О́ПАЛЬ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад г. Іванава, 145 км ад Брэста, 31 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 785 ж., 350 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Опальская царква Параскевы Пятніцы. Каля вёскі археал. помнік Опаль. У вёсцы ў час рэв. выступлення сялян адбыўся Опальскі расстрэл 1905.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ТОРГА И ССЫ́ЛКА»,

гістарычны часопіс, орган Усесаюзнага т-ва б. паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, які выдаваўся ў Маскве ў 1921—35. Асн. раздзелы: гісторыя рэв. руху ў Расіі; катарга, турма, ссылка і эміграцыя; некралогі; бібліяграфія; хроніка. Друкаваў даследчыя артыкулы (сярод аўтараў М.М.Дружынін, М.В.Нечкіна, Я.В.Тарле), мемуары, архіўныя матэрыялы. Ёсць публікацыі (пераважна ўспаміны) пра Цётку і А.Л.Бурбіса (1923, № 5), Курлоўскі расстрэл 1905 (1926, № 4), паўстанне 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве (1924, № 3) і інш. матэрыялы з бел. гіст.-рэв. тэматыкі. Рэдактары: У.​Дз.​Віленскі (Сібіракоў; 1923—27), Ф.​Я.​Кон (1927—29), І.​А.​Тэадаровіч (1929—35). Выйшла 116 нумароў.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТУ́ЗА ((Guttuso) Рэната) (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),

італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл. АМ СССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.

Р.Гутуза. Аўтапартрэт. 1975.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ (Ісак Аронавіч) (4.12.1911, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 5.12.1993),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Рэалізмам ва ўвасабленні гіст. тэмы вызначаюцца жывапісныя творы «Курлоўскі расстрэл» (1939), «Партызаны на прывале» (1948), «Паміж баямі» (1965), «Нарачанская быль» (1967), «Першадрукар Францыск Скарына» (1968), псіхалагізмам і жыццёвасцю вобразаў — творы быт. жанру «Карагод» (1937), «Маці» (1954), «Хакеісты» (1975) і інш. Сярод твораў манум.-дэкар. жывапісу размалёўка плафона «Дружба народаў» для Рэсп. т-ра юнага гледача (1955, з І.​Ахрэмчыкам), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з зарубежнымі краінамі (1956, з Ахрэмчыкам).

П.​В.​Масленікаў.

І.Давідовіч. Хакеісты. 1975.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РА ПАКАРА́ННЯ ў крымінальным праве,

пакаранне пэўнага віду і памеру, якое назначана асуджанаму на падставе санкцыі канкрэтнай нормы крымін. закона, па якой кваліфікавана ўчыненае злачынства. КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае М.п.: арышт, пазбаўленне волі, папраўчыя работы без пазбаўлення волі, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штраф, звальненне з пасады, грамадскае ганьбаванне. За некаторыя асабліва цяжкія злачынствы як выключная М.п. дапускаецца пакаранне смерцю (расстрэл). За асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца таксама пажыццёвае зняволенне. Да ваеннаслужачых тэрміновай службы можа таксама выкарыстоўвацца як М.п. накіраванне ў дысцыплінарны батальён. Да асуджаных могуць ужывацца таксама дадатковыя М.п.: канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне воінскага або спец. звання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЕР (Гаўрыла Сямёнавіч) (6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),

бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.​Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.​Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),

адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.

М.​В.​Біч, Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ВАЎ (Аляксандр Віктаравіч) (20.12. 1878, с. Вял. Матавілаўка Фастаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 23.2.1951),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1946). Акад. АМ СССР (1949). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1902). У 1902—50 выкладаў у маст. навуч. установах Масквы і Цверы. Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1904; гл. Перасоўнікі), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). Пісаў жанравыя і гіст. кампазіцыі, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Маці» (1902), «Збор бульбы» (1904), «Л.​М.​Талстой у сваім кабінеце ў Яснай Паляне» (1909), «Дзекабрысты ў Чыце» (1911), «Пасяджэнне камітэта беднаты» (1920), «На прызыўным пункце» (1926), «У валасным загсе» (1928), «Ленскі расстрэл у 1912 годзе» (1937) і інш.

А.Мараваў. У валасным загсе. 1928.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (16.5.1921, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 30.6.1993),

бел. краязнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў БДУ. У 1939 настаўнік у г. Гудаута (Абхазія), беспадстаўна рэпрэсіраваны. У 1950 вярнуўся на радзіму, працаваў у вясковай б-цы, дырэктарам Дома культуры ў Крычаве. Ў 1961—82 дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея (з 1982 навук. супрацоўнік). Аўтар кніг «З сям’і сакалінай» (1973), «Атакуючае юнацтва» (1980), «Ішоў край наш шляхам стагоддзяў» (1987), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Барацьба і творчасць» (1967), «Песню вялі на расстрэл» (1968), артыкулаў пра выдатных дзеячаў, герояў бел. народа ў зб. «У рэдакцыю не вярнуўся...» (1964), «Мы не забылі вас, хлопцы» (1968), «Пабрацімы Матросава» (1984). Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (1968).

Н.​М.​Марозава.

М.П.Мельнікаў.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.​Р.​Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.​Горкага і драматургіі Л.​Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)