Члены сказа 9/526, 543; 11/223
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
сінтаксічныя адзінкі ў форме слова ці спалучэння слоў, якія адыгрываюць асноўную ролю ў арганізацыі сказа. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік 2-састаўнага сказа і галоўны член 1-састаўнага сказа. Дзейнік і выказнік сінтаксічна раўнапраўныя, узаемазалежныя, прадвызначаюць адзін аднаго і ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурную аснову сказа.
Могуць быць фармальна прыпадобненыя (каардынаваныя): «У небе звінелі жаваранкі» і непрыпадобненыя (некаардынаваныя): «Падрыхтаваць цікавы даклад — справа нялёгкая»; заўсёды цесна звязаны па сэнсе: «Грош цана такой рабоце». Паміж дзейнікам і выказнікам заўсёды існуюць прэдыкатыўныя адносіны; дзейнік звычайна абазначае прадмет, выказнік — адзнаку прадмета, паказвае на час яе выяўлення, суадноснасць выказвання з рэчаіснасцю. Галоўны член састаўнага сказа суадносіцца па форме з дзейнікам або выказнікам 2-састаўнага сказа, але адрозніваецца па значэнні: ён адзін фарміруе прэдыкатыўнае ядро, складае структурную аснову сказа («Раніца. Цішыня»; «Са смагі поўны п’ю карэц халоднага бярозавага соку»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
Л.І.Бурак.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,
падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнні («Настала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).
У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.
Л.І.Бурак.
т. 6, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Л.І.Бурак.
т. 1, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,
вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 4, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.:
Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.
т. 7, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАЎНЕ́ННЕ,
даданы член сказа, які абазначае аб’ект і паясняе выказнік ці іншы член сказа. Падзяляюцца на прамыя [форма выражэння — вінавальны і родны (пры адмоўі і частковым ахопе прадмета дзеяння) склоны без прыназоўніка] і ўскосныя (інш. формы з прыназоўнікам і без яго). Напр.: «Паабедалі з бядою, спаражнілі місы. Абцёр бацька вус рукою, твар і лоб свой лысы» (Я.Колас) і «Пасварыліся за мех, а ў мяху смех».
т. 6, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК СЛОЎ,
лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.
Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».
Літ.:
Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.
П.У.Сцяцко.
т. 12, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)