ШАДУ́РСКІ (Szadurski) Станіслаў (18.9.1726, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1789),

бел. і польскі філосаф. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Вільні і Оршы. Выкладаў грэч. і лац. мовы ў Вільні і Варшаве. У 1752 накіраваны Віленскім ун-там у Парыж вывучаць тэалогію, філасофію, прыродазнаўства і матэматыку. З 1757 выкладаў філасофію ў Варшаўскім шляхецкім калегіуме, у 1759—62 праф. філасофіі Навагрудскага калегіума. У навагрудскі перыяд напісаў і апублікаваў свае найб. значныя філас. творы. Асн. працы — «Прынцыпы філасофіі мыслення і адчування» (1758), «Зачаткі разважанняў у розных дыялогах, а таксама практыкаванняў па логіцы, этыцы і метафізіцы» (1760), «Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам» (1761), «Фізіка, або Філасофія прыроды» (не апубл.). У 1762—65 прыдворны капелан мінскага ваяводы, праф. тэалогіі і царк. права ў Гродне (1768—70) і Браневе (1770—71). Паводле Ш., у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а гал. крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гіст. аўтарытэту, веры і думкі. У галіне фармальнай логікі Ш. разглядаў традыц. для схаластыкі аперацыі розуму (паняцце, суджэнне і вывад), пытанні тэорыі дэдуктыўнага разважання (сілагістыка), семантыкі лагічнай і аналогіі выказванняў. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі, лічыў магчымым карыстацца рознымі філас. сістэмамі і запазычваць з іх тое, што ўяўлялася яму дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблемы суадносін матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Р.​Дэкарта, адначасова спрабаваў аб’яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні. Асаблівай увагі заслугоўваюць яго рацыянальна-эмпірычны погляд на прыродазнаўства, спробы вытлумачыць рэліг. догматы з дапамогай законаў механікі, дынамікі, статыкі, оптыкі і інш.

Тв.:

Философские положения по общей физике // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн. 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980;

Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРУ́ЛЬСКІ (Skorulski) Антоній Адам (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),

філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.​Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.

Тв.:

Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.​Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.​Л.​Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.​Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.​Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.​Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.​Караткевіч). Фалькларыст М.​Я.​Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.​Паўловіча, К.​Крапівы, М.​Танка, У.​Караткевіча, Б.​Сачанкі, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, Я.​Сіпакова і інш.).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн., 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл. Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл. Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.​Бэканам і Дж.​Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)