комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс.км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.
Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.
На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСАРО́ ((Pissarro) Каміль Жакоб) (10.7.1831, в-аў Сент-Томас, ЗША — 13.11.1903),
французскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў майстэрні А.Мельбі, Школе прыгожых мастацтваў і акадэміі Сюіса ў Парыжы (1855—61). Зазнаў уплывы Дж.Констэбла, К.Каро, Ж.Ф.Міле, у 2-й пал. 1880-х г. — неаімпрэсіянізму і пуантылізму. Майстар пейзажа, у якім праз сціплыя вясковыя ландшафты выяўляў паэзію і прыгажосць прыроды Францыі: «Дарога ў Раканкур», «Сена ў Марлі» (абодва 1871), «Уезд у вёску Вуазен» (1872), «Дарога з Жызора ў Пантуаз, снягі» (1873), «Узараная зямля», «Пейзаж у Пантуазё» (абодва 1874) і інш. З 1890-х г. звяртаўся і да адлюстравання жыцця гар. вуліц: «Вялікі мост, Руан», «Мост Буальдэ ў Руане, захад сонца» (абодва 1896), «Бульвар Манмартр у Парыжы» (1897), «Оперны праезд, эфект снегу», «Плошча Французскага тэатра, эфект дажджу» (абодва 1898), «Сад Цюільры, туман» (1900), «Царква Сен-Жак у Дзьепе» (1901) і інш. Творы вызначаюцца мяккасцю і багаццем колеравай гамы, тонкай перадачай святлаценю, эфектам празрыстасці і вільготнасці паветра. Працаваў таксама ў тэхніках акварэлі, малюнка, афорта і літаграфіі. Іл.гл. да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Юденич И.В. Пейзажи Писсарро в Эрмитаже. Л., 1963;
Герман М. Писсарро: [Альбом]. Л., 1973;
Камиль Писсарро: Письма. Критика. Воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЛЬ ((Corneille) П’ер) (6.6.1606, г.Руан, Францыя — 1.10.1684),
французскі драматург, найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1647). Літ. дзейнасць пачаў з вершаў (зб. «Паэтычная сумесь», 1632). Першая спроба ў жанры камедыі — «Меліта» (паст. 1629), у жанры трагедыі — «Медэя» (паст. 1635). Пасля пастаноўкі трагедыі «Сід» (1637), якая прадэманстравала складанасць духоўнага свету чалавека, прыярытэт розуму, свядомасці і стала ўзорным творам класіцызму, эталонам прыгожага ў франц. культуры, К. пачалі называць «Вялікі Карнель». Аўтар трагедый «першай манеры» («Гарацый», паст. 1640; «Цына», паст. 1640—41; «Паліеўкт», паст. 1641—42), для якіх характэрны раўнавага асабістага і грамадзянскага, агульначалавечага і патрыятычнага, вытрыманасць у эстэт. законах класіцызму. У трагедыях «другой манеры» («Радагуна», паст. 1644—45; «Іраклій», паст. 1646; «Нікамед», паст. 1651; «Пертарыт», паст. 1651) акцэнт зроблены на асабістым пачатку, больш складанай стала інтрыга, з’явіўся матыў антаганістычнасці інтарэсаў асобы і дзяржавы, узмацніўся момант ірацыянальнасці, што сведчыла пра ўплыў барока. Трагедыям «трэцяй манеры» («Эдып», паст. 1659; «Серторый», паст. 1662; «Сафанісба», паст. 1663; «Агон», паст. 1664; «Атыла»; паст. 1667; «Ціт і Берэніка», паст. 1670) уласцівы рэзкі крэн у бок дзяржаўнага, ператварэнне героя ў «функцыю» грамадства, што і абумовіла заняпад творчасці К. і правал трагедыі «Сурэна» (паст. 1674).
Тв.:
Рус.пер. — Театр. Т. 1—2. М., 1984;
Избр. трагедии. М., 1956.
Літ.:
Адан А. Театр Корнеля и Расина // Театр французского классицизма: Пер. с фр.М., 1970;
Кржевский Б.А. Театр Корнеля и Расина // Кржевский Б.А. Статьи о зарубежной литературе. М.; Л., 1960;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,
від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.
Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.Камінскі (1976), А.Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.Колюшаў (1965, 1967), В.Быкаў (1967, 1969), В.Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.Ісаеў (1976, 1980), Л.Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).