СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),
1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).
2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.Галавач).
Літ.:
Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТВА́,
рака ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне, левы прыток р. Сцвіга (бас.р. Прыпяць). Даўж. 172 км, у межах Беларусі 80 км. Пл. вадазбору 2400 км², у межах Беларусі 800 км². Пачынаецца ў Ракітнаўскім р-не Ровенскай вобл. Украіны, у верхнім і сярэднім цячэнні называецца Льва. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі справа — Гнойніца (на Украіне), Мышанка і Лесавая Рэчка (на Беларусі). Даліна невыразная, у верхнім цячэнні месцамі трапецападобная. Пойма двухбаковая шыр. 300 м — 5 км, пераважна забалочаная. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Рэчышча сярэдне звілістае, разгалінаванае, у ніжнім цячэнні каналізаванае, мноства нізкіх пясчаных затапляльных астравоў і асяродкаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10,1 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МАЎ (Мікалай Пятровіч) (2.5.1884, Масква — 6.5.1958),
расійскі жывапісец-пейзажыст і тэатр. мастак. Нар.маст. Расіі (1956). Чл.-кар.АМСССР (1949). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—11). Выкладаў у Маскве ў Прачысценскім практычным ін-це (1919—20), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—22), Маст. вучылішчы памяці 1905 г. (1934—39). Чл. аб’яднання «Блакітная ружа» (1907), Саюза рус. мастакоў (з 1910), Т-ва маскоўскіх мастакоў. З канца 1900-х г. ствараў яркія паводле каларыту, дэкар.-абагульненыя кампазіцыі. Творы (напачатку дынамізаваныя, потым гарманічна-спакойныя) стылізаваў у духу прымітыву, пазней — габелена і класіцыстычнага пейзажа: «Навальніца» (1908), «Жоўты хлеў» (1909), серыя «Купальшчыцы» (1910-я г.). З 1920-х г. адлюстроўваў устойлівыя станы прыроды, на аснове іх аналізу распрацаваў сваю сістэму тону (колер выяўляў не матэрыяльную структуру, а толькі ступень асветленасці аб’екта). Імкнуўся да стварэння сінт. пейзажа-карціны праз эмацыянальнае адзінства вобразнага ладу: «Рэчка» (1926), «Каля млына» (1927), «Раніца ў Цэнтральным парку...» (1937), «Летні дзень у Тарусе» (1939—40). Сярод тэатр. работ: афармленне спектакляў МХАТ «Гарачае сэрца» (1926), «Таленты і паклоннікі» (1933) А.Астроўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАЧКІН (Аляксей Антонавіч) (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), Бел.-тэатр.маст.ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел.АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.
Л.Ф.Салавей.
А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗтэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р.Зах. Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс.км².
Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах. Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах.ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат.Радастаўскі і біял. Селяхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1950). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 41,5 тыс.чал. (1996), гарадскога 31,1%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал/км². Цэнтр — г.Брэст; г.п.Дамачава, 148 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Гершонскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.
Большая частка тэр. раёна ў межах Брэсцкага Палесся, невял. паўн. частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 186,1 м (каля в. Заполле). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. пяскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетац. перыяд 208 сут. Найб. рака — Зах. Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Серадовая Рэчка, Капаёўка. Мухавец уваходзіць у сістэму Дняпроўка-Бугскага воднага шляху. Значныя азёры: Селяхоўскае, Рагазнянскае, Белае, Мяднянскае, Сажалка Таварная. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 36,5% тэр. раёна, у асн. лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя (буйныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш.); пад балотамі 3,1% пл. раёна. Біялагічны заказнік Селяхі. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,5 тыс.га, з іх асушана 23,9 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 12 калгасаў, 8 саўгасаў, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі на Беласток (Польшча), Ковель (Украіна), а таксама на Баранавічы, Лунінец і Тамашоўку, аўтамаб. дарогі на Баранавічы, Пінск, Камянец, Маларыту. На 1995 у раёне 15 сярэдніх, 14 базавых і 3 пач. школы, школа-інтэрнат, 18 дашкольных устаноў, 3 школы-сады, 30 клубаў, 42 б-кі, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: царква Ушэсця (1899) у в. Велямовічы, Крыжаўзвіжанская царква 19 ст. ў в. Вістычы, крапасны форт № 5 (1878—88) у в. Гершоны, Ільінская царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Дубок, царква Параскевы Пятніцы і званіца (1610) у в. Збірагі, сядзіба (1875) у в. Малыя Зводы, Пакроўская царква (1742) у в. Шчытнікі Малыя, Пакроўская царква (1739) у в. Покры, сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. 18 ст. ў в. Скокі, сядзібны дом канца 19 — пач. 20 ст. і царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Сычы, Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Церабунь, Міхайлаўская царква і званіца (1701) у в. Чэрск, Праабражэнская царква (1609) у в. Шумакі, Прачысценская царква (1793) у в. Шэбрын. Музей касманаўтыкі (з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П.І.Клімука) у в. Тамашоўка. Выдаецца газ. «Заря над Бугом».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на
15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс.км².
Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.
У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял.Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас.Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.
Н.К.Кліцунова.
Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.