ФАСФАРЫ́ТЫ,
асадкавыя горныя пароды, насычаныя фасфатамі (гал. чынам апатытам). Маюць аксіду фосфару (V) P2O5 5—34%. Бываюць масіўныя, жаўлаковыя (канкрэцыйныя), зярністыя, кангламератавыя, слаістыя і нацечныя.
Колер шэры, радзей зялёны, чырвоны, жоўты. Генезіс кантынент. і марскі; біяхім., хім. ці біягенны. Сярод марскіх Ф. вылучаюць літагенетычныя тыпы: мікразярністыя, зярністыя, жаўлаковыя і ракушачныя; сярод кантынентальных — кор выветрывання і арганагенныя (гуана). Утвараюць фасфатныя руды. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці фосфарнага ўгнаення. Гал. радовішчы ў Марока, ЗША, Расіі, Аўстраліі, Перу.
На Беларусі Ф. трапляюцца сярод верхнемелавых, палеагенавых і антрапагенавых (у другасным заляганні) адкладах у Магілёўскай (Лабковіцкае радовішча фасфарытаў, Мсціслаўскае радовішча фасфарытаў), на ПдУ Гомельскай і ПдЗ Брэсцкай абласцей.
Літ.:
Богомолов Г.В., Ермоленко В.А. Фосфориты Белоруссии. Мн., 1981.
т. 16, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)