Рыбакі (в., Гарадоцкі р-н) 9/202

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯНЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́ЦКІЯ ЛО́ДКІ,

малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз. камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.

І.​М.​Браім.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Эдуардс) (25.10. 1904, Рыга — май 1988),

латышскі жывапісец-марыніст. Нар. маст. СССР (1975), сапр. чл. АМ СССР (1970). Скончыў Латв. АМ (1932; выкладаў там з 1945, праф. з 1955) у В.Пурвіта, у Італіі (1935). Творчасць К. адыграла вял. ролю ў станаўленні лат. жанравага жывапісу. Работы вылучаюцца размераным рытмам буйных колеравых плоскасцей, багатым каларытам, дакладнай перадачай дынамікі марской стыхіі: «Гавань» (1929), «Плытагоны» (1935), «Баржа» (1938), «Новыя ветразі» (1945), «Рыбакі» (1947), «Сёмая Балтыйская рэгата» (1954), «Латышскія рыбакі ў Атлантыцы» (1957), «Ля мора» (1963), «Заход сонца» (1977) і інш.

А.​В.​Вайцяховіч.

Э.Калніньш. Новыя ветразі. 1945.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БАРАЎ (Вячаслаў Георгіевіч) (12.7.1931, в. Кочава Яранскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 5.7.1995),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1963). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Масква—Генуя» (1964), «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1969), «Паланез Агінскага» (1971), «Пагаворым, брат» (1979), «Круглянскі мост» (1989), «Пайсці і не вярнуцца» (1992), «Чорны бусел» (1993); тэлефільмаў «Крокі па зямлі» (1968), «Вялікае процістаянне» (1974), «Час-Не-Чакае» (1975), «Дзяржаўная граніца» (1—10 серыі, 1980—86). Аўтар жывапісных карцін «Харчатрад» (1966), «Рыбакі» (1984), «Прыйшоў салдат з фронту» (1989—92), пейзажаў «Вясна ў Жыровічах» (1972), «Прыпяць» (1980), «Вясна ў Вязынцы» (1992), «Лошыца. Сакавік» (1994) і інш.

В.Кубараў Рыбакі. 1984.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДЫ,

у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́НІ (Morini) Фелічэ, балетмайстар і кампазітар 2-й пал. 18 ст. Родам з Венецыі. Балетмайстар Слонімскага тэатра Агінскага (паступіў на службу да 1781, працаваў да 1788). Стварыў шэраг балетных партытур. Пад яго кіраўніцтвам слонімскі балет дасягнуў высокага ўзроўню: 4 вучні Слонімскай балетнай школы, дзе выкладаў М., выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі» (1788).

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛО́МЛЯ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада. Мае выгляд трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай (апрача адной грані). Рабілі яе на драўляным каркасе ці з прутоў. Рыбу лавілі ўдваіх уброд: тапілі К. ў вадзе, заганялі рыбу ў яе, падцягваючы К. да берага і боўтаючы нагамі. К. была пашырана на Палессі, Гродзеншчыне.

І.​М.​Браім.

Рыбакі з кломляй. Былая вёска Лучынка Слуцкага павета Мінскай губ. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ЕР ((Krøyer) Педэр Северын) (23.7.1851, г. Ставангер, Нарвегія —20 ці 21.11.1909),

дацкі жывапісец-рэаліст. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1864—70), працаваў у майстэрні Л.​Бана ў Парыжы. У творах імкнуўся перадаць рухі, святло-паветр. асяроддзе і яго ўздзеянне на форму прадметаў: «Чыстка сардзін у Канкарна ў Брэтані» (1879), «Вясковы капялюшнік у Італіі» (1880), «Рыбакі на беразе мора» (1883), «Пасяджэнне Акадэміі навук» (1897). Аўтар партрэтаў Розенёрн-Лен (1891), Х.​Драхмана (1902) і інш.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРА́ВІЧУС ((Aleksandravičius) Пятрас Повіла) (н. 21.10.1906, с. Кросна Лаздзійскага р-на, Літва),

літоўскі скульптар. Нар. мастак Літвы (1956). Вучыўся ў Каўнаскай маст. школе (1928—33). З 1941 выкладаў у Вільнюскай маст. акадэміі, з 1945 — у Вільнюскім маст. ін-це, з 1951 — у Маст. ін-це Літвы (праф. з 1946). Аўтар партрэтаў Ю.​Жэмайтэ (Дзярж. прэмія СССР 1951), Э.​Межэлайціса (1963), рэжысёра Ю.​Мільцініса (1972); дэкар. кампазіцый «Дзяўчына з кветкамі» (1948), «Рыбакі» (1955); помніка А.​Венуалісу ў г. Анікшчай (1982) і інш.

П.Александравічус. Партрэт рэжысёра Ю.​Мільцініса. Гіпс. 1972.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)