Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ,
падоўжная адмоўная форма рэльефу, утвораная ў прыродных умовах размывам або разрывам зямной паверхні. Могуць фарміравацца ў рыфтавых зонах, мець апоўзневы, саліфлюкцыйны і інш. генезіс. Штучныя Р. ствараліся з абарончымі мэтамі, часта заліваліся вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,
геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,
геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач.дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс.м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАКО́Ў РОЎ,
класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл.Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎЯ́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАЎСКІ ЗА́МАК.
Пабудаваны ў 15—17 ст. каля в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на беразе рэчкі. Па перыметры квадратнага ў плане (68 × 68 м) замчышча насыпныя валы. За імі з 3 і Пд быў вадзяны роў і яшчэ адзін меншы вал (шыр. ў аснове 4 м). На вуглах замчышча стаялі драўляныя вежы (дыяметр 8 м, не зберагліся). 3 Пн і У замак акружалі балоты, з Пд і З на адлегласці 90 м — дугападобныя вал і роў. Зберагліся зах. вал (шыр. ў аснове 10 м, у сярэдзіне ўезд у замак) і часткова паўднёвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ВУЦЬ, Роў,
рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Скрыпіца (бас.р. Прыпяць). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 269 км². Пачынаецца за 3,5 км на ПнЗ ад в. Навуць, вусце за 3,8 км на Пд ад в. Пасека. Даліна невыразная, рэчышча ад вытоку на працягу 22 км каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. Выкарыстоўваецца для напаўнення вадой сажалак рыбгаса «Чырвоная Зорка».