«СУРО́ВЫ СТЫЛЬ»,

умоўная назва вобразна-стылістычнага кірунку ў творчасці групы сав. мастакоў канца 1950—пач. 70-х г. Зварот мастакоў да паказу жыцця і працы сав. чалавека ў суровых прыродных умовах, стойкасць і гераізм у пераадоленні цяжкасцей вымагалі новых сродкаў выразнасці, здольных максімальна поўна і шматбакова перадаць пафас і маштабнасць працы, супярэчлівы дынамізм жыцця. Творам «С.с.» ўласцівы шырокая абагульненасць і манументальнасць вобразаў, адмаўленне ад апавядальнай ілюстрацыйнасці, строгая прастата і выразнасць стылізаванай формы, інтанацыі рамантычнага, публіцыстычнага характару. Спецыфічная лапідарнасць маст. мовы «С.с.» дасягалася строгім адборам і актывізацыяй рытму, сілуэта, буйных колеравых плям. З мэтай найб. поўнага выяўлення ідэйнай праграмы «С.с.» мастакі звярталіся да пластычнай і жывапіснай метафары, алегорыі, сімвала, мантажнага вырашэння твора. Найб. паслядоўна рысы «С.с.» выявіліся ў творах жывапісцаў М.​Андронава, А.​Васняцова, М.​Грэку, Э.​Ілтнера, Г.​Коржава, П.​Ніканава, В.​Папкова, Т.​Салахава, А. і П. Смоліных.

У бел. выяўл. мастацтве ідэйна-эстэт. прынцыпы «С.с.» найб. выразныя ў творах на тэмы працы і асабліва Вял. Айч. вайны. Для іх характэрны эпічная гераізацыя, асэнсаванне асобы ў шырокім кантэксце нар. жыцця, нац. гісторыі: асобныя творы Б.​Аракчэева, Л.​Асядоўскага, Г.​Вашчанкі, В.​Грамыкі, М.​Данцыга, Л.​Дударэнкі, М.​Залознага, А.​Малішэўскага, Г.​Паплаўскага, М.​Савіцкага, Л.​Шчамялёва. У рэчышчы «С.с.» працавалі скульптары В.​Грос, М.​Якавенка.

Б.​А.​Крэпак, Э.​М.​Пугачова.

Да арт. «Суровы стыль». М.​Савіцкі. Партызаны. 1963.
Да арт. «Суровы стыль». В.​Папкоў. Шынель бацькі. 1972.
Да арт. «Суровы стыль». М.​Залозны. Салдаткі. 1969.

т. 15, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],

1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст. грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл. Варшаўскі дагавор 1768).

2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш. сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.​Дз.Сахараў.

Я.К.Анішчанка (дысідэнты ў Рэчы Паспалітай).

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ Аляксандр Андрэевіч (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-р філал. н. (1984). Ганаровы д-р БДУ (1993). Акад. Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.​Бергман і Е.​Тамашэўскім). Складальнік (з В.​Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел. арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.​Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел. нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр. арт. да кн. Я.​Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы.

І.​У.​Саламевіч.

А.А.Баршчэўскі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА (Petrarca) Франчэска (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы

(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.​Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.​Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш. Іл. гл. таксама ў арт. Германія.

Літ.:

Немилов А.Н. Л.​Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.

В.​Я.​Буйвал.

Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.
Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,

этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.​Маркса і Ф.​Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.​І.​Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.

Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.​Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.​Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).

Літ.:

Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;

Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969;

Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1944—50-х гадоў.

Гэты перыяд быў прынцыпова важным для развіцця горадабудаўніцтва і архітэктуры. Ён звязаны з фарміраваннем комплексу рознаўзроўневых праблем, ідэй і канцэпцый, што залежалі ад паліт., сацыяльна-эканам., ідэйна-маст. і тэхн. умоў. У гэты час актыўна вялося пасляваеннае аднаўленне гарадоў і вёсак. Пры распрацоўцы новых генпланаў (Мінска і інш.) намеціўся падыход да вызначэння гал. горадабудаўнічай канцэпцыі — увасабленне ўсімі магчымымі сродкамі пафасу вялікай Перамогі, узвелічэнне здзейсненага народам подзвігу. У рэчышчы гэтай эстэтыкі праектавалася і забудоўвалася 1-я чарга гал. магістралі Мінска — вул. Савецкай (сучасны праспект Ф.​Скарыны). Архітэктурна-маст. аблічча гэтага ансамбля сведчыць пра ўрачыстую манументальнасць, параднасць, мажорную прыўзнятасць усёй забудовы, дзе кожны будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры. Плошчы, бульвары, курданёры і разрывы паміж будынкамі ствараюць разнастайнасць, рытмічны лад і змену ўражанняў. У жніўні 1944 у Мінску працавала спец. камісія камітэта па справах архітэктуры пры СНК СССР, якая распрацавала схему новай планіроўкі горада («Эскіз планіроўкі Мінска», арх. А.​Шчусеў, М.​Колі, А.​Мардвінаў, У.​Сямёнаў, Б.​Рубаненка, І.​Лангбард); сярод распрацоўшчыкаў «Эскіза» быў і бел. архітэктар Н.​Трахтэнберг. Былі ўнесены прынцыповыя ідэі-прапановы па стварэнні радыяльна-кальцавой планіровачнай структуры горада, дзе гал. месца адводзілася цэнтральнай гар. магістралі вул. Савецкай (напрамак усход—захад) і перпендыкулярна ёй — вул. Леніна (напрамак поўнач—поўдзень) — другому дыяметру горада. У паўд.-ўсх. частцы горада прадугледжвалася размяшчэнне прамысл. зоны (фарміраванне пачалося перад вайной), дзе знаходзіліся буйныя прадпрыемствы. Уздоўж р. Свіслач планавалася стварыць суцэльны зялёны масіў, утвараючы паркавую і рэкрэацыйную зоны — рэзервуар чыстага паветра. Далейшыя распрацоўкі генпланаў Мінска і інш. гарадоў імкнуліся захаваць пераемнасць папярэдніх. Роля горадабудаўніцтва ў пераўтварэнні гарадоў стала найб. важным заваяваннем сав. архітэктуры. Праблема ансамблевасці разглядалася як сродак стварэння прынцыпова новага аблічча горада. Горадабудаўнічыя ідэі ансамблевасці ўключалі ў маст. адзінства не толькі грамадскія будынкі, а і жылыя фарміраванні. Сярод распрацоўшчыкаў генплана Мінска (рэдакцыя 1946) бел. праекціроўшчыкі М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг, інж. К.​Іваноў, Р.​Абразцоў, В.​Талмачоў. У выніку шматлікіх конкурсных спаборніцтваў дойлідаў у 1948 прыняты да рэалізацыі праект планіроўкі і забудовы цэнтр. раёна горада (аўтары арх. Г.​Баданаў, У.​Кароль, М.​Асмалоўскі, М.​Паруснікаў). Праектаванне і будаўніцтва праспекта Ф.​Скарыны — яркая старонка сав. горадабудаўніцтва. Вялікая ўвага звярталася на маст.-вобразны бок архітэктуры, у большасці выпадкаў яе разглядалі з пазіцыі мастацтва. Тэндэнцыя пошуку архітэктурна-маст. вобразнасці паступова набывала супярэчлівы характар (калі архітэктуру аздаблялі архітэктурай). Імкненне дасягнуць маст. ўзроўню за кошт «класікі» прывяло да неадэкватнасці формы, функцыі, зместу і тэктонікі збудаванняў. На гэтым этапе пачала пераважаць выяўленчасць у архітэктуры, якая стала істотным іманентным сродкам маст. формы, накіраванай на ідэйна-эмацыянальнае мадэліраванне сац. асяроддзя. Найбольшае пашырэнне атрымаў аплікатыўны тып архітэктуры (з канструктыўна пасіўнай выяўленчай формай), напр., «прыстаўка» класічнага порціка як дэкаратыўна-знакавага дапаўнення, а таксама спалучэнне класічнага ордэра з выкарыстаннем дэкору, запазычанага з народна-прыкладнога мастацтва (арнаментыка раслінных матываў са знакамітых слуцкіх паясоў). Архітэктары супрацоўнічалі з мастакамі (мастак-кераміст М.​Міхалап і інш.). Сярод значных будынкаў грамадскага прызначэння: у Мінску — галоўны паштамт (арх. А.​Духан, У.​Кароль), адм. будынак і дзярж. банк (арх. М.​Паруснікаў), Палац прафсаюзаў (арх. У.​Яршоў), цэнтр. тэлеграф (арх. А.​Духан, У.​Кароль); ансамбль забудовы вул. Кірава ў Віцебску (арх. В.​Гусеў, В. і А. Данілавы), драм. тэатр у Гомелі (арх. А.​Тарасенка). Архітэктура гэтых будынкаў заснавана на прынцыпах выкарыстання класічных форм і кампазіцый. К сярэдзіне 1950-х г. гіст. формы ўступілі ў супярэчнасць з нарастаючымі тэмпамі і павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва. Асэнсаванне гэтай праблемы прывяло да адмаўлення ад прыярытэтных гал. фасадаў будынкаў, што выходзілі на магістралі; пачалася карэнная перабудова архітэктурна-праектнай справы, архітэктура ўступіла ў новую стадыю свайго развіцця.

Жылы дом на вул. Мяснікова ў Мінску. 1950-я г. Фота 2004.

т. 18, кн. 2, с. 644

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],

вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант. грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.​Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук. дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццю матэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін. Яе асн. катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш. Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт. праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́УСКІ Фёдар Міхайлавіч (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),

рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.​Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял. сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас.-псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус. рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.

Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.​Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.​Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.​Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.​Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.​Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-ва рус. драмы, 1921; Бел. тэатр.-маст. ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.​Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.​Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.​Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—30. Л., 1972—90.

Літ.:

Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;

Фридлендер Г.М. Реализм Достоевского. М.; Л., 1964;

Карякин Ю.Ф. Самообман Раскольникова. М., 1976;

Достоевский в зарубежных литературах. Л., 1978;

Селезнев Ю.И. Достоевский. 3 изд. М., 1990;

Адамович А.М. Достоевский после Достоевского // Новый мир. 1981. № 10;

Твардовская В.А. Достоевский в общественной жизни России (1861—1881). М., 1990;

Ф.​Достоевский: Библиогр. произв. Достоевского и лит. о нем, 1917—1965. М., 1968.

А.​М.​Адамовіч, Р.​І.​Баравік (тэатр).

Ф.М.Дастаеўскі. Партрэт мастака В.​Пярова. 1872.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА І ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСІ (1918 — пач. 1930-х г.)

Выхад Беларусі на міжнар. арэну і пачатак яе знешнепаліт. дзейнасці быў звязаны з падзеямі Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, заканчэннем 1-й сусв. вайны і дзяржаваўтваральнымі працэсамі на тэр. Беларусі.

3.3.1918 у Брэст-Літоўску паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Сав. Расіяй — з другога быў падпісаны мірны дагавор на ўмовах, прадыктаваных Германіяй. Тэр. Беларусі была падзелена па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Зах. частка Беларусі (Гродзенская губ. і частка Віленскай губ. з Вільняй) уключалася ў склад Германіі пад назвай Усх. Прусія. Тэр. на З ад лініі Рыга—Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны адыходзіла да Літвы. Цэнтр. частка (Мінская губ., частка Віцебскай і Магілёўскай губ.) абвяшчалася часова акупіраванай тэрыторыяй. Усх. раёны Беларусі заставаліся ў складзе РСФСР, а 10 паветаў Гродзеншчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны і Чарнігаўшчыны адыходзілі да Укр. Нар. Рэспублікі ў адпаведнасці з мірным дагаворам паміж УНР і дзяржавамі Чацвярнога саюза.

25 сакавіка 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), кіруючыя органы якой (Рада і Народны сакратарыят) імкнуліся дабіцца міжнароднага прызнання БНР, але беспаспяхова.

Вырашальнае значэнне ў планах ленінскага ўрада па стварэнні Бел. сав. дзяржавы мелі знешнепаліт. меркаванні. У канцы 1918 у кіраўніцтве РСФСР дамінавала думка пра неабходнасць стварэння на зах. межах Сав. Расіі ланцуга сав. рэспублік, каб пазбавіць яе ад прамога кантакту з капіталіст. краінамі. Абвяшчэнне ССРБ 1.1.1919 мела сваёй мэтай «замкнуць ланцуг утварэнняў, якія па-савецку самавызначыліся» вакол РСФСР. У Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага сав. ўрада Беларусі ад 1.1.1919 заяўлялася аб імкненні ССРБ выйсці на міжнар. арэну ў якасці суверэннай дзяржавы і дабівацца міжнар. прызнання. Хоць ССРБ была абвешчана суверэннай дзяржавай, але міжнар. ваенна-паліт. ўмовы не спрыялі захаванню і ўмацаванню яе незалежнасці. Пагроза польскай інтэрвенцыі прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва ўжо на стадыі юрыд. афармлення ССРБ пайсці на арганізацыю новага дзярж. ўтварэння. 16.1.1919 ЦК РКП(б) без папярэдняга ўзгаднення з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б прыняў рашэнне аб выдзяленні з ССРБ Віцебскай, Смаленскай, Магілёўскай губ. і перадачы іх у склад РСФСР і прапанаваў план аб’яднання Беларусі і Літвы ў адзіную сав. рэспубліку пад назвай Літоўска-Беларуская ССР (Літбел). 22.1.1919 пытанні пра тэр. Бел. сав. рэспублікі і федэратыўныя адносіны з РСФСР абмеркаваны на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б з удзелам члена ЦК РКП(б) А.​А.​Іофе. Ён паведаміў аб прапановах ЦК РКП(б) абмежаваць памеры ССРБ «геаграфічна неабходнымі граніцамі, г.зн. Мінскай і Гродзенскай губернямі», і звярнуцца да РСФСР з прапановай аб федэрацыі. Прынцыповае значэнне для фарміравання раўнапраўных адносін паміж ССРБ і РСФСР мела пастанова Прэзідыума ВЦВК ад 31.1.1919 «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Пытанні міжнар. прызнання і знешняй палітыкі ССРБ, вызначэння яе межаў, адносін з РСФСР і інш. сав. рэспублікамі знайшлі пэўнае адлюстраванне ў рашэннях I Усебел. з’езда Саветаў (Мінск, 2—3.2.1919). У прынятай з’ездам Канстытуцыі ССРБ не было палажэнняў аб асновах і прынцыпах знешняй палітыкі новастворанай дзяржавы. У звароце з’езда «Да ўсіх народаў і іх урадаў» абвяшчалася гатоўнасць рабочых і сялян Беларусі жыць у міры і сяброўстве з усімі народамі. Выказвалася ўпэўненасць, што «самастойная Сацыялістычная Савецкая Беларуская Рэспубліка будзе прызнана ўсімі народамі паасобна, як яна прызнана брацкай Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікай». З’езд звярнуўся да ўсіх народаў і ўрадаў з прапановай неадкладна ўступіць у дыпламат. адносіны з ССРБ, але яна засталася без адказу. Ніякіх захадаў у справе міжнар. прызнання і ўстанаўлення дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі ўрад ССРБ не рабіў. У «Дэкларацыі аб устанаўленні цеснай федэратыўнай сувязі паміж Сав. Беларуссю і РСФСР» прызнавалася неабходнасць наладзіць цесныя эканам. і паліт. сувязі з РСФСР. З’езд заклікаў астатнія сав. рэспублікі ўстанавіць па прыкладу ССРБ федэратыўныя сувязі з Сав. Расіяй. I Усебел. з’езд Саветаў вызначыў тэр. ССРБ у складзе Мінскай і Гродзенскай губ. і прыняў рашэнне аб утварэнні Літ.-Бел. ССР, у склад якой увайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. Пазней пры вызначэнні граніц з РСФСР ЦВК і ўрад Літбела згадзіліся на перадачу РСФСР Дзісенскага пав. Віленскай губ. і Рэчыцкага пав. Мінскай губ.

Галоўнай знешне- і ваенна-паліт. праблемай Літ.-Бел. ССР было прадухіленне вайны з Польшчай. 28.2.1919 ЦВК Літбела выдаў Дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой выказвалася гатоўнасць «вырашаць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У ёй паўтараўся заклік «да ўсіх народаў і іх урадаў» прызнаць Літбел і ўступіць з ёю ў зносіны. 1.3.1919 СНК Літбел у ноце да ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі даў згоду на ўдзел у канферэнцыі на Прынцавых астравах для вырашэння спрэчных пытанняў паміж урадамі, што ўтварыліся на тэр. б. Рас. імперыі. Але і гэтыя прапановы засталіся без адказу. Польшча і краіны Антанты не прызнавалі Літбел і адмаўляліся ўступаць з ёй у перагаворы. У ліп. 1919 у сувязі з тым, што польскія войскі акупіравалі ​3/4 тэр. Беларусі і Літвы, Літбел фактычна спыніла сваё існаванне. Юрыдычна яна была скасавана пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 і паўторнага абвяшчэння незалежнасці ССРБ 31.7.1920.

У час польска-сав. вайны 1919—20 Беларусь выступала як аб’ект ваен. палітыкі і дыпламатыі суседніх дзяржаў. 28.1.1920 СНК РСФСР выступіў з заявай аб асновах сав. палітыкі адносна Польшчы, у якой згаджаўся на перадачу Польшчы бел. зямель да р. Бярэзіна, на 300 км на У ад будучай «Керзана лініі», ці ўсх. граніцы Польшчы, што была вызначана ў снеж. 1919 Парыжскай мірнай канферэнцыяй. Аднак польскі ўрад разлічваў захапіць усю Беларусь, Украіну, Літву і пры падтрымцы Францыі адмовіўся ад гэтых выгадных для яго прапаноў. Літва вырашыла выкарыстаць зручны момант пасля ліквідацыі Літбела і «прыбраць да рук» бел. паўночна-зах. землі. Паводле мірнага дагавора ад 12.7.1920 была вызначана дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой, у адпаведнасці з якой у склад літоўскай дзяржавы ўваходзілі Вільня і частка этнічных бел. зямель, у т. л. Ашмяны, Браслаў, Гродна, Ліда, Паставы. 11.8.1920 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж РСФСР і Латвіяй, паводле якога Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі пав., якія дагэтуль уваходзілі ў Віцебскую губ., перадаваліся Латвіі. У Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ ад 31.7.1920 заяўлялася аб перадачы Бел. рэспублікай «на ўвесь час рэвалюцыйных войнаў» сваіх узбр. сіл у распараджэнне адзінага камандавання ўсіх сав. рэспублік, якое ажыццяўлялася РСФСР, і выказвалася гатоўнасць узгадняць дыпламат. выступленні з дзеяннямі РСФСР. 11.7.1920 міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дж.​Керзан прапанаваў заключыць перамір’е паміж РСФСР і Польшчай і адвесці войскі на лінію Гродна—Ялаўка—Няміраўка—Брэст-Літоўск і далей па тэр. Украіны да Карпат. «Керзана лінія» ў асн. адпавядала этнаграфічнай мяжы паміж Польшчай з аднаго боку і Беларуссю і Украінай — з другога. Але па ваенна-паліт. меркаваннях яна была адхілена і савецкім, і польскім урадамі. Пасля няўдач Чырв. Арміі пад Варшавай у жн. 1920 польскія войскі занялі значную частку Беларусі. Сав. ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы аб міры.

Мірныя перагаворы з Польшчай вяла расійска-ўкр. дэлегацыя на чале з членам ЦК РКП(б) А.​А.​Іофе. ВРК БССР пастанавіў 10.9.1920 выдаць РСФСР «самы шырокі мандат на вядзенне мірных перагавораў з Польшчай па пытанні, галоўным чынам, вызначэння межаў Беларусі». Кіраўніцтва РСФСР было супраць непасрэднага ўдзелу бел. дэлегацыі ў Рыжскай мірнай канферэнцыі, паколькі яна, па словах наркома замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрына, «там перакуліць усе нашы дыпламатычныя камбінацыі». Старшыня ВРК А.​Р.​Чарвякоў з’яўляўся толькі экспертам рас. дэлегацыі. 12.10.1920 у Рызе быў падпісаны Дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) ратыфікаваў гэты дагавор і пацвердзіў мандат ВРК ураду РСФСР на права заключэння міру і ўстанаўлення граніцы ад імя БССР, а таксама прызнаў правільнасць паліт. лініі расійска-ўкр. дэлегацыі ў справе абароны інтарэсаў Сав. Беларусі ў ходзе перагавораў. 18.3.1921 у Рызе падпісаны мірны дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай — з другога. У прэамбуле адзначалася, што ўрад РСФСР падпісвае дагавор «за сябе і па ўпаўнаважанні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Паводле дагавора бакі прызнавалі незалежнасць Украіны і Беларусі. Прызнанне Польшчай незалежнасці Украіны і Беларусі азначала прызнанне ёю УССР і БССР дэ-юрэ. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адыходзіла бел. тэрыторыя плошчай 108 тыс. км² з насельніцтвам больш за 4 млн. чалавек. За БССР захавалася толькі 6 паветаў Мінскай губ. (Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі) з тэрыторыяй 52,3 тыс. км², на якой пражывала больш за 1,6 млн. чалавек. Рэспубліка займала толькі ​1/6 частку этнічнай тэр. Беларусі.

Юрыдычны статус БССР у 1919—22 быў няпэўны і супярэчлівы. Фармальна яна лічылася незалежнай сав. рэспублікай, а фактычна з’яўлялася аўтаномнай часткай РСФСР. Некаторае размежаванне кампетэнцыі паміж дзярж. органамі абедзвюх рэспублік адбылося пасля заключэння Дагавора аб ваен. і гасп. саюзе паміж РСФСР і БССР ад 21.1.1921. Дагавор, зыходзячы з прызнання незалежнасці і суверэннасці кожнага з бакоў, прадугледжваў аб’яднанне камісарыятаў ваен. і марскіх спраў, замежнага гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошт і тэлеграфа, а таксама ВСНГ. Аб’яднаныя камісарыяты ўваходзілі ў склад СНК РСФСР і мелі сваіх упаўнаважаных ва ўрадзе БССР. На тэр. рэспублікі аўтаматычна пашыраліся рашэнні ЦК РКП(б), ВЦВК і СНК РСФСР. Фінансы, знешнепаліт. дзейнасць, ваен. будаўніцтва, транспарт БССР рэгламентаваліся кіраўніцтвам РСФСР.

Дыпламат. служба Сав. Беларусі пачала фарміравацца пасля 1-га абвяшчэння ССРБ. У склад урада З.​Х.​Жылуновіча ўвайшоў першы нарком замежных спраў У.​С.​Фальскі. Але ў структуры ўрада, зацверджанага на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б 20.1.1919, наркамат замежных спраў ужо адсутнічаў. 5.2.1919 сесія ЦВК Беларусі зацвердзіла кіраўнікоў наркаматаў і іх намеснікаў. Наркомам замежных спраў ССРБ стаў М.​П.​Пятроў, паплечнік Чычэрына. Але ён адмовіўся браць на сябе паўнамоцтвы наркома, бо лічыў непатрэбным для Беларусі існаванне такога ведамства. У складзе СНК Літбел пасаду наркома замежных спраў займаў старшыня СНК В.​С.​Міцкявічус-Капсукас. У ваен. умовах НКЗС ССРБ фактычна не дзейнічаў. 22.8.1921 СНК БССР зацвердзіў Палажэнне аб НКЗС. Наркамат узначаліў Старшыня СНК БССР Чарвякоў. НКЗС ствараўся як орган урада ССРБ з мэтай усебаковага ажыццяўлення зносін рэспублікі з дзяржавамі і народамі, якія не ўваходзілі ў склад РСФСР.

На НКЗС БССР ускладаліся наступныя функцыі: дыпламат. зносіны і перагаворы, выкананне пастаноў урада рэспублікі аб заключэнні дагавораў і пагадненняў з замежнымі дзяржавамі; збор звестак аб паліт. і эканам. жыцці замежных дзяржаў і інфармаванне аб гэтым урада рэспублікі; знешнепаліт. інфармаванне аб грамадскім і паліт. жыцці БССР; абарона знешнепаліт. і знешнеэканам. інтарэсаў БССР і яе грамадзян у час іх знаходжання за мяжой; кіраўніцтва выкананнем падпісаных дагавораў і пагадненняў з замежнымі дзяржавамі і садзейнічанне ўрадам інш. дзяржаў у БССР у задавальненні іх законных патрабаванняў. Нягледзячы на тое, што НКЗС рэспублікі валодаў шырокімі паўнамоцтвамі, усе важнейшыя знешнепаліт. рашэнні прымаліся НКЗС РСФСР. Дагаворы паміж РСФСР і інш. сав. рэспублікамі ў 1920—21, у т. л. Дагавор аб ваенна-гасп. саюзе паміж РСФСР і БССР, не прадугледжвалі аб’яднання наркаматаў замежных спраў. Рэспублікі імкнуліся захаваць адносную самастойнасць у міжнар. справах. 24.3.1921 у Маскве адкрыта Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР пры СНК РСФСР. Яго функцыі заключаліся ў прадстаўніцтве ўрада рэспублікі пры ўрадзе РСФСР, выкананні ролі сувязнога звяна ў адносінах СНК БССР з урадамі замежных дзяржаў, візаванні пашпартоў усіх падданых замежных краін, што прыбывалі на тэр. БССР. У сувязі з падрыхтоўкай да Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях быў створаны дыпламат. саюз сав. рэспублік вакол РСФСР. 22.2.1922 у Маскве адбылося пасяджэнне паўнамоцных прадстаўнікоў РСФСР, Украіны, Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Бухары, Далёкаўсх. Рэспублікі і Харэзма. На ім быў падпісаны пратакол, паводле якога РСФСР упаўнаважвалася прадстаўляць і абараняць на канферэнцыі інтарэсы ўсіх сав. рэспублік, падпісваць ад іх імя дагаворы і інш. акты з замежнымі дзяржавамі. Ад імя БССР пратакол падпісаў старшыня ЦВК і СНК БССР, нарком замежных спраў Чарвякоў.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 прадугледжвалася ўстанаўленне дыпламат. адносін паміж РСФСР, УССР і БССР з аднаго боку і Польшчай — з другога. Дыпламат. адносіны паміж БССР і Польшчай былі ўстаноўлены пасля прызнання апошняй Саюза ССР. Пасол СССР у Польшчы па сумяшчальніцтве з’яўляўся і паслом БССР у гэтай краіне. У лют. 1924 у Мінску было адкрыта польскае ген. консульства. Другой дзяржавай капіталіст. свету, якая прызнала БССР дэ-юрэ, была Германія. 5.11.1922 упаўнаважаныя ўрадаў 6 сав. рэспублік, у т. л. БССР, і прадстаўнік урада Германіі падпісалі ў Берліне Дагавор аб пашырэнні Рапальскага дагавора паміж РСФСР і Германіяй ад 16.4.1922 на адпаведныя сав. рэспублікі. Рэйхсканцлер Германіі І.​Вірт пры падпісанні Берлінскага дагавора заявіў паўнамоцнаму прадстаўніку РСФСР у Германіі М.​М.​Красцінскаму, што Германія прызнае БССР і ўстанаўлівае з ёй дыпламат. і консульскія адносіны да ратыфікацыі дагавора. БССР падтрымлівала адносіны, заснаваныя на прызнанні дэ-факта, з Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Аўстрыяй, Чэхаславакіяй, Турцыяй, Італіяй, Англіяй. Рэспубліка асобна ці разам з РСФСР і УССР заключыла ў 1921—23 12 міжнар. пагадненняў, у т. л. пагадненні з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый, санітарныя канвенцыі з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай. У снеж. 1922 дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Маскоўскай канферэнцыі па раззбраенні.

Уступленне БССР у Саюз ССР прадвызначыла пачатак новага этапа ў гісторыі бел. дзяржаўнасці, прывяло да істотнай змены месца і ролі знешнепаліт. функцый рэспублікі. Паводле Саюзнага дагавора прадстаўніцтва Саюза ў міжнар. зносінах пераходзіла ў рукі саюзных органаў. 23.7.1923 у сувязі з уступленнем у сілу Дэкларацыі і Дагавора аб утварэнні СССР нарком замежных спраў СССР Чычэрын накіраваў прадстаўнікам усіх дзяржаў, акрэдытаваных у СССР, ноты з паведамленнем аб перадачы НКЗС СССР права на вядзенне ўсіх міжнар. зносін ад імя Саюза ССР. 12.9.1923 старшыня ЦВК і СНК, нарком замежных спраў БССР Чарвякоў выступіў з заявай аб перадачы ўраду СССР паўнамоцтваў БССР на вядзенне ўсіх яе міжнар. спраў, у т. л. на ажыццяўленне знешнегандл. зносін, мытнай справы, кіраванне шляхамі зносін, поштай і тэлеграфам, заключэнне канцэсійных дагавораў. 30.11.1923 Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову аб рэарганізацыі цэнтр. устаноў БССР, паводле. якой НКЗС БССР быў пераўтвораны ва Упраўленне ўпаўнаважанага НКЗС СССР у Беларусі (пазней — пры СНК БССР) з перадачай яму спраў, маёмасці і архіва б. НКЗС Беларусі. Такой жа рэарганізацыі падлягалі Упраўленне ўпаўнаважанага Нар. камісарыята знешняга гандлю РСФСР пры СНК БССР (Белзнешгандаль) і інш. ўпраўленні, створаныя ў 1921. 8.11.1923 нарком замежных спраў СССР Чычэрын зацвердзіў паўнамоцтвы ўпаўнаважанага НКЗС СССР пры СНК БССР М.​П.​Ітві (Падгорнава), які з 1922 працаваў нам. наркома замежных спраў БССР. 18.1.1924 Прэзідыум ЦВК БССР зацвердзіў Палажэнне аб правах і абавязках упаўнаважанага НКЗС СССР пры ўрадзе саюзнай рэспублікі. У пач. 1930-х г. Упраўленне ўпаўнаважанага НКЗС СССР пры СНК БССР фактычна спыніла сваю дзейнасць. У першыя гады пасля стварэння СССР працягвалі сваю працу дыпламат. ’прадстаўнікі БССР за мяжой. Саветнікам па справах БССР (у рангу аташэ) пры пасольстве СССР у Польшчы, пазней в.а. савецкага пасла быў А.​Ф.​Ульянаў. У пачатку 1930-х г. першым саветнікам, в.а. паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы быў прадстаўнік БССР Ф.​А.​Браўковіч.

У 1920-я — пач. 1930-х г. актыўна развіваліся гандлёва-эканам. сувязі БССР з замежнымі краінамі. За 1922—32 экспарт рэспублікі павялічыўся з 3207 тыс. руб. да 24 800 тыс. руб. (больш чым у 7 разоў). Па тэмпах росту экспарту БССР выйшла на адно з першых месц сярод саюзных рэспублік. Больш чым у 5 разоў вырасла наменклатура вывозімых тавараў. Імпарт павялічыўся з 1205 тыс. руб. у 1922 да 6360 тыс. руб. у 1929 (амаль у 6 разоў), аб’ём тавараабароту — з 4412 тыс. руб. да 26 960 тыс. руб. (больш чым у 6 разоў). Экспартна-імпартныя аперацыі характарызаваліся станоўчым сальда гандл. балансу, якое з 2002 тыс. руб. у 1922 вырасла да 14 240 тыс. руб. у 1929 (больш чым у 7 разоў). У знешнегандл. аперацыях БССР удзельнічалі 14 краін свету, у т. л. асноўныя краіны зах. Еўропы, ЗША, Кітай, Іран, Афганістан. У экспарце пераважалі прадукты жывёлагадоўлі, тэхн. культуры, лесаматэрыялы і прадукты дрэваапрацоўкі. Доля БССР у агульнасаюзным экспарце ў канцы 1920-х г. была невялікая (менш за 1,5%), аднак у вывазе некаторых тавараў яна адыгрывала даволі значную ролю (шчаціна, пянька, лён). У 1919—24 БССР атрымала 2732 тыс. долараў ЗША, ці 4,5%, з 63 млн. долараў дапамогі па лініі Амерыканскай адміністрацыі дапамогі (АРА), накіраванай у СССР, у т. л. 18,5% амерыканскіх пасылак з харчаваннем і вопраткай коштам 1069 тыс. долараў. Пасля спынення дзейнасці АРА праграмы забеспячэння харчаваннем і мед. дапамогі насельніцтву БССР працягваліся амерыкана-яўрэйскім аб’яднаным размеркавальным к-там (Джойнт) і Нац. лютэранскім саветам ЗША. У 1920-я г. адбываўся працэс станаўлення і развіцця міжнар. культурных і навук. сувязей БССР. Устанаўліваліся асабістыя кантакты бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, У.​Пічэты) з замежнымі калегамі. Пачалося знаёмства замежных чытачоў з бел. маст. л-рай. Вядомыя замежныя пісьменнікі і вучоныя Я.​Райніс, М.​Залка, П.​Ваян-Куцюр’е, З.​Неедлы, Г.​Зэгерс і інш. наведалі Беларусь. У кастр. 1926 створана Т-ва культурнай сувязі Сав. Беларусі з заграніцай. Найб. цесныя сувязі падтрымліваліся з грамадскасцю Польшчы, Чэхаславакіі, краін Балтыі.

Літ.:

Воронка И.Я. Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1. 1917—1936 гг. Мн., 1970;

Иностранная военная интервенция в Белоруссии (1917—1920). Мн., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Валаціч М. Лінія Керзана на фоне падзей і тэрытарыяльных змен ва Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. №5;

Кавалёва Л.А. Узнікненне і дзейнасць НКЗС БССР // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1993. № 1;

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларускай ССР (1919—1929 гг.) // Бел. гіст. часоп. 2001. № 3;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1—3. Мн., 1997—2000;

Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня;

Нью-Ёрк; Мн.;

Прага, 1998;

Паўлава Т.Я. Вытокі дыпламатыі БНР // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №3;

Яе ж. Знешнепалітычная дзейнасць і дыпламатыя БНР у 1918 г. // Бел. гіст. часоп. 2000. №1;

Тихомиров А.В. Брестский мир 1918 г. и Беларусь // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;

Яго ж. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мн., 2003;

Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мн., 2001;

Рыжскі мірны дагавор і лёсы народаў Усходняй Еўропы. Мн., 2001;

Цынкевіч В.М. Пытанне становішча беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы на міжнароднай арэне ў 1921—1939 гг. // Весн. БДУ. Сер. 3. 2002. № 1;

Яго ж. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2002. №2;

Яго ж. Усталяванне беларуска-польскіх эканамічных і гандлёвых сувязей у 1921—1922 гг. // Весн. БДУ. Сер. 3. 2003. №3;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). 2 изд. Мн., 2003;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)