кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб. характэрны для франц. і ням. кіно.
У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.Ганса, «Эльдарада» М.Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.Рутмана, серыя «Эцюды» О.Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.Клера, «Андалузскі сабака» Л.Буньюэля, «Эмак Бакія» М.Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.Дзюлака і інш.).
расійская кінаактрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1950). Герой Сац. Працы (1982). Скончыла Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтва (1930). З 1943 выкладала ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1968 праф.). У кіно з 1927. З 1934 здымалася пераважна ў фільмах С.Герасімава («Ці кахаю цябе?», 1934; «Сямёра смелых», 1936; «Камсамольск», 1938; «Настаўнік», 1939, і інш.), у якіх стварыла вобразы маладых жанчын, натхнёных ідэаламі часу, здольных на глыбокія пачуцці. У фільмах «Маладая гвардыя» (1948), «Дарога праўды» (1956), «Памяць сэрца» (1958), «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Юнацтва Пятра» (1981), «Леў Талстой» (1984) пры прастаце і стрыманасці малюнка ролі раскрыла ўнутр. свет гераінь, іх багаты жыццёвы вопыт, мудрае бачанне складаных праяў рэчаіснасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947.
Літ.:
Туманова Н.П. Т.Макарова: Творч. портрет. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТРАЯ́НІ ((Mastroianni) Марчэла) (28.9.1924, Фантана-Ліры, Італія — 19.12.1996),
італьянскі акцёр. Пачынаў у 1947 як акцёр-аматар. Іграў ва Універсітэцкім т-ры ў Рыме, запрошаны ў трупу Л.Вісконці. З 1947 у кіно. У 1960—70-я г. здымаўся ў рэжысёраў Вісконці («Белыя ночы», «Старонні»), Ф.Феліні («Салодкае жыццё», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1960; «Восем з паловай», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1963, прэмія «Оскар»), М.Антаніёні («Ноч», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1961), В.Дэ Сіка («Учора, сёння, заўтра», прэмія «Оскар» 1964; «Шлюб па-італьянску», «Сланечнікі», сав.-італьян.) і інш. Шматпланавы характарны акцёр з ярка выяўленым камедыйным талентам. У 1980—90-я г. вылучыўся выкананнем роляў у фільмах «Горад жанчын» і «Джынджэр і Фрэд» (абодва рэж. Феліні), «Вочы чорныя» (сав.-італьян., рэж. М.Міхалкоў), «Тэраса» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1980), «Прыгожае каханне», «Гатовае адзенне» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ГАЎКІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУДО́ЎКІН (Усевалад Іларыёнавіч) (28.2.1893, г. Пенза, Расія —30.6.1953),
расійскі кінарэжысёр, акцёр, тэарэтык кіно; адзін з заснавальнікаў сав. кінематаграфіі. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914), у 1922—24 вучыўся ў Дзяржкінашколе. Першыя пастаноўкі — «Шахматная гарачка» (1925, разам з М.Шпікоўскім) і «Механіка галаўнога мозга» (1926). Стварыў этапную для сав. кіно трылогію: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1928) з драм. масавымі сцэнамі, паэт. вобразамі, псіхал. распрацоўкай характараў. Сярод інш. фільмаў: «Просты выпадак» (1932), «Дэзерцір» (1933), «Перамога» (1938), «Мінін і Пажарскі» (1939, з М.Долерам), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Жукоўскі» (1950, з Д.Васільевым), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953). Выступаў і як кінаакцёр. Распрацаваў сістэму работы з акцёрам і непрафес. выканаўцам паводле сістэмы К.Станіслаўскага. Аўтар кн. «Кінарэжысёр і кінаматэрыял», «Кінасцэнарый. Тэорыя сцэнарыя» (абедзве 1926), «Акцёр у фільме» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУ́ХІН (Юрый Аляксандравіч) (н. 13.7.1938, в. Фёдараўка Сасноўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. кінааператар, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1962). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютаваў у кіно навелай «Зорка на спражцы» (1963, з А.Забалоцкім). Творчасці М. як аператара ўласціва імкненне да паэт. вобразнасці, увага да каларыстычнага і светлавога вырашэння кадра, майстэрства кампазіцыі, выразнасць партрэтных характарыстык. Найб. значныя фільмы: мастацкія — «Усходні калідор» (1967), «Чорнае сонца» (1971), «Магіла льва» (1972), «Хроніка ночы» (1973), «Пункт адліку», «Паводка» (абодва 1980), «Зацішша» (1982), «Сад» (1983), «Тры жанчыны і адзін мужчына» (1999); дакументальныя — «Салдаткі» (1974, сцэн., рэж.; аператар з А.Сіманавым), «Суд памяці» (1976), «Адам і Марыля» (1988) і інш. Рэжысёр маст. фільмаў «Радаўніца» (1984, прыз «Памяць» 17-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1990), «Уік энд з забойцам» (1992), дакументальных «Выстаўка» (сцэн. з В.Адамчыкам) і «Мы — квант» (1977; сцэн. з А.Белавусавым, аператар з А.Шклярэўскім), «Восень земляроба» (1979, сцэн. з Ф.Коневым) і інш. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі (з 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА (Акіра) (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),
нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.Брэхта і К.Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.М.Рэмарка, 1955) і інш.
Літ.:
Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.
Адбылася каля в.Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.Я.Сапегам і С.Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.А.Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс.чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.Г.Палубінскага і С.Кміціча (6 тыс.чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс.чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.