паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЮ́ВІЙ (ад лац. deluo змываю),
адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕКАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е,
на ПнУ Сібіры, у вярхоўях р. Калыма, у Магаданскай вобл. Расіі. Сістэма ізаляваных масіваў і кароткіх пласкаверхіх хрыбтоў. Пераважныя вышыні 1300—2000 м. Вяршыні гор купалападобныя. Паўд.-ўсх. частка адрозніваецца стромкімі схіламі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Складзена са сланцаў і пясчанікаў пермскага і трыясавага ўзросту. Радовішчы золата, волава, мінер. крыніцы. Верхнекалымскае нагор’е перасякаюць р. Аян-Юрах, Бёролёх і інш. Па далінах рэк і на схілах лістоўнічнае рэдкалессе і зараснікі кедравага сланіку, вышэй за 1200—1800 м — хмызняковая горная тундра, каменныя россыпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны ці зменены дзейнасцю чалавека; частка антрапагеннага ландшафту. Формы антрапагеннага рэльефу ўзніклі з пачаткам гасп. дзейнасці (паляўнічыя ямы, пячоры, эрозія глебаў на пашах і інш.). Свядомае пераўтварэнне рэльефу адбываецца пры меліярацыі зямель, буд-ве, рэкультывацыі парушаных ландшафтаў. Стыхійна ўзнікаюць формы антрапагеннага рэльефу ў выніку нерацыянальнага вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, буд-ва горных вырабатак, пракладкі дарог, выпрабаванняў ядз. зброі: ямы, прасяданні глебы, конусы вынасу, водмелі, рухомыя пяскі, камяністыя россыпы, кар’еры, адвалы, тэрыконы і інш.
Антрапагенны рэльеф у зоне здабычы калійных солей каля г. Салігорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ ХІНГА́Н,
горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн.ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ССЫПНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, россыпы,
скопішчы абломкавых горных парод, што ўмяшчаюць каштоўныя россыпаўтваральныя мінералы, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная і тэхнічна магчымая. Утвараюцца за кошт фіз. і хім. выветрывання і пераадкладання горных парод і карысных выкапняў. Вылучаюць Р.р. паводле генезісу: элювіяльныя, дэлювіяльныя, пралювіяльныя, алювіяльныя, літаральныя, гляцыяльныя, эолавыя; паводле часу ўтварэння: сучасныя і стараж. (выкапнёвыя); паводле ўмоў залягання: адкрытыя і пахаваныя; паводле формы пакладаў: плошча-, лінза- і стужкападобныя, пластавыя, шнурковыя і гнездавыя. Маюць важнае значэнне для здабычы золата, плаціны, алмазаў, тытану, вальфраму, волава, танталу, ніобію, торыю, гранату, горнага хрусталю, бурштыну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́Н (позналац. rubinus ад лац. ruber чырвоны),
мінерал, празрыстая чырвоная разнавіднасць карунду; каштоўны камень. Афарбоўка абумоўлена прымессю хрому (Cr3+); адценні (пурпурныя, бураватыя і фіялетавыя) звязаны з прымесямі жалеза (Fe3+) і ванадыю (V3+). Характэрна кармінава-чырвоная флюарэсцэнцыя ў сонечным і ультрафіялетавым святле. Паходжанне метасаматычнае. Прамысл. радовішчы: элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Найбуйнейшыя радовішчы Р. ў М’янме, Афганістане, Індыі і інш. Прыродныя Р. выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні 1 парадку. Р., што сінтэзуюцца ў прамысл. маштабах, выкарыстоўваюцца ў лазернай тэхніцы, ювелірнай і гадзіннікавай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),
у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч.Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
сукупнасць усіх адкладаў, якія ўтварыліся на сушы ці ва ўнутрымацерыковых вадаёмах. Паводле ўмоў намнажэння і пераўтварэння зыходнага асадку вызначаюць уласна наземныя (субаэральныя), падводныя (субаквальныя) і падлёдныя (субгляцыяльныя). Паводле дынамікі намнажэння, умоў залягання і заканамернасцей будовы вылучаюць адклады: элювіяльныя, што складаюць кару выветрывання; схілавы я, якія ўтвараюцца пры пераадкладанні прадуктаў разбурэння горных парод на схілах (дэлювій, саліфлюкцыя, абвалы, асыпкі, апоўзні); водныя (алювій, пралювій, азёрныя адклады); ледавіковыя і водна-ледавіковыя (марэны, ледавікова-рачныя, або флювіягляцыяльныя, ледавікова-азёрныя, або лімна-гляцыяльныя і інш.), эолавыя (лёсы, эолавыя пяскі); адклады, што непасрэдна звязаны з падземнымі крыніцамі (пячорныя, сталактыты, сталагміты і інш.). Асобную групу складаюць тэхнагенныя адклады (абвалы горных распрацовак, насыпы, дамбы і інш.). Ад марскіх адкладаў К.а. адрозніваюцца большай зменлівасцю саставу і нявытрыманасцю ў заляганні. К.а. змяшчаюць радовішчы вугалю, жал. руд, кааліну, вогнетрывалых глін, буд. матэрыялаў, россыпы высакародных металаў, алмазаў і інш.