КРЫ́МАЎ (Мікалай Пятровіч) (2.5.1884, Масква — 6.5.1958),
расійскі жывапісец-пейзажыст і тэатр. мастак. Нар.маст. Расіі (1956). Чл.-кар.АМСССР (1949). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—11). Выкладаў у Маскве ў Прачысценскім практычным ін-це (1919—20), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—22), Маст. вучылішчы памяці 1905 г. (1934—39). Чл. аб’яднання «Блакітная ружа» (1907), Саюза рус. мастакоў (з 1910), Т-ва маскоўскіх мастакоў. З канца 1900-х г. ствараў яркія паводле каларыту, дэкар.-абагульненыя кампазіцыі. Творы (напачатку дынамізаваныя, потым гарманічна-спакойныя) стылізаваў у духу прымітыву, пазней — габелена і класіцыстычнага пейзажа: «Навальніца» (1908), «Жоўты хлеў» (1909), серыя «Купальшчыцы» (1910-я г.). З 1920-х г. адлюстроўваў устойлівыя станы прыроды, на аснове іх аналізу распрацаваў сваю сістэму тону (колер выяўляў не матэрыяльную структуру, а толькі ступень асветленасці аб’екта). Імкнуўся да стварэння сінт. пейзажа-карціны праз эмацыянальнае адзінства вобразнага ладу: «Рэчка» (1926), «Каля млына» (1927), «Раніца ў Цэнтральным парку...» (1937), «Летні дзень у Тарусе» (1939—40). Сярод тэатр. работ: афармленне спектакляў МХАТ «Гарачае сэрца» (1926), «Таленты і паклоннікі» (1933) А.Астроўскага і інш.