КАРАГЕО́РГІЕВІЧЫ (Karađorđevići),

княжацкая (19 ст.) і каралеўская (1903—18) дынастыя ў Сербіі, правячая дынастыя ў Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў [1918—29] і Югаславіі [1929—45]. Заснавальнік К. — Карагеоргій [правіў у 1808—13). Прадстаўнікі: кн. Аляксандр [1842—58], каралі Пётр I [1903—21], Аляксандр I Карагеоргіевіч [1921—34], Пётр II [1934—45, з 1941 у эміграцыі]. 29.11.1943 2-я сесія Антыфашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі забараніла Пятру II вяртанне ў краіну. На Устаноўчым сходзе 29.11.1945 абвешчана ліквідацыя манархіі ў Югаславіі.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I КАРАГЕО́РГІЕВІЧ (Александар Караћорћевић; 17.12.1888 — 9.10.1934),

кароль Югаславіі ў 1921—34. У час Балканскіх войнаў 1912—13 камандаваў 1-й сербскай арміяй, у 1-ю сусв. вайну — галоўнакамандуючы сербскай арміяй. У 1914—18 прынц-рэгент Сербіі, з 1921 кароль Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). У 1929 ажыццявіў дзярж. пераварот і ўстанавіў дыктатуру. Праводзіў велікасербскую ўнутр. палітыку, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю. Забіты харвацкімі тэрарыстамі.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РФСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1917.

Падпісана на в-ве Корфу (цяпер Керкіра, Грэцыя) 20 ліп. прэм’ер-міністрам Сербіі Н.​Пашычам і старшынёй Паўднёваславянскага камітэта А.Трумбічам. Прадугледжвала аб’яднанне пасля 1-й сусв. вайны Сербіі і паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі ў адзіную незалежную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (гл. ў арт. Югаславія) на чале з сербскай дынастыяй Карагеоргіевічаў. 11.8.1917 да К.д. далучыўся Чарнагорскі к-т нац. аб’яднання (утвораны ў сак. 1917 у Парыжы).

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МА (?—658),

славянскі князь [623—658], заснавальнік першага гіст. вядомага паліт. аб’яднання зах. і ч. паўд. славян, т.зв. дзяржавы С. (тэр. сучасных Чэхіі, Маравіі, землі лужыцкіх сербаў, ч. зямель славенцаў і харватаў) з цэнтрам, верагодна, у Маравіі. Паводле франкскай хронікі Фрэдэгара (7 ст.), С. быў франкскім купцом, што аспрэчваецца многімі гісторыкамі, якія лічаць яго славянінам. Князем стаў у 623, калі ўзначаліў паўстанне славян супраць улады авараў. Пазней паспяхова ваяваў з аварамі і франкамі. Пасля смерці С. яго дзяржава распалася.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКІ́,

казакі наёмных пяхотных (сярдзюцкіх) палкоў на Левабярэжнай Украіне ў канцы 17—пач. 18 ст. Набіраліся з добраахвотнікаў: з сялян і збеглых казакоў Правабярэжнай Украіны, валахаў, сербаў, выхадцаў з Беларусі і інш. Утрымліваліся за кошт гетманскай казны і знаходзіліся на поўным яе забеспячэнні. Сярдзюцкія палкі падпарадкоўваліся непасрэдна гетманскаму кіраўніцтву і неслі ваен. і паліцэйскую службу (ахоўвалі гетманскую рэзідэнцыю, ваен. склады, вайск. артылерыю і інш.). Паводле царскага ўказа ад 25.7.1726 сярдзюцкія палкі ліквідаваны з мэтай абмежавання гетманскай улады.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАСЛАВЯ́НСКІ КАМІТЭ́Т (Jugoslavenski odbor),

палітычная арг-цыя паўднёваславянскіх эмігрантаў з Харватыі, Далмацыі, Славеніі і Босніі ў 1915—18. Засн. ў Лондане ў маі 1915. Змагаўся за вызваленне паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі і аб’яднанне іх з Сербіяй і Чарнагорыяй у адзіную незалежную дзяржаву. Гэтыя планы адлюстраваны ў пагадненні старшыні к-та А.Трумбіча з прэм’ер-міністрам Сербіі Н.​Пашычам у ліп. 1917 (гл. Корфская дэкларацыя 1917). П.к. спыніў існаванне пасля стварэння (снеж. 1918) Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія).

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ІЧ (Іован) (11.11.1726, Срэмскі-Карлаўцы, Сербія — 11.12.1801),

сербскі гісторык. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1756). Аўтар «Гісторыі розных славянскіх народаў і найперш за ўсё балгар, харватаў і сербаў...» (Вена, 1794—95, ч. 1—4), у якой найб. каштоўнасць маюць ч. 2 (канец) — 4, прысвечаныя гісторыі Сербіі ад часоў старажытнасці да 2-й пал. 18 ст. У гэтым творы Р. адлюстраваўся рост. нац. самасвядомасці сербскага народа і яго імкненне да вызвалення ад тур. няволі. У 1772 прыняў манаскі сан і займаўся напісаннем багаслоўскіх твораў і перакладамі.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,

бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)