ПАЛА́ДЫО (Palladio; сапр. ды П’етра Манара; di Pietro Monaro) Андрэа
(30.11.1508, г. Падуя, Італія — 19.8.1580),
італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Пад кіраўніцгвам Дж.Дж.Трысіна атрымаў арх. і ўсебаковую гуманіст. адукацыю. У ранніх творах спалучаў рым. веліч шырокіх адкрытых аркад з венецыянскай свабодай і багаццем дэкору (т.зв. Базіліка ў Вічэнцы, перабудавана ў 1549 з палаца Раджоне, 13 ст.). Шматлікія палацы ў Вічэнцы (палацца Т’ене, К’ерыкаці, 1551; Вальмарана, пачаты ў 1566; т.зв. лоджыя дэль Капітаніо, 1571) — звычайна цагляныя пабудовы з ордэрнымі атынкаванымі фасадамі; ордэрную сістэму выкарыстоўваў для разнастайных кампазіцыйных варыяцый з улікам канкрэтных умоў буд-ва. Майстэрства гарманічна звязаць архітэктуру з ландшафтам выявілася ў вілах, адметных выразнасцю і прастатой форм і агульнай кампазіцыі (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы, 1551—67, скончана ў 1580—91, арх. В.Скамоцы). У культавых пабудовах (царква Сан-Джорджа Маджорэ ў Венецыі, 1565—80) аб’яднаў матыў ант. порціка на фасадзе з базілікальным тыпам храма. Адзін з першых стварыў праект тэатр. будынка новага часу (т-р «Алімпіка» ў Вічэнцы, 1580—85, скончаныарх. Скамоцы), у якім спалучыў класічную форму амфітэатра з ілюзорнымі дэкарацыямі сцэны. Аўтар трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570) — рэнесансавая інтэрпрэтацыя працы Вітрувія, кніг «Рымскія старажытнасці» (1554) і «Каментарыі да Юлія Цэзара» (1575). Творчасць П. паўплывала на развіццё класіцыстычнага кірунку ў еўрап. архітэктуры 17—18 ст. (гл.Паладыянства).
Тв.:
Рус.пер. — Четыре книги об архитектуре. М., 1938.
Літ.:
Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.
А.Паладыо.А.Паладыо. Палацца К’ерыкаці ў г. Вічэнца. 1551.А.Паладыо. План вілы «Ратонда» каля г. Вічэнца. 1551—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),
нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. СПб., 1994;
Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;
Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.
Літ.:
Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;
Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;
Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ.М., 1996;
Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭХТ ((Brecht) Бертальд) (10.2.1898, г. Аўгсбург, Германія — 14.10.1956),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, рэжысёр. У 1917—20 слухаў лекцыі па медыцыне, філасофіі, тэатразнаўстве ў Мюнхенскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1914 антываен. вершамі. У 1933—47 у эміграцыі. Заснавальнік і кіраўнік тэатра «Берлінер ансамбль» (1949—51). У процівагу драматычнаму (арыстоцелеўскаму) стварыў т.зв. «эпічны тэатр» (неарыстоцелеўскі), асн. прынцыпы якога — зварот да розуму і аналітычных здольнасцей (а не эмоцый), супрацьпастаўленне гледачоў падзеям на сцэне (а не суперажыванне). Гал. роля адводзілася «эфекту адчужэння», які дазваляў паказаць вядомае з нечаканага боку і дасягаўся праз мноства прыёмаў: выкарыстанне класічных сюжэтаў, адмаўленне ад падкрэсленай псіхалагізацыі і індывідуалізацыі, часта адсутнасць гіст. касцюма, непасрэдная апеляцыя да публікі, пантаміма, зонгі, спрошчаны рэквізіт, уключэнне ў спектаклі кінакадраў і г.д. Аўтар п’ес «Што той салдат, што гэты» (1927; паст.Бел. т-рам Я.Купалы, 1969), «Трохграшовая опера» (1928; паст.Дзярж.рус.драм. Т-рам, 1962; «Маці» (1933), «Жыццё Галілея» (1938—39), «Матухна Кураж і яе дзеці» (1941; паст.Дзярж.рус.драм. т-рам, 1962; Бел. т-рам Я.Коласа, 1976), «Добры чалавек з Сезуана» (1938—40), раманаў «Трохграшовы раман» (1934), «Справы пана Юлія Цэзара» (не скончаны, 1949), апавяданняў, вершаў, песень (зб-кі «Хатнія казанні Бертальда Брэхта», 1927; «Свэндбаргскія вершы», 1939, і інш.), тэарэтычных прац («Малы арганон для тэатра», 1949, і інш.). Яго творы на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, Л.Баршчэўскі, П.Бітэль, Я.Брыль, У.Папковіч, Я.Семяжон. С.А.Картэс стварыў оперу «Матухна Кураж...» (паст. 1982, Каўнас; 1984, Кішынёў).
Тв.:
Бел.пер. — [Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),
горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м.Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс.ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс.ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал.трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат.прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла (гл.Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст.н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял.геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.
Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл.св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.Калеоні (скульптар А.Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).
Літ.:
Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;
Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.
Да арт.Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.Лангена. 1631—81.Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.