ВО́БЛАКІ,

сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).

Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 10​9 т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.

І.Я.Афнагель.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.

Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх. ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-іраннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.

А.М.Кулагін.

Кухціцкая сядзіба. З малюнка Н.Орды. 1876.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТАЭЛЕКТРО́НІКА,

раздзел электронікі, які вывучае ўзбуджэнне, распаўсюджванне і прыём акустычных хваляў у кандэнсаваных асяроддзях, узаемадзеянне іх з электрамагн. палямі і электронамі праводнасці; займаецца стварэннем акустаэлектронных прылад. Як самастойны раздзел электронікі сфарміравалася ў 1960-я г. (адкрыццё эфекту ўзмацнення гуку дрэйфуючымі электронамі праводнасці ў крышталях сульфіду кадмію). Падзяляецца на высокачастотную (мікрахвалевую) акустыку цвёрдага цела (узбуджэнне, распаўсюджванне і прыём ультра- і гіпергукавых хваляў), уласна акустаэлектроніка (узаемадзеянне акустычных хваляў з электронамі праводнасці ў цвёрдых целах) і акустаоптыку. Займаецца распрацоўкай прылад для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі радыёсігналаў у дыяпазоне частот ад 1 МГц да 20 ГГц (ніжняя мяжа вызначаецца толькі памерамі існуючых крышталёў, верхняя — тэхнал. магчымасцямі вырабу субмікронных элементаў і вязкасным паглынаннем гуку ў цвёрдых целах). У акустаэлектроніцы выкарыстоўваюцца паверхневыя акустычныя хвалі, аб’ёмныя, прыпаверхневыя, хвалі Лэмба і інш. Асн. матэрыялы акстаэлектронікі: п’езаэлектрыкі і слаістыя структуры з п’езаэлектрыкаў і паўправаднікоў, сегнетаэлектрыкі, паўправаднікі без п’езаэл. уласцівасцяў і інш. На Беларусі даследаванні па акустаэлектроніцы праводзяцца з 1970-х г. у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Викторов И.А. Физические основы применения ультразвуковых волн Рэлея и Лэмба в технике. М., 1966;

Речицкий В.И. Акустоэлектронные радиокомпоненты: Схемы, топология, конструкции. М., 1987;

Морган Д. Устройства обработки сигналов на поверхностных акустических волнах: Пер. с англ. М., 1990.

В.М.Дашанкоў.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)