Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г.Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.
Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. на правым беразе р. Гаражанка, на процілеглым баку ад г. Гарадок Віцебскай вобл. Меў форму пяцівугольніка, быў умацаваны ровам і валам, паўн.-зах. ўчастак замчышча прыкрывала балота, адкуль выцякаў і ўпадаў у абарончы роў ручай. Праз кожныя 20 м крапасной агароджы размяшчаліся бастыёны, сляды якіх выяўлены з паўн. і ўсх. бакоў. Знойдзены нязначныя фрагменты посуду і інш. рэчаў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Рыта (бас.р.Зах. Буг). Даўж. 30,5 км. Пл. вадазбору 602 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Арэхава, з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага воз., у выніку меліярац. работ выток ракі засыпаны). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. На рацэ — г. Маларыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЗІЯ (Alesia),
старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕН (ням. Graben літар.роў),
выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
сістэма абарончых збудаванняў у г.Быхаў у 16—18 ст.Буд-ва ўмацаванняў, як і Быхаўскага замка, пачата ў 1590 уладальнікам Быхава Я.К.Хадкевічам, скончана пасля 1625 пры новым уладальніку горада Л.Сапегу. Уключалі земляны вал (даўж. 800 м, выш. 7—8 м, шыр. ў аснове да 30 м) з бастыёнам, равелінамі і мураванымі ўязнымі брамамі, амаль такой жа даўжыні абарончы роў, у якім пастаянна была вада. Меліся брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўн. частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўд. частцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕЛІ́Н (франц. ravelin),
дапаможнае фартыфікацыйнае збудаванне трохвугольнай формы, размешчанае перад крапасным ровам паміж бастыёнамі. Уяўляў сабой мураваную (цагляную) агароджу з казематамі для стралкоў або складаўся з рова і вала (звычайна з мураванай абліцоўкай). Прызначаўся для прыкрыцця крапасных сцен ад артыл. агню і атак праціўніка, а таксама для сканцэнтравання войск гарнізона перад вылазкай. Выкарыстоўваўся ў 16—19 ст.
Узаемаразмяшчэнне равеліна і бастыёнаў у крапасной сцяне: 1 — равелін; 2 — курціна; 3 — крапасны роў; 4 — бастыёны; 5 — контрэскарп; 6 — пашырэнне (т.зв. плацдармы) для сканцэнтравання войск для контратакі; 7 — бруствер гласіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАПНЁВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, пахаваныя пад пародамі, генетычна не звязанымі з іх утварэннем. Трапляюцца ў тоўшчы розных кантынентальных адкладаў, сведчаць аб перапынках у асадканамнажэнні. Даюць матэрыял для пазнання і раскрыцця накіраванасці сучасных геамарфал. і глебаўтваральных працэсаў, вывучэння фактараў антрапагеннага ўздзеяння на глебы ў галацэне. У грунтах вылучаюцца афарбоўкай парод, мінералагічным складам, прысутнасцю арган. рэчыва.
На Беларусі выкапнёвыя глебы знойдзены ў антрапагенавых адкладах у керне шматлікіх свідравін, агаленнях яроў і па далінах рэк. Найбольш даследаваны ў межах Навагрудскага ўзвышша, ва ўрочышчы Цялячы роў каля г. Мсціслаў, на берагах рэк Дняпро, Віхра, у кар’ерах цагельных заводаў каля Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР РЫ́МСКІ від палявога ўмацавання стараж.-рым. войска, яго апорны пункт пры вядзенні баявых дзеянняў. Вядомы з 3—2 ст. да н.э. Будаваўся пасля кожнага дзённага пераходу, пры асадзе крэпасцей ці для працяглага размяшчэння войск (пастаянны лагер). Меў выгляд квадрата або прамавугольніка з 4 варотамі. Вакол часовага лагера рабілі роў і земляны вал з плеценымі шчытамі наверсе; пастаянны лагер умацоўвалі больш глыбокім ровам і высокім валам з частаколам, драўлянымі, радзей мураванымі вежамі. Унутры лагера ставілі роўнымі лініямі палаткі, у пастаянных лагерах — казармы. Многія пастаянныя лагеры з часам ператварыліся ў крэпасці, вакол якіх выраслі гарады. Вопыт Л.р. пазней перанялі інш. народы (гл.Лагер).