МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел.АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,
барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦККПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.К.Шчасную і А.І.Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.П.Зарэцкі, К.І.Субач, М.І.Субач, І.А.Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.Танка «Нарач» (1937), карціна В.Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.
Да арт.Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.Цвірхі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ДЗІЧ (Мікалай Іванавіч) (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва«Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.Шылера, Вальтэра, У.Шэкспіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 14.12.1925, в. Высокая Грыва Панкрушыхінскага р-на, Рэспубліка Алтай),
бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Творам уласцівы выразнасць лепкі, рухомасць і асіметрыя пластычных аб’ёмаў. Аўтар жанравых («Вышыннікі», 1959; «Рыбакі», 1969), дэкар.-паркавых («Дзеці гуляюць», 1980—81) кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў (А.Казей, 1964; Я.Коласа і Я.Купалы, 1982), станковых твораў «Памяць» (1985), «Набат Перамогі» (1995), «Хрыстос-Збавіцель» (1995—97) і інш. Сярод манум. работ скульпт. цыкл «Смутак людскі» (1976) на Паўн. могілках у Мінску, мемарыялы «Спаленая вёска» (1988) на хутары Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., «Загінуўшых чакаюць вечна» (1990) ў в. Доры Валожынскага р-на Мінскай вобл. Графічны цыкл «Духоўнасць, Адраджэнне — храмы праваслаўныя і каталіцкія» (1995—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НАЎ (Віктар Міхайлавіч) (н. 27.2. 1940, в. Уласава Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1967). Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі. Станковым творам уласцівы лірычная і сімвалічна-рамант. вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонавых кантрастаў, сакавіты колер. Аўтар тэматычных кампазіцый «1941» (1974), «Браслаўскія рыбакі» (1975), трыпціхаў «На Віцебскім дывановым» (1978), «Ранішняя змена» (1981), «Сураж—Віцебск» (1984), «Яблыкі на снезе» (1990), нацюрмортаў «Хлеб» (1970), «Прасніцы» (1989), «Матылёк» (1990), «Чырвоны нацюрморт» (1998), пейзажаў «Вечарэе» (1968), «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Веснавы матыў» (1984), «Зімовае сонца» (1998), партрэтаў. Выканаў размалёўкі «Памяць» у Музеі баявой славы ў Полацку (1972), «Легенда пра стары Полацк» у кавярні «Віцязь» (1979), «Белая Русь» у кінатэатры «Мінск» (1981), «Дзвіна» ў рэстаране «Пралеска» (1983) — усе ў Наваполацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Дзмітрый Васілевіч) (31.3.1822, г. Ульянаўск, Расія — 3.1.1900),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Пецярбург, 1836—40), служыў у Дырэкцыі імператарскіх т-раў. Вядомасць яму прынеслі першыя аповесці «Вёска» (1846) і «Антон Гаротнік» (1847), напісаныя ў рэчышчы натуральнай школы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні дэспатызму памешчыкаў і бяспраўя сялян. Аўтар аповесцей «Капельмейстар Суслікаў» (1848), «Прыгоды Накатава» (1849), «Няўдалае жыццё» (1850), «Свістулькін» (1855—56), раманаў «Прасёлачныя дарогі» (1852), «Рыбакі» (1853), «Перасяленцы» (1855). Для твораў Грыгаровіча характэрна нарысавая манера выкладання, перавага сац. аналізу над псіхалагічным, па-майстэрску напісаныя пейзажы. Пасля падарожжа вакол Еўропы ў 1858—59 напісаў дарожныя нарысы «Карабель «Рэтвізан» (1859—63). У пач. 1860-х г. адышоў ад літ. дзейнасці і прысвяціў сябе мастацтвазнаўству. Пазней вярнуўся да л-ры, выдаў аповесць «Гутаперчавы хлопчык» (1883) і «Літаратурныя ўспаміны» (1892—93).
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Мещеряков В.П. Д.В.Григорович — писатель и искусствовед. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.Шэкспіра, А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.Уайльда, Р.Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.Арбузава, «Навальніца» (1976) А.Астроўскага — усе для Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) (1992) М.Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) (1996) І.Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),
сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.
Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.Рамазанавым і Р.Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш.Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш.Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.
Да арт.Клот. П.Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.Да арт.Клот. М.К.Клот. На раллі. 1872.