) (13.4.1906, Дублін — 22.12.1989),

пісьменнік. Па паходжанні ірландзец. Пісаў на фанц. і англ. мовах. Скончыў Трыніты-каледж у Дубліне (1927). Быў сакратаром Дж.Джойса. Удзельнік франц. Руху Супраціўлення. Адзін з заснавальнікаў абсурду драмы («У чаканні Гадо», 1952; «Канец гульні», 1957; «Апошняя стужка Крапа», 1959; і інш.). У п’есе «Катастрофа» (1982) выступіў супраць абмежавання свабоды мастака. Тэкст раманаў «Мёрфі» (1938), «Малой», «Малон памірае» (абодва 1951), «Невыказны», «Уот» (абодва 1953), «Як гэта» (1961) — алагічны, без сувязі «паток свядомасці». Аўтар зб-каў апавяданняў («Больш уколаў, чым штуршкоў», 1934), вершаў («Кастаньеты рэха», 1936) і артыкулаў («Кавалкі і абрыўкі», 1977), анталогіі «Я не магу працягваць, я працягваю» (1976), эсэ пра М.​Пруста (1931) і Джойса (1936). У яго творах знайшла ўвасабленне экзістэнцыялісцкая канцэпцыя свету і чалавека. На бел. мову п’есу Бекета «Не я» пераклаў Л.​Баршчэўскі (у кн. «Пры зачыненых дзвярах», 1995). Нобелеўская прэмія 1969.

Тв.:

Рус. пер. — В ожидании Годо // Иностр. лит. 1966. № 10;

Изгнанник: Пьесы и рассказы. М., 1989;

(Пьесы) // Театр парадокса. М., 1991;

Театр. М., 1992.

Літ.:

Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968;

Лявонава Е.А. Жыццё ідзе? // Культура. 1994. № 39.

Е.​А.​Лявонава.

С.Бекет.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)