АБІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ (ад а... + грэч. bios жыццё),

сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія акружаюць жывыя арганізмы і паходжаннем не звязаны з іх жыццядзейнасцю (гл. Абіятычныя фактары). У выніку гіст. развіцця ў канкрэтных умовах арганізмы прыстасоўваюцца да пэўнага комплексу фактараў і ў працэсе жыццядзейнасці самі змяняюць абіятычнае асяроддзе. Вытв. і быт. дзейнасць чалавека адмоўна ўздзейнічае на абіятычнае асяроддзе, таму неабходна прымаць меры па захаванні асяроддзя ў натуральным стане, стварэнні лепшых умоў існавання арганізмаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫМА́РСТВА,

бел. традыц. рамяство па вырабе раменнай вупражы. Сыравіну для вупражы — сырамяць (сырыца, апрацаваная нядубленая скура буйн. раг. жывёлы) — рыхтавалі самі рымары. Прылады працы для Р.: ціскі (клешчы, столак) для заціску скуры пры шыцці шлей, прэс для ўціскання драўляных частак у скуру пры вырабе падсядзёлкаў, а таксама жал. абцугі, малаток, нож, шыла, іголкі, драўляныя клешчы для хамутоў і інш. Шылі вупраж дратвай ці вузкімі скуранымі паскамі.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 13, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТАНО́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

незалежная і самастойная публічная ўлада паводле канстытуцыйнай дактрыны шэрагу краін (Францыя, Калумбія і інш.), якая мае паўнамоцтвы па прыняцці або істотнай змене канстытуцыі дзяржавы. Займае месца ў раздзяленні ўлад нараўне з заканадаўчай, выканаўчай і судовай. У.у. ажыццяўляюць самі заканад. органы, спец. орган У.у. — устаноўчы сход, непасрэдна выбарчы корпус (праз рэферэндум), устаноўчы сход разам з выбарчым корпусам. У выключных выпадках У.у. прымае на сябе кіраўнік дзяржавы або ўрада.

т. 16, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НКІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-ваяўніцы, якія жылі ў Малой Азіі ці ў перадгор’ях Каўказа. У пэўную пару года Амазонкі ўступалі ў блізкія адносіны з мужчынамі з мэтай захавання роду. Народжаных хлопчыкаў аддавалі на выхаванне бацькам ці забівалі, дзяўчынак пакідалі сабе і рыхтавалі іх да вайны. Амазонкі ўзбройваліся лукамі, баявымі сякерамі, лёгкімі шчытамі, самі выраблялі адзенне, шлемы і інш. вайсковы рыштунак.

Бітва грэкаў з амазонкамі. Фрагмент размалёўкі кратэра. Каля 460 да н.э.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКІ́МАРА,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПУС (лац. opus праца, твор),

музычны твор з нададзеным яму пры публікацыі парадкавым нумарам, часам зборнік твораў аднаго жанру, пазначаных адным нумарам. Напачатку (з канца 16 ст.) нумар О. ставіў выдавец. Пачынаючы з Л.​Бетховена, кампазітары пры публікацыі сваіх твораў самі пазначаюць нумар О. (напр., opus 17 або варыяцыі ор. 17). Пры выданні твораў кампазітарскай спадчыны выкарыстоўваюць абазначэнне opus posthumum (о́пус по́стумум, лац. — пасмяротны твор, скароч. ор. posth.). У пераносным значэнні О. — увогуле твор, праца.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЭ́ЙНЕР (англ. Container ад contain змяшчаць),

шматабаротная тара ў выглядзе стандартнай ёмістасці для перавозкі грузаў спец. кантэйнеравозамі, суднамі, аўтамабілямі, чыг. платформамі.

Грузы пры кантэйнерных перавозках не выгружаюць з К. аж да прыбыцця на склад атрымальніка, самі ж К. прыстасаваны для механізаванай пагрузкі і выгрузкі, перагрузкі з аднаго віду транспарту на другі. К. бываюць універсальныя, спец. і спецыялізаваныя; закрытыя і адкрытыя суцэльныя, рашоткавыя, разборныя і складаныя. Разлічаны на перавозку ад 3 да 30 т грузаў. Выкарыстанне К. паскарае пагрузачна-разгрузачныя аперацыі і абарот трансп. сродкаў, паляпшае захаванасць грузаў.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЮ́РА (франц. coupure ад couper рэзаць, адразаць),

1) скарачэнне або пропуск асобных частак тэксту пры яго публікацыі. К. называецца таксама апушчаная частка тэксту (у тэксце пазначаецца адпунктоўкай). К. робяць, як правіла, складальнікі ці рэдактары публікацыі з мэтай пазбегнуць паўтораў інш. дакументаў, змешчаных у выданні, або выключэння частак, якія не маюць адносін да тэмы, задач і мэт выдання ці немэтазгодныя з-за канцэптуальных і метадалагічных установак.

2) Абазначэнне вартасці (намінальнай вартасці) папяровых грошай, банкнотаў, каштоўных папер — акцый ці аблігацый, а таксама самі гэтыя грошы, банкноты, каштоўныя паперы або аблігацыі.

Ю.​У.​Несцяровіч.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛДЗІНГ-КО́МПАНІ, холдзінг (англ. holding company ад holding які валодае),

акцыянерная кампанія, якая выкарыстоўвае свой капітал для набыцця кантрольных пакетаў акцый інш. кампаній з мэтай кантролю і кіравання імі. Часам яна не валодае ўласным вытв. патэнцыялам і не займаецца вытв. або камерцыйнай дзейнасцю. Адрозніваюць холдзінгі чыстыя, якія не займаюцца вытв., гандл. або банкаўскай дзейнасцю, і змешаныя, якія і самі займаюцца прадпрымальніцтвам у розных сферах. Х.-к. ствараюцца буйнымі карпарацыямі для правядзення адзінай палітыкі і ажыццяўлення адзінага кантролю або для паскарэння працэсу дыверсіфікацыі, размеркавання капіталу паміж рознымі галінамі.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАСАКРЭ́ЦЫЯ (ад нейра... + сакрэцыя),

утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі нерв. клеткамі (т.зв. нейрасакраторнымі) нейрагармонаў. Нейрагармоны, звязаныя з бялкамі-носьбітамі (нейрафізінамі і інш.), звычайна ўтвараюцца ў цытаплазме клетак (радзей у ядры), выдзяляюцца пераважна праз нерв. канцы (тэрміналі) у гемалімфу, кроў, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць і рэгулююць функцыі вісцэральных органаў, у т. л. эндакрынных залоз, і ц. н. с. Самі нейрасакраторныя клеткі, як і звычайныя нейроны, здольныя генерыраваць патэнцыял дзеяння і распаўсюджваць імпульс па аксонах да іх канцоў, пад уплывам якога нейрагармон — бялок-носьбіт выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Функцыян. актыўнасць клетак кантралюецца класічнымі нейронамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)