СЕРАБРЫ́СТЫ ТРУС,

мяса-шкуркавая парода трусоў. Выведзена ў СССР (Тульская і Палтаўская вобл.) скрыжаваннем мясц. чорных трусоў з пародай шампань. На Беларусі гадуюць аматары.

Канстытуцыя моцная. Целасклад, характэрны для жывёл мяснога кірунку (шырокія грудзі і спіна, моцныя ногі з развітой мускулатурай). Маса 4—6 кг. Поўсць густая, аднародная, цёмна- або светла-серабрыстая, галава, вушы, пярэдняя ч. цела і лапы цёмныя. Плоднасць 7—9 трусянят. Вызначаецца скараспеласцю, высокім выхадам мяса добрай якасці, каштоўным футрам.

Серабрысты трус.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц (Aythya nyroca),

птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд. ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.

Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.

Белавокі нырэц: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВІЯ́Л (Gavialis),

адзіны род паўзуноў сям. гавіялавых атр. кракадзілаў. 1 від. — гавіял гангскі (Gavialis gangeticus). Пашыраны ў рэках Індастана і Індакітая. Пераважна жыве ў вадзе. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 7 м. Спіна цёмная, бура-зялёная, бруха жоўта-зялёнае. Характэрныя доўгая і вузкая морда з расшырэннем на канцы і доўгія тонкія зубы з вяршынямі ўперад і ўбок Корміцца пераважна рыбай, зрэдку птушкамі і дробнымі млекакормячымі (у т. л. іх трупамі). Яйцы адкладае ў пясок на водмелях.

Гавіял.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСАМЕ́НТ (ням. Indossament ад лац. in на + dorsum спіна),

перадатачны надпіс, які выконваецца на адваротным баку вэксаля, чэка, канасамента і некаторых інш. каштоўных папер і азначае перадачу правоў па гэтых дакументах ад адной асобы (індасанта) да іншай (індасату). І. можа быць імянны, ордэрны (указваецца асоба, якой ці ў распараджэнне якой перадаецца дакумент) або бланкавы (прад’яўнічы, без пазначэння асобы, якой уступаецца дакумент). І. па вэксалю або чэку ўскладае на індасата адказнасць за плацеж па гэтым дакуменце.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРГА́ (Moschus),

падсямейства атр. парнакапытных. 1 від (M. moschiferus).

Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Жыве ў горнай камяністай тайзе. Трымаецца паасобна, радзей невял. групамі.

Даўж. да 1 м, выш. ў карку да 70 см, маса да 20 кг. Афарбоўка пераважна карычневая, з дробнымі светлымі плямамі на баках. Спіна выгнутая, задняя ч. цела вышэйшая і грузнейшая за пярэднюю. У самцоў вострыя, накіраваныя ўніз іклы, на жываце мускусная залоза Перамяшчаецца скачкамі. Нараджае 1—2 дзіцяняці. Расліннаедныя.

Кабарга.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЛЯ́НКА (Acanthis cannabina),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, паўн.-зах. Афрыцы. На Беларусі звычайны пералётны від, на Пд і ў цэнтр. ч. часам зімуе. Жыве ў садах, на ўзлесках, лугах. У перыяд гнездавання трымаюцца парамі, у інш. час. чародамі.

Даўж. да 140 мм, маса да 22 г. У самцоў лоб і грудка чырв., спіна карычневая, брушка белае; самкі і маладыя К. шаравата-бурыя. Нясуць 3—7 яец. Кормяцца насеннем травяністых раслін.

Канаплянка: 1 — самец; 2 — самка.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́ГА (Equus quagga),

стэпавая зебра, млекакормячае роду коней. Была пашырана на ПдЗ Паўд. Афрыкі. Жыла на стэпавых раўнінах і ў саванне вял. статкамі. Знішчана каля 1880; апошняя К. загінула ў заапарку Амстэрдама ў 1883.

Дасягала даўж. больш за 2 м. Выш. ў карку 1,3 м, даўж. хваста 0,6 м. Поўсць кароткая, на галаве цёмнага зямліста-пясчанага колеру, спіна і бакі больш светлыя, знізу і на нагах белая. На галаве, шыі і плячах вузкія светлыя палоскі.

Э.​Р.​Самусенка.

Квага.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЬ ПРЖАВА́ЛЬСКАГА (Equus przewalskii),

джунгарскі конь, няпарнакапытнае млекакормячае сям. коней. Апісаны рус. вучоным і падарожнікам М.М.Пржавальскім (1879). Пашыраны ў Паўн.-Зах. Кітаі (Джунгарыі) і Манголіі. У Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. 2,2—2,8 м, выш. ў карку 1,2—1,4 м, маса 200—300 кг. Самкі драбнейшыя за самцоў. Тулава прысадзістае, грудзі шырокія, спіна роўная, ногі высокія, моцныя. Масць карычнева-жоўтая. Жывуць статкамі па 6—12 асобін. Кормяцца расліннасцю. Адзін з продкаў коней свойскіх, блізкі да тарпана (некат. сістэматыкі лічаць К.П. надвідам тарпана).

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮО́НІЙ, мезоній,

вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ​+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.

Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ​+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3∙10​−6 эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл. Мезонная хімія).

т. 11, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРПЕ́НА, марскі ёрш (Scorpaena porcus),

рыба сям. скарпенавых атр. скарпенападобных. Пашырана ў Атл. ак. каля берагоў Афрыкі і Еўропы, у Міжземным і інш. морах. Маларухомая, прыдонная рыба, жыве ў прыбярэжнай зоне.

Даўж. да 31 см. Спіна і бакі з цёмнымі крапінкамі і плямамі. Бруха белаватае. На плаўніках калючкі з цёмнымі палосамі, плямамі і крапінкамі. Галава вял., з вострымі шыпамі і шматлікімі скурыстымі нарасцямі. Мае ядавітыя залозы каля спіннога плаўніка. Для С. характэрна лінька. Корміцца дробнай рыбай і ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

т. 14, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)