ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,

сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.​Сачанка).

Літ.:

Гл. да арт. Пабочныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАВЯДА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, у якой рэчаіснасць адлюстроўваецца ў выглядзе паведамлення. Асн. прызначэнне апавядальнага сказа — несці інфармацыю (гэтым ён проціпастаўляецца пытальнаму сказу і пабуджальнаму сказу). Апавядальнаму сказу ўласціва складаная сістэма сродкаў перадачы паведамляльнага значэння: інтанацыя, фразавы (лагічны) націск, парадак слоў, марфал. катэгорыі (асабліва катэгорыі часу і абвеснага ладу дзеяслова), службовыя словы і інш. Структурныя схемы апавядальнага сказа разнастайныя: ад аднаслоўных сказаў да канструкцый самай складанай пабудовы.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙНІК,

галоўны член двухсастаўнога сказа, што абазначае прадмет, прыкмета якога сцвярджаецца або адмаўляецца ў выказніку. Разам з выказнікам складае прэдыкатыўную аснову двухсастаўнога сказа. Можа абазначаць чалавека, жывую істоту, неадушаўлёны прадмет, з’яву прыроды, апрадмечанае дзеянне, адцягненае паняцце. Выражаецца назоўнікам і інш. часцінамі мовы, якія набываюць у кантэксце прадметнае значэнне (субстантывіруюцца), а таксама займеннікам, інфінітывам і словазлучэннямі розных тыпаў: «Маладыя любяць дружыць з дарослымі», «Іншы скажа — проста ў сук улепіць», «Стаць за лесніка не ў яго натуры», «Над рэчкай праляцела пяць качак».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТАК,

слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Баханькоў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),

1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.

2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.

Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.​Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял. сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.

Літ.:

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.

П.​У.​Сцяцко.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПАРА́ДКАВАННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн, 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКЛІ́ЧНІК,

часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.​Купала).

У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Л.​І.​Бурак.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАТА́КСІС (ад пара... + грэч. taxis размяшчэнне),

злучэнне, каардынацыя, від сінтагматычнай сувязі дзвюх моўных адзінак (частак складанага сказа, рэплік дыялогу і інш.), пры якой іх значэнні застаюцца ў адносінах лагічнай і грамат. раўнапраўнасці, а форма кожнай з іх не залежыць адна ад адной («блакітна-зялёны», «ціха-ціха», «дзед і ўнукі», «перашэптваліся і сарамліва паглядалі»), «То дождж ідзе, то сонца свеціць»), Процілеглае паняцце — гіпатаксіс. Процілегласць фармальна выяўляецца ў абарачальнасці сінтагматычнай канструкцыі пры П. (магчымасць перастаноўкі тыпу «зялёна-блакітны», «унукі і дзед», «сарамліва паглядалі і перашэптваліся», «То сонца свеціць, то дождж ідзе») і неабарачальнасці пры гіпатаксісе. У жывым маўленні строгай апазіцыі П. і гіпатаксісу няма з-за існавання вял. колькасці пераходных сінтагматычных пабудоў. П. і гіпатаксіс — з’явы рознафункцыянальныя: П. адлюстроўвае паслядоўнасць адзінак з пункту гледжання каардынацыі і сэнсу, гіпатаксіс выяўляе сэнсавую і фармальную залежнасць частак сінтагматычнай канструкцыі. У больш вузкім сэнсе П. і гіпатаксіс звязваюць з характарам узаемаадносін толькі паміж членамі простага сказа і часткамі складанага сказа (гл. Злучэнне ў граматыцы, Падпарадкаванне ў граматыцы).

Літ.:

Кручинина И.Н. Структура и функции сочинительной связи в русском языке. М., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Мн., 1966.

Л.​А.​Зінкевіч.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.​Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.​Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)